Усебеларускі народны сход
From Wikipedia, the free encyclopedia
Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў урада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых галін дзяржаўнага сектара. У 1996-2021 гадах адбываўся кожныя пяць гадоў перад або пасля чарговых прэзідэнцкіх кампаній у мінскім Палацы Рэспублікі. На сходы вылучаліся дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складаў каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне сходаў, ажыццяўляў іх фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пачынаючы з другога сходу колькасць удзельнікаў дасягала 2500 чалавек, у тым ліку ад Мінска — 400, ад кожнай вобласці — па 350. Дзеная ўлада ацэньвала сходы як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркавання найзначнейшых пытанняў жыцця дзяржавы, параўноўвала іх з народным вечам.
Версія Канстытуцыі Беларусі, устаноўленая праз рэферэндум 2022 года, прадугледжвае рэгулярнае скліканне Усебеларускага народнага сходу (УНС), якому нададзены новыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз на год, памер яго абмежаваны 1200 дэлегатамі (прадстаўнікамі ўсіх галін улады і «грамадзянскай супольнасці»). Першае скліканне УНС паводле новых правіл запланавана на 2024 год.