рака ў Беларусі, прыток Дзвіны From Wikipedia, the free encyclopedia
У́ла, або Улья́нка — рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах Беларусі, левы прыток Заходняй Дзвіны. Адносіцца да Бярэзінскай воднай сістэмы[1].
Ула | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 123 км |
Басейн | 4 090 км² |
Расход вады | 25,4 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | в. Лепельскае |
• Вышыня | 145,4 м |
• Каардынаты | 54°53′26,26″ пн. ш. 28°41′40,41″ у. д.HGЯO |
Вусце | р. Заходняя Дзвіна |
• Каардынаты | 55°14′12,32″ пн. ш. 29°14′11,94″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Заходняя Дзвіна → Рыжскі заліў |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўжыня ракі 123 км. Вадазбор 4090 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 25,4 м³/с. Агульнае падзенне ракі 30,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4‰. Густата рачной сеткі 0,43 км/км².
Выцякае з Лепельскага возера на паўночнай ускраіне горада Лепель, вусце каля аграгарадка Ула Бешанковіцкага раёна. З Лепельскага возера Ула цячэ на ўсход, потым за Чашнікамі крута паварочвае. Адлегласць паміж рэчышчам Улы ў верхнім і ніжнім цячэнні складае 1214 м. Тут у свой час быў пракапаны Чашніцкі канал, які цяпер страціў сваё значэнне. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне. Упадае ў Заходнюю Дзвіну каля пасёлка Ула.
Веснавое разводдзе з 3-й дэкады сакавіка да сярэдзіны мая, сярэдняя працягласць 56 сутак. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найбольшае 7,3 м. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка.
Даліна асіметрычная, трапецападобная, да вёскі Промыслы Бешанковіцкага раёна скрынкападобная; яе шырыня 300—600 м, найбольшая да 1 км у сярэднім цячэнні, найменшая 100 м у верхнім цячэнні. Пойма чаргуецца па берагах, яе шырыня 50—100 м, ніжэй 200—400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м.
Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй умерана звілістае (шырыня 30 м, месцамі 40—50 м).
У басейне Улы знаходзяцца азёры: Лепельскае, Лукомскае, Сялява, Жэрынскае, Бярэшча, Окана, Жэжліна, Бораўна, Гарнасвечча, Плацішна, Ямнае, Павулле, Нюля, Люкшына, Хоціна, Хоцінскае, Рыбанец, Нізгалаўе, Огзіна, Глыбочыца, Смальянскае, Чэрцы, Воласна, Му́хна, Забельскае, Некалач, Антошава, Вербнае і інш.
Гідралагічны рэжым Улы вывучаўся з 1876 года на 9 гідралагічных пастах (на Лепельскай ГЭС з 1958, у вёсцы Промыслы — з 1927 года)[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.