From Wikipedia, the free encyclopedia
Шоа, шау, або шува (араб. شوا), таксама адносяцца да бакара (араб. البقارة) — культурна-моўная група арабаў у Афрыцы. Жывуць у Чадзе, Камеруне, ЦАР, Нігеры. Агульная колькасць (2023 г.) — 4 101 000 чалавек.[1]
Шоа (شوا) | |
Фота 1918 г. | |
Агульная колькасць | 4 101 000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Цэнтральная Афрыка, Заходняя Афрыка |
Мова | арабская мова |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | іншыя арабы |
Назва шоа паходзіць ад наймення возера Чад, вакол якога першасна рассяляліся прадстаўнікі групы. Іх таксама адносяць да лінгвістычнай групы бакара (літаральна «пастухі»), якая аб'ядноўвае шоа з суданскімі групамі арабаў, што лічацца нашчадкамі арабаў з мясцовымі афрыканскімі народамі. Шоа падзяляюцца на некалькі плямёнаў з асабістай генеалогіяй.
Паводле паданняў саміх шоа, іх продкамі былі бедуіны, што перасяліліся ў Цэнтральную Афрыку з Аравіі праз тэрыторыі сучасных Егіпта і Судана. Як асобная група яны маглі сфарміравацца ў XVII ст. у выніку змяшэння з фульбэ.
Чадскія арабы традыцыйна сумяшчаюць паўкачавую жывёлагадоўлю з абрашальным земляробствам. Трымаюць кароў, авечак, коз. Шоанская парода кароў адрозніваецца невялікімі памерамі і цягавітасцю. Вырошчваюць проса, бавоўнік, арахіс, гародніну. Шоа — выдатныя рамеснікі, асабліва славяцца перапрацоўкай металаў. У мінулым важную ролю адыгрываў пасрэдніцкі гандаль з суседнімі плямёнамі, у тым ліку рабамі. Афіцыйна рабства было забаронена ў канцы XIX ст.
Шоа звычайна селяцца ўздоўж водных крыніц, што дазваляе ім адначасова займацца як жывёлагадоўляй, так і земляробствам. Хаця земляробства мае найбольш важную ролю, трыманне статкаў дае значны прэстыж, паколькі свойская жывёла разглядаецца як сімвал эканамічнага дабрабыту. Распаўсюджаны часовая арэнда сельскагаспадарчых зямель або займанне зямельных надзелаў у абмен на прадукты і паслугі. У паўночным Камеруне такая практыка прывяла да працяглага канфлікту з катока, фармальнымі маёмаснікамі зямель. У іншых месцах назіраюцца канфлікты з іншаэтнічнымі жывёлагадоўцамі з-за вадапояў. Жывуць у плеценых каркасных хацінах, часцяком абмазаных глінай.
Аснова традыцыйнага грамадства — племя, што злучае асобныя сем'і з агульным паходжаннем па мужчынскай лініі. Знутры плямёны сацыяльна не аднастайныя. Вылучаюцца пашыраныя сем'і з высокім і нізкім статусам, вызначаным паходжаннем. Улада шэйхаў, правадыроў плямён, перадаецца па спадчыне. Распаўсюджана палігінія, калі мужчына мае права мець да 4 жонак. Дзеці ад шлюбаў з прадстаўніцамі мясцовых народаў заўсёды ніжэй па статусу за дзяцей ад арабскіх жанчын.
Асноўная рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Тым не меней, распаўсюджаны вера ў злых і добрых духаў, фантастычных істот, магію.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.