From Wikipedia, the free encyclopedia
Сутыкненні ў Карабаху 2023 года (азербайджанскі бок выкарыстоўвае назвы «ваенная аперацыя» і «антытэрарыстычная аперацыя») — канфлікт паміж узброенымі сіламі Азербайджана з аднаго боку і ўзброенымі фарміраваннямі непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) і Арменіі з другога, які пачаўся 19 верасня 2023 года[1]. Сутыкненні завяршыліся спыненнем баявых дзеянняў на ўмовах Азербайджана 20 верасня.
Сутыкненні ў Нагорным Карабаху | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Карабахскі канфлікт | |||
Дата | з 19 па 20 верасня 2023 | ||
Месца | Нагорны Карабах | ||
Вынік | пагадненне аб спыненні агню на ўмовах Азербайджана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пасля Другой Карабахскай вайны, падчас якой азербайджанцы захапілі некалькі раёнаў, у Нагорны Карабах накіраваны расійскія міратворцы. Ім было даручана прадухіліць аднаўленне канфлікту[2].
Баявым дзеянням папярэднічала блакада НКР з боку Азербайджана, якая вялася ўжо на працягу дзевяці месяцаў[3].
З 11 па 20 верасня на тэрыторыі Арменіі праходзілі сумесныя з ЗША ваенныя вучэнні міратворцаў «Eagle Partner 2023»[4].
Раніцай 19 верасня 2023 года Міністэрства абароны Азербайджана афіцыйна паведаміла, што «ў мэтах спынення шырокамаштабных правакацый у карабахскім эканамічным раёне, раззбраення і вываду фарміраванняў УС Арменіі з нашых тэрыторый, нейтралізацыі іх ваеннай інфраструктуры, забеспячэння бяспекі мірнага насельніцтва, якое вярнулася на вызваленыя ад акупацыі тэрыторыі, грамадзянскіх служачых, задзейнічаных у будаўніча-аднаўленчых работах і нашых вайскоўцаў, а таксама аднаўлення канстытуцыйнага ладу Азербайджанскай Рэспублікі, у рэгіёне пачаты антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару». Па армянскіх пазіцыях была прыменена высокадакладная зброя[5].
Былы дзяржміністр, які знаходзіўся ў Нагорным Карабаху, Рубен Варданян паведаміў аб масіраваным артылерыйскім абстрэле з боку УС Азербайджана[6].
20 верасня начальнік прэс-службы Мінабароны Азербайджана Анар Эйвазаў паведаміў, што раніцай азербайджанцы знішчылі вайсковую часць праціўніка ў сяле Танашен на поўначы Нагорнага Карабаха і ў якасці трафеяў захапілі шэсць ваенных аўтамабіляў «Урал» з боекамплектамі да мінамётаў і чатыры мінамёты[7].
Інфармацыйны цэнтр НКР заявіў, што яе ўлады прынялі прапанову расійскіх міратворцаў аб спыненні агню з 13:00 20 верасня 2023 года[8]. У заяве таксама паведамляецца аб поўным раззбраенні арміі Карабаха і вывадзе цяжкай тэхнікі з тэрыторыі непрызнанай рэспублікі і аб тым, што 21 верасня на сустрэчы ў горадзе Еўлах будуць абмяркоўвацца пытанні Баку «аб рэінтэграцыі, забеспячэнні правоў і бяспекі армян Нагорнага Карабаха, а таксама пытанні забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва Нагорнага Карабаха ў рамках Канстытуцыі Азербайджана»[9][10]. Згодна з навіннай стужкай Рускай службы BBC, Міністэрства абароны Азербайджана пацвердзіла гатоўнасць прыпыніць баі, калі НКР здасць усё ўзбраенне і цяжкую тэхніку, вайскоўцы складуць зброю і сыдуць з баявых пазіцый. У НКР, у сваю чаргу, пагадзіліся на гэтыя ўмовы[11].
Новы віток супрацьстаяння стварыў небяспеку для армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаха. Раніцай 25 верасня Арцахскі інфармацыйны штаб паведаміў, што ўсе грамадзяне, якія жадаюць пераехаць у Арменію, могуць пакінуць рэгіён[12]. У выніку адбыўся выхад армянскага насельніцтва.
28 верасня прэзідэнт Арцаха Самвел Шахрамян падпісаў указ аб спыненні існавання Нагорна-Карабахскай Рэспублікі і роспуску ўсіх яе дзяржаўных устаноў і арганізацый з 1 студзеня 2024 года[13].
Амбудсмен НКР Гегам Сцепанян паведаміў, што ў першы дзень баявых дзеянняў з боку азербайджан пацярпела 11 мірных жыхароў і 2 загінулі, сярод іх 1 дзіця[14]. 20 верасня ён жа паведаміў аб павелічэнні ахвяр і параненых сярод мірнага насельніцтва. На пачатак дня колькасць параненых вырасла да 35, колькасць загінулых дасягнула 7 чалавек, сярод іх двое дзяцей[15]. Усяго з боку непрызнанай дзяржавы і Арменіі налічвалася 200 загінулых (у т. л. 10 мірных грамадзян) і больш за 400 параненых (у т. л. 40 цывільных асоб)[16].
Загінулі некалькі расійскіх ваеннаслужачых з міратворчага кантынгента.
МЗС Расіі ў асобе афіцыйнага прадстаўніка Марыі Захаравай заявіла, што Масква глыбока ўстрывожана рэзкай эскалацыяй сітуацыі ў Карабаху, і заклікае бакі спыніць ваенныя дзеянні і вярнуцца да дыпламатычнага ўрэгулявання[17]. Паводле Крамля, Баку паведаміў пра запланаванае наступленне за некалькі хвілін да яго пачатку[18].
Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль заявіў: «ваенныя дзеянні Азербайджана павінны быць неадкладна спыненыя, каб забяспечыць сапраўдны дыялог паміж Баку і карабахскімі армянамі».
Вярхоўны прадстаўнік Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што ЕС асуджае ваенную эскалацыю ўздоўж лініі судакранання і ў іншых месцах Карабаха і заклікаў Азербайджан неадкладна спыніць ваенныя дзеянні[19]
У МЗС Францыі рашуча асудзілі пачатак баявых дзеянняў з боку УС Азербайджана, заявіўшы, што ніводная падстава не можа апраўдаць ваенную аперацыю ў Нагорным Карабаху. Таксама было заяўлена, што Парыж заклікае да тэрміновага сходу Савета Бяспекі ААН[20]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.