Сіндарын
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сі́ндарын (кв. Sindarin) — адна з выдуманых моў, распрацаваных Дж. Р. Р. Толкінам. У легендарыўме з’яўляецца адной з эльфійскіх моў — гаворкай сіндар.
Слова сіндарын перакладаецца з квэнья як «шэрая гаворка».
Сіндарын, які быў мовай «шэрых эльфаў», з’яўляўся асноўнай гаворкай сіндар. Яны былі эльфамі з племені тэлеры, якія засталіся ў Белерыяндзе падчас Вялікай вайны. Іх мова пачала адрознівацца ад мовы эльфаў іншых плямёнаў, якія сплылі за мора.
Сіндарын паходзіць ад больш ранняй формы мовы, якая называецца агульны тэлерын і паходзіць ад агульнай эльфійскай мовы эльдар да яе падзелу.
Падчас Трэцяй эпохі, паводле «Уладара пярсцёнкаў», сіндарын быў асноўнай мовай зносін эльфаў заходняй часткі Серадзем’я. Менавіта сіндарын — тая мова, якая ва «Уладары пярсцёнкаў» мае назву эльфійскай.
Калі нолдар, якія размаўлялі на квэнья, вярнуліся ў Серадзем’е, яны пачалі размаўляць на сіндарыне, каб схіліць на свой бок караля сіндар Элу Цінгала. Квэнья і сіндарын да гэтага былі падзелены ў прасторы, і хаця мелі шмат агульных словаў, у іх былі вялікія адрозненні ў граматыцы.
Сіндарын змяніўся больш за квэнья, у выніку чаго ўжо падчас Першай эпохі з’явілася некалькі дыялектаў. Дыялект, якім карысталіся ў Дарыяце, месце, дзе жыў Цінгал, быў прызнаны шматлікімі Шэрымі Эльфамі найбольш велічным.
Падчас Другой эпохі даволі шмат людзей, якія жылі на востраве Нуменор, маглі добра размаўляць на сіндарыне. Іх нашчадкі, дунэдайн Гондара і Арнора, працягвалі размаўляць на сіндарыне падчас Трэцяй эпохі.
У якасці сістэмы пісьменства сіндарын спачатку выкарыстоўваў кірт, рунічную сістэму эльфаў Белерыянда, да пачатку вяртання нолдар у Серадзем’е. Пасля гэтага яны выкарыстоўвалі тэнгвар.
Толкін падчас стварэння сіндарына выкарыстоўваў валійскую мову,[1] таму прыдуманая ім мова валодае адной цікавай асаблівасцю — мутацыямі зычных, падобнымі да тых, якія існуюць у кельцкіх мовах.[2] Таксама на сіндарын адбыўся ўплыў старажытнаанглійскай і старажытнаскандынаўскай моў[2].
Слова сіндарын на самой справе квэнійскае. Адзіная вядомая саманазва сіндарына — эглатрын (Eglathrin).[3] Хутчэй за ўсё, гэта назва выкарыстоўвалася толькі падчас Першай эпохі.