From Wikipedia, the free encyclopedia
Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі — вышэйшы орган дзяржаўнай улады Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ, БССР) з 1 студзеня да 2 лютага 1919 года. Сфарміраваўся ў ходзе нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі ў форме савецкай рэспублікі.
Палітычныя, эканамічныя і ідэалагічныя асновы дзейнасці першага савецкага ўрада Беларусі склалі ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1917), «Дэкларацыі правоў народаў Расіі», «Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа». Яго перадумовай стала пастанова кіраўніцтва беларускіх секцый РКП(б) (21-23.12.1918, Масква) аб неабходнасці абвяшчэння Беларусі рэспублікай і стварэння рабоча-сялянскага ўрада. Выбранаму для гэтага канферэнцыяй Цэнтральнаму бюро беларускіх секцый было даручана аб’яднаць намаганні камуністаў у справе будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Пра рашэнні канферэнцыі стала вядома ЦК РКП(б), СНК і ВЦВК РСФСР, якія вылучалі спецыяльных прадстаўнікоў для абмеркавання з дзеячамі Беларусі неабходных палітычных і арганізацыйных мерапрыемстваў. На фарміраванне беларускага ўрада ўплывалі абмежаваны час для пошуку неабходных кандыдатур, недаацэнка нацыянальнага пытання Аблвыкамзахам (кіруючы орган заходняй вобласці, у якую ўваходзіла Беларусь), пэўны палітычны недавер з боку Аблвыкамзаха да членаў Беларускіх секцый РКП(б) і Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома).
Пытанні колькаснага і персанальнага складу беларускага ўрада, яго функцый, структуры папярэдне абмяркоўваліся 25.12.1918 у Маскве наркомам па справах нацыянальнасцей І. В. Сталіным з прадстаўнікамі Цэнтральнага бюро беларускіх секцый, камітэта Маскоўскай беларускай секцыі РКП(б), адказнымі супрацоўнікамі Белнацкома, 27.12.1918 — з кіруючымі асобамі Аблвыкамзаха А. Ф. Мясніковым і М. І. Калмановічам. На апошняй сустрэчы разглядаліся таксама тэзісы І. Сталіна (сутнасць іх — у імкненні да аўтанамізацыі нацыянальных рэспублік).
VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рашэнне аб утварэнні БССР, даручыла абранаму на ёй Цэнтральнаму Бюро КП(б)Б правесці арганізацыйную работу па зацвярджэнні членаў урада. Не раз мяняўся яго колькасны склад (15, 17, 19 чал.).
Ад Беларускіх секцый РКП(б) і Белнацкома ва ўрад увайшлі 7 чалавек, ад Аблвыкамзаха — 12. Старшыня ўрада — З. Х. Жылуновіч (Ц. Гартны), члены ўрада (камісары): замежных спраў — У. С. Фальскі, нацыянальнасцей — Ф. Г. Шантыр, народнай асветы — А. Р. Чарвякоў, ваенных спраў — А. Ф. Мяснікоў, фінансаў — І. І. Рэйнгольд, харчавання — М. І. Калмановіч, земляробства — А. А. Андрэеў, унутраных спраў — С. В. Іваноў, працы — В. Л. Дыла, сацыяльнага забеспячэння — Дз. С. Чарнушэвіч, аховы здароўя — І. І. Пузыроў, поштаў і тэлеграфаў — К. Ф. Разенталь, шляхоў зносін — І. П. Савіцкі, юстыцыі — А. І. Квачанюк, дзяржаўнага кантролю — С. І. Берсан, старшыні Савета народнай гаспадаркі (СНГ) — Р. В. Пікель, Цэнтрапленбежа — Р. П. Найдзёнкаў, Надзвычкома — В. І. Яркін. Кіраўніком спраў урада прызначаны В. Г. Кнорын, сакратарамі — А. М. Антанікоўскі і Г. Д. Антонаў. На пасяджэнні ўрада абраны Прэзідыум з 3 чал.: З. Жылуновіч (старшыня), А. Мяснікоў, М. Калмановіч. Упершыню поўны склад урада надрукаваны 15.1.1919 у газеце «Звезда».
Друкаваным органам урада стала газета «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», якая выходзіла на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай (ідыш) мовах. 1 студзеня 1919 З. Жылуновіч, А. Мяснікоў, І. Рэйнгольд, А. Чарвякоў, С. Іваноў падпісалі Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Гэты дзень стаў днём нараджэння ССРБ і яе ўрада.
Маніфест дэклараваў палітычныя, эканамічны і сацыяльныя асновы новай краіны, ануляваў пастановы, дагаворы, загады і распараджэнні акупацыйных улад, аб’яўляў па-за законам Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, утвораную 25.3.1918.
Адным з галоўных кірункаў эканамічнай палітыкі ўрад называў нацыяналізацыю памешчыцкіх, манастырскіх і царкоўных зямель, пераход у рукі дзяржавы лясоў, чыгункі, поштаў і тэлеграфаў, фабрык, заводаў, банкаў; устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень. Яго абнародаванне адбылося ў газеце «Звезда» (3.1.1919), «Жизнь национальностей» (5 студзеня 1919), «Известия Витебского губернского Совета…» (10.1.1919). Усе пасяджэнні ўрада адбываліся ў Мінску: 7, 11, 16, 17, 21 і 27.1.1919.
3-за розных поглядаў З. Жылуновіча і А. Мяснікова [з 1.1.1919 старшыня ЦБ КП(б)Б, з 21.1.1919 старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага Савета БССР] на асаблівасці самавызначэння Беларусі, узаемаадносіны ўрада і партыйнага кіраўніцтва, некаторыя кадравыя пытанні Масква прызначыла ўпаўнаважаных пры ўрадзе і ЦБ КП(б)Б: адпаведна Д. Ю. Гопнера — ад СНК РСФСР, А. А. Іофе — ад ЦК РКП(б). 3 гэтага моманту І. Сталін адышоў на другі план.
Інтарэсы ўрада ў СНК РСФСР прадстаўляў Белнацком. Незалежнасць Беларусі як дзяржавы ВЦВК РСФСР прызнаў толькі 31 студзеня 1919. У ліку першых дзяржаўных актаў былі ўрадавыя пастановы аб дзейнасці ў пераходны перыяд дэкрэтаў і пастаноў РСФСР (10.1.1919), пераходзе ўлады ў БССР у рукі часовага ўрада, скасаванні Аблвыкамзаха і Мінскага губрэўкома (19.1.1919).
27 студзеня 1919 прыняты дэкрэт аб фактах матэрыяльных і культурных страт Беларусі ў перыяд яе акупацыі германскімі войскамі, 29 студзеня 1919 — дэкрэт аб нацыяналізацыі аптэк. 3 1.2.1919 у Беларусі ўстанаўліваўся петраградскі час з пераводам стрэлак на 1 гадзіну наперад.
Значную ўвагу беларускі ўрад аддаваў крыніцам фарміравання бюджэту і яго размеркаванню. Крыніцы заставаліся тыя, што існавалі ў губернскіх бюджэтаў: адлік ад усіх відаў падаткаў, пазыкі. Пры ўрадзе дзейнічала спецыяльная бюджэтна-фінансавая камісія з прадстаўнікоў камісарыятаў фінансаў, унутраных спраў, дзяржаўнага кантролю для дакладнага і справядлівага размеркавання грошай. Для выканання аднаўленчых работ Беларусі патрэбен быў крэдыт у суме 25 млн руб., але атрымала яна толькі 10 млн. 3 улікам усіх відаў фінансавых паступленняў грашовыя сродкі атрымалі камісарыяты харчавання (18 млн руб.), сацыяльнай дапамогі (5 млн руб.), юстыцыі (1 млн. 363 тыс. руб.), аховы здароўя і земляробства (па 500 тыс. руб.), замежных спраў (10 тыс. руб.).
Ажыццявіць больш значную працу ў аграрным сектары ўрад не змог з-за адхілення членамі ЦБ КП(б)Б 2.1.1919 тэзісаў А. Андрэева па зямельным пытанні, у якіх прапаноўваўся план эвалюцыйнага пераходу ад прыватнай да калектыўнай форм зямельнай уласнасці. Камісарыят земляробства арганізаваў закупку насення ў цэнтры Расіі да веснавой сяўбы, зацвердзіў цэны на лясныя матэрыялы, што адпускаліся насельніцтву, накіраваў цыркуляр губернскім аддзелам рэспублікі і павятовым зямельным аддзелам Мінскай губерні пра парадак выканання законаў урадаў РСФСР і БССР, распараджэнняў Камісарыята земляробства БССР і абскарджання рашэнняў зямельных органаў. 23.1.1919 ён выдаў цыркуляр аб узаемаадносінах валасных зямельных аддзелаў і харчовых органаў пры рэквізіцыі хлеба. Прынятыя меры абаранялі інтарэсы сялян беднякоў і сераднякоў. 27.1.1919 зямельным аддзелам Мінскай губерні накіраваны правілы дзейнасці батрацкіх камітэтаў, створаны насенны фонд БССР.
Пра работу Камісарыята харчавання сведчыць разгляд ім пытанняў аб зняцці перашкод на ўвоз у Мінск і Мінскую губерню харчовых прадуктаў, арганізацыі Мінскага харчовага камітэта і кааператыўнай камісіі пры камісарыяце, рэгуляванні гандлю на тэрыторыі Мінскай губерні, падпарадкаванні камісарыяту рэквізаваных гандлёвых устаноў Мінска і інш.
Камісарыят асветы ўстанавіў сувязі з Наркаматам асветы РСФСР у пазашкольнай адукацыі, выдаткаваў сродкі на заснаванне ў Мінску і іншых губернскіх цэнтрах савецкіх тэатральных устаноў. 16.1.1919 Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў паведаміў пра аднаўленне паштовай і тэлеграфнай сувязі Мінска з Баранавічамі і іншымі гарадамі заходняй часткі Беларусі. СНГ прыняў пастановы аб нацыяналізацыі прамысловасці.
Канфрантацыя ЦБ КП(б)Б з урадам вылілася ў намаганні ЦБ прыняць 20.1.1919 новую структуру беларускага ўрада. 3 18 камісарыятаў павінны былі застацца 7, астатнія пераўтвараліся ў аддзелы. Спробу ЦБ КП(б)Б рэстаўрыраваць Аблвыкамзах не падтрымалі ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. Адсутнасць належнага супрацоўніцтва ЦБ КП(б)Б і ўрада была выклікана пэўным непаразуменнем паміж абодвума бакамі. А. Мяснікоў, В. Кнорын, Р. В. Пікель. Калмановіч і інш. адмаўлялі права нацыянальнасцей на самавызначэнне.
Урад узначаліў БССР у межах Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. 16.1.1919 ЦК РКП(б) без папярэдніх кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі прыняў пастанову аб аддзяленні ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. У сувязі з гэтым 22.2.1919 З. Жылуновіч, А. Квачанюк, Дз. Чарнушэвіч, Я. Дыла, Ф. Шантыр, У. Фальскі, А. Чарвякоў і І. Пузыроў накіравалі сваё пісьмо-пратэст упаўнаважанаму ЦК РКП(б) А. Іофе. Намаганні ўрада былі падтрыманы членамі ЦБ КП(б)Б. Масква ў асобе старшыні УЦВК Я. Свярдлова не толькі пацвердзіла сваё рашэнне, але і паведаміла пра хуткае аб’яднанне БССР з Літоўскай савецкай рэспублікай.
Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад спыніў існаванне ў перыяд работы Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2—3.2.1919, Мінск), які прыняў Канстытуцыю і выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.