Эстонская кухня
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эсто́нская ку́хня — традыцыі прыгатавання ежы і нацыянальныя стравы эстонцаў. Пачаткова была заснаваная на мясе і бульбе, а на ўзбярэжжах і ля азёраў — таксама і на рыбе. Моцны ўплыў на эстонскую кухню ў розныя часы аказалі нямецкая, шведская і руская кухні. Параўнальна з латышскай і літоўскай, эстонская кухня больш «марская». Сярод нацыянальных страваў Эстоніі можна назваць аржаны хлеб, свініну, бульбу і малочныя прадукты.
Харчовая сыравіна, тэхналогія і кампазіцыйныя прыёмы эстонскай кухні даволі простыя, смак натуральны. З сыравіны найбольш характэрнымі з'яўляюцца бульба, рыба (асабліва салака), свініна і мясныя субпрадукты, малако, вяршкі, капуста, гарох, крупа і чорны хлеб. Ежа простая і пажыўная, часам тлустая. У традыцыйнай эстонскай кухні прадукты пераважна варацца ў вадкім асяродку, смажанне ўжываецца рэдка. Эстонская кухня мала выкарыстоўвае спецыі і вострыя прыправы. Акрамя солі і цыбулі традыцыйна ўжываліся кроп, пятрушка і кмен; маяран у крывянку, лаўровы ліст і духмяны перац у халадзец. Асаблівасць смаку дасягаецца ў выніку незвычайных спалучэнняў харчовай сыравіны (рыба са свіным салам, гарох з малаком). Агульны смак і водар эстонскай кухні — натуральны, крыху кіслявы, малочны.