Судна на падводных крылах
From Wikipedia, the free encyclopedia
Су́дна на падво́дных кры́лах[1] (СПК) — судна (карабель), корпус якога пры руху цалкам або часткова падымаецца над вадой пад дзеяннем пад’ёмнай сілы, створанай пагружанымі ў ваду крыламі. Выкарыстоўваюцца ў перавозках пасажыраў, невялікіх тэрміновых грузаў, у ваенна-марскіх сілах.
Нерухомае судна на падводных крылах утрымліваецца на вадзе сіламі плывучасці (водазмяшчальнае становішча). Пры дасягненні суднам пэўнай хуткасці яго корпус падымаецца над вадой (выхад на крылы), што памяншае паверхню судотыку судна з вадой (у вадзе знаходзяцца толькі крылы, іх стойкі, рулі, грабныя валы, грабныя вінты), супраціўленне вады руху зніжаецца і пры аднолькавых удзельных затратах энергіі СПК развівае больш высокую хуткасць у параўнанні з водазмяшчальнымі або глісіруючымі суднамі[2]. Корпус СПК звычайна вырабляюць з лёгкіх сплаваў, крылы — з нержавеючай сталі; энергетычныя ўстаноўкі — рухавікі ўнутранага згарання, газавыя турбіны; рухачы — грабныя і паветраныя вінты.