From Wikipedia, the free encyclopedia
Фелікс Ражанскі (польск.: Feliks Różański; 1838, Бераставіца, Гродзенскі павет — пасля 1903) — беларускі паэт, мемуарыст, удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг.
Фелікс Ражанскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1838 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1903 |
Месца смерці | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мемуарыст, паэт |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах |
Паходзіў са шляхецкага роду Ражанскіх герба «Порай». Нарадзіўся ў 1838 г. у Бераставіцы Гродзенскага павета. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай прыхадской школе (настаўнік Мацвей Гірэнь), потым вучыўся ў Беластоцкай гімназіі[1].
Служыў як афіцэр Ваўкавыскага і Бельскага аддзелаў межавых спраў. Быў каморнікам, займаўся вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў Ваўкавыскага і Бельскага паветаў, рабіў здымкі мясцовасці. У пачатку 1860-х гг. кіраваў хатняй маёмасцю графа Касакоўскага (1795—1872)[1].
Першыя сустрэчы Ражанскага з К. Каліноўскім маглі адбыцца ў 1861 г. у Беластоку, дзе праходзіў службу Ф. Ражанскі. У 1861 г. увайшоў у Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю К. Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газеты «Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод сялян[1].
У 1863 г. у паўстанцкіх атрадах В. Урублеўскага, які кіраваў Сакольскім, Беластоцкім, Бельскім паветамі. Ю. Бялыня Халадзецкі паведамляе пра 11 стычак 1863 г., у якіх удзельнічаў Фелікс Ражанскі, у тым ліку і пад Міхалінам (14 мая, Гродзенскі павет, зараз Бераставіцкі р-н)[1].
Пасля паўстання эміграваў у Кракаў, дзе ажаніўся. Выязджаў у Парыж і выдаў там кнігу на польскай мове «Аб свавольніцтвах сялянскага люду ў Польшчы» (1863 г.). У кнізе ўказваў на слабыя бакі студзеньскага маніфеста, абвешчанага ў Варшаве, успамінаў рэвалюцыйныя падзеі 1863 г[1].
У 1890-х гг. арандаваў маёнткі ў Галіцыі (Заходняя Украіна), дзе і пражываў да апошніх дзён[1].
Аўтар паўстанцкіх песень на беларускай мове «Гэй-га разам, хлопцы…», «Ах ты, мая чарнабрыва…» (апубл. ў 1865 г. былым паўстанцам І. Арамовічам) і інш., успамінаў «3 Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэвалюцыйнага руху 1860-х г. на Гродзеншчьше, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі К. Каліноўскага.
Паэтычную спадчыну Ф. Ражанскага апублікаваў Ігнацій Арамовіч, настаўнік Беластоцкай гімназіі і ўдзельнік паўстання, у кнізе «Летуценні: дзённік аб партызанскім руху ў Гродзенскім ваяводстве ў 1863—1864 гг.»[1].
У гонар Фелікса Ражанскага названая вуліца ў Вялікай Бераставіцы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.