Сілезія (правінцыя)
правінцыя Прусіі From Wikipedia, the free encyclopedia
правінцыя Прусіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Сілезія (ням.: Schlesien), неафіцыйна таксама Пруская Сілезія (ням.: Preußisch-Schlesien) — пруская правінцыя са сталіцай у горадзе Брэслау. У 1919—1938 гады і ў 1941—1945 гады Пруская Сілезія была падзелена на дзве правінцыі — Верхнюю і Ніжнюю Сілезію. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучаснай Польшчы і толькі вельмі невялікая яе заходняя частка знаходзіцца ў Германіі, уваходзячы ў склад федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц).
Сілезія Schlesien | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
Правінцыя Сілезія ў граніцах 1871 года |
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца | Брэслау | |||
Плошча | 37 013 км² (1939) | |||
Насельніцтва | 4 868 764 чал. (1939) | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пасля таго як брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых III Гогенцолерн у 1701 годзе абвясціў сябе каралём Прусіі Фрыдрыхам I, тым самым ператварыўшы Прускае герцагства ў каралеўства, назва «Прусія» паступова распаўсюдзілася на ўсе ўладанні Гогенцолернаў як у граніцах Свяшчэннай Рымскай імперыі, так і за яе межамі, хоць фармальна яна адносілася толькі да ўладанняў прускага караля за межамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры гэтым іншыя ўладанні прускага караля, якія ўваходзілі ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, аж да яе развалу ў 1806 годзе фармальна не з'яўляліся тэрыторыямі Каралеўства Прусія.
У 1742 годзе прускі кароль Фрыдрых II пасля Першай Сілезскай вайны па ўмовах мірнага дагавора ў Брэслау далучыў большую частку Аўстрыйскай Сілезіі, у тым ліку Кладскае графства. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Прусія таксама атрымала тэрыторыі Сявежскага княства, якое таксама з'яўляецца часткай гістарычнай Сілезіі, стварыўшы на іх невялікую правінцыю Новая Сілезія. Аднак ужо ў 1807 годзе тэрыторыя Новай Сілезіі пасля паражэння Прусіі ў вайне з Напалеонам нароўні з іншымі прускімі правінцыямі Паўднёвая Прусія і Новая Усходняя Прусія ўвайшла ў склад створанага па выніках Тыльзіцкага міру Варшаўскага герцагства.
У 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса па заканчэнні вызваленчых войнаў тэрыторыя Прусіі была значна павялічана. Для лепшай арганізацыі тэрыторыі дзяржавы ў Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях. У час гэтай рэформы Пруская Сілезія была пашырана за кошт Верхняй Лужыцы.
У 1815 годзе на тэрыторыі правінцыі Сілезія былі створаны чатыры адміністрацыйныя акругі:
Ужо ў 1820 годзе акруга Райхенбах была скасавана і падзелена паміж суседнімі акругамі Брэслау і Опельн.
Пасля Першай сусветнай вайны была абвешчана Другая Польская Рэспубліка, якая адразу ж высунула тэрытарыяльныя прэтэнзіі на частку ўсходніх правінцый Прусіі. Каб прыцягнуць славянскую большасць на ўсходзе Сілезіі на свой бок, у 1919 годзе з тэрыторыі правінцыі Сілезія была вылучана акруга Опельн, якая ўтварыла новую самастойную правінцыю Верхняя Сілезія. Астатняя ж частка была пераназвана ў Ніжнюю Сілезію. Гэтым крокам была прадпрынятая спроба даць верхнесілезкім славянскім народам больш аўтаноміі, каб захаваць гэту тэрыторыю ў складзе Германіі пасля рэферэндуму, прызначанага Версальскім дагаворам.
У 1920 годзе Германія, таксама паводле Версальскага дагавора, была вымушана саступіць рэгіён Глучын Чэхаславакіі. Пасля польскіх паўстанняў і верхнесілезкага рэферэндуму ў 1922 годзе Германіі ўсё ж прыйшлося перадаць Польшчы ўсходнюю частку правінцыі Верхняя Сілезія.
У Трэцім рэйху дэ-факта з 1933 года пасля абвяшчэння палітыкі «гляйхшальтунга» абедзве правінцыі Ніжняя і Верхняя Сілезія кіраваліся адной асобай — гаўляйтарам гау Сілезія. У 1938 годзе абедзве правінцыі былі аб'яднаны ўжо афіцыйна ў адзіную правінцыю Сілезія, аднак неўзабаве пасля акупацыі Чэшскай Сілезіі і польскай кампаніі вермахта ў 1939 годзе тэрыторыя прускай Сілезіі была значна пашырана за кошт анексаваных рэгіёнаў. У кастрычніку 1939 года на новых тэрыторыях у складзе правінцыі Сілезія была створана адміністрацыйная акруга Катавіц з цэнтрам у Катавіцы. У лістападзе 1939 года тэрыторыі акруг Опельн і Катавіц былі яшчэ нязначна пашыраны за кошт перадачы прыгранічных зямель з Генерал-губернатарства ў склад Прускай Сілезіі. У сувязі са значным пашырэннем агульнай плошчы правінцыі Сілезія ў студзені 1941 года яна зноў была падзелена на дзве — Ніжнюю Сілезію з акругамі Брэслау і Лігніц і Верхнюю з акругамі Опельн і Катавіц.
Дзве падзеленыя правінцыі праіснавалі аж да 1945 года. Пасля вайны рэгіён амаль цалкам апынуўся пад польскім кіраваннем. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучасных Ніжнесілезскага і Апольскага ваяводстваў Польшчы і толькі вельмі невялікая частка ўваходзіць у склад Германіі як частка федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц). Чэшская Сілезія зноў з'яўляецца часткай Чэхіі.
Паўночная частка правінцыі ўяўляла з сябе нізінную, а паўднёвая — гарыстую мясцовасць. Тэрыторыя Сілезіі амаль цалкам належала да басейна ракі Одэр, толькі на паўднёвым усходзе яе захоплівала Вісла, а на захадзе праз яе тэрыторыю працякалі рэкі, якія ўваходзяць у сістэму Эльбы: Ізер, Шпрэе і Чорны Эльстэр. Па тэрыторыі правінцыі працякалі шматлікія прытокі Одэра: Ольза, Клодніц, Малапана, Вейда, Барч, Опа, Цына, Гоцэнплоц, Глацкая Нёйса, Олау, Вейстрыц і Кацбах. Бобер і Лужыцкая Нёйса ўпадалі ў Одэр за межамі правінцыі[1].
На значнай частцы Сілезіі (каля паловы ўсёй паверхні правінцыі) меліся ўрадлівыя глебы. Пасля правінцыі Саксонія Сілезія давала найбольшую колькасць пшаніцы і ячменю ў Прусіі. Акрамя таго, вялікія ўраджаі давалі пасевы ржы, бульбы і бабовых. Акрамя таго апрацоўваліся цукровы бурак, тытунь, цыкорый і хмель. У цэлым, пладаводства і вінаградарства квітнелі ў Грунбергу, Бейтэне і Мускау. Значна былі развіты таксама жывёлагадоўля (гадоўля коней, буйной рагатай жывёлы, авечак, коз і свіней) і пчалярства[1].
На тэрыторыі правінцыі размяшчаўся Верхнесілезкі каменнавугальны басейн — найбуйнейшы ў Германіі. Здабываліся таксама жалезныя, цынкавыя, срэбра-свінцовыя і медныя руды і серны калчадан. Вельмі развіты былі металургія (выплаўляліся чыгун, цынк, срэбра), апрацоўка металаў, машынабудаванне і выраб інструментаў, а таксама апрацоўчая прамысловасць (апрацоўка валакністых рэчываў). Сілезія славілася вытворчасцю лепшых пяньковых і льняных палотнаў ва ўсёй Прусіі. Таксама было развіта і баваўняная вытворчасць, пража шэрсці і вытворчасць шарсцяных тканін. Вялікае значэнне мелі таксама цукровая, мукамольная, вінакуранае і піваварная вытворчасці, а таксама папяровая і гарбарная вытворчасці. Галоўны гандлёвы цэнтр правінцыі — Брэслау. Асноўная навучальная ўстанова правінцыі — Універсітэт Брэслау[1].
Нацыянальны склад правінцыі быў разнастайны. У 1895 годзе з 4 415 309 жыхароў налічвалася 973 586 палякаў, 68 797 чэхаў і 26 299 вендаў; астатняе насельніцтва — немцы. У канфесійным плане ў 1895 годзе сярод жыхароў правінцыі налічвалася 2 384 754 каталікоў, 1 974 629 пратэстантаў, 8155 прадстаўнікоў іншых хрысціянскі спавяданняў і 47 543 яўрэяў. Земляробствам, жывёлагадоўляй, лесаводствам і рыбнай лоўляй было занята 46,9 % працаздольнага насельніцтва; у горнай справе і апрацоўчай прамысловасці — 43,2 %, гандлем і транспартнай справай — 9,7 %[1].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Сілезія ў 1900 годзе:[2]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Лігніц | 13.610,20 | 1.102.992 | 19 | 2 |
Акруга Брэслау | 13.483,63 | 1.697.719 | 23 | 2 |
Акруга Опельн | 13.225,36 | 1.868.146 | 19 | 5 |
Усяго па правінцыі | 40.319,19 | 4.668.857 | 61 | 9 |
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі Сілезія і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[3]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Лігніц | 14.023,41 | 1.314.710 | 17 | 4 |
Акруга Брэслау | 12.957,64 | 1.971.829 | 18 | 4 |
Акруга Опельн | 11.694,61 | 1.374.232 | 15 | 3 |
без былых польскіх тэрыторый | 8.943,97 | 1.047.808 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 2.750,64 | 326.424 | ||
Акруга Катавіц | 8.923,64 | 2.966.852 | 12 | 6 |
без былых польскіх тэрыторый | 1.088,12 | 534.417 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 7.835,52 | 2.432.435 | ||
Усяго па правінцыі | 47.599,30 | 7.627.623 | 62 | 17 |
без былых польскіх тэрыторый | 37.013,14 | 4.868.764 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 10.586,16 | 2.758.859 |
Размеркаванне насельніцтва Сілезіі па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў станам на 17 мая 1939 года[3]:
Год | Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў | ||
---|---|---|---|
меней 2.000 жыхароў | 2.000 — 100.000 жыхароў | больш 100.000 жыхароў | |
1939 | 41,2 % | 38,8 % | 20,0 % |
Пасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года пра паляпшэнне арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden).
Гады | Обер-прэзідэнт | Партыя |
---|---|---|
1816—1820 | Фрыдрых Тэадор фон Меркель | |
1824—1825 | Морыц Гаўбальд фон Шонеберг | |
1825—1825 | Ганс Граф фон Бюлаў | |
1825—1845 | Фрыдрых Тэадор фон Меркель | |
1845—1848 | Вільгельм фон Ведэль | |
1848—1848 | Ганс Давід Людвіг Граф Ёрк фон Вартэнбург | |
1848—1848 | Юліус Піндэр | |
1848—1868 | Ёган Эдуард фон Шляйніц | |
1869—1872 | Эберхард цу Штольберг-Вернігеродэ | |
1873—1874 | Фердынанд фон Нордэнфлюхт | |
1874—1877 | Адольф фон Арнім-Бойцэнбург | |
1877—1879 | Роберт Віктар фон Путкамер | |
1879—1894 | Ота Тэадор фон Зайдэвіц | |
1894—1903 | Герман фон Гацфельд | |
1903—1909 | Роберт фон Цэдліц-Труцшлер | |
1910—1910 | Ёхан фон Дальвіц | |
1910—1919 | Ганс Лаўхлан фон Гюнтэр | |
1919—1919 | Фелікс Філіп | |
1919—1938 | паасобнае існаванне Верхняй і Ніжняй Сілезіі | |
1938—1941 | Ёзэф Вагнер | НСДАП |
Фелікс Філіп пасля падзелу правінцыі на Верхнюю і Ніжнюю Сілезію працягнуў кіраванне Ніжняй Сілезіяй да 1920 года.
Гаўляйтар партыйнага гау Сілезія Ёзэф Вагнер у 1935—1938 гг. адначасова быў таксама і обер-прэзідэнтам як у Верхняй, так і ў Ніжняй Сілезіі, а пасля іх афіцыйнага аб'яднання ўзначаліў і аб'яднаную правінцыю.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.