![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/79/Horadnia_%2528Hrodna%2529%252C_Stary_zamak._%25D0%2593%25D0%25BE%25D1%2580%25D0%25B0%25D0%25B4%25D0%25BD%25D1%258F%252C_%25D0%25A1%25D1%2582%25D0%25B0%25D1%2580%25D1%258B_%25D0%25B7%25D0%25B0%25D0%25BC%25D0%25B0%25D0%25BA_%25282021%2529_03.jpg/640px-Horadnia_%2528Hrodna%2529%252C_Stary_zamak._%25D0%2593%25D0%25BE%25D1%2580%25D0%25B0%25D0%25B4%25D0%25BD%25D1%258F%252C_%25D0%25A1%25D1%2582%25D0%25B0%25D1%2580%25D1%258B_%25D0%25B7%25D0%25B0%25D0%25BC%25D0%25B0%25D0%25BA_%25282021%2529_03.jpg&w=640&q=50)
Стары замак (Гродна)
Гродна / From Wikipedia, the free encyclopedia
Стары́ за́мак у Гро́дне, за́мак Бато́рыя — адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў XI—XIX стагоддзяў[1][2]:14. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе: вуліца Замкавая, 21.
Замак | |
Стары замак | |
---|---|
![]() Замак пасля рэканструкцыі, 2021 г. | |
53°40′37″ пн. ш. 23°49′23″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Гродна | вул. Замкавая, 21 |
Архітэктурны стыль | Готыка, рэнесанс |
Архітэктар | Юзаф Ройтэн |
Першае згадванне | 1127 |
Дата заснавання | Канец X — пачатак XI ст. |
Будаўніцтва | XI—XIX стагоддзі |
Статус |
![]() |
Стан | Добры: захаваўся палац, уязны мост, рэшткі сцен XII ст., рэшткі Ніжняй і Верхняй царквы |
Сайт | museum-grodno.by |
![]() |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/84/Horadnia_%28Hrodna%29%2C_Stary_zamak._%D0%93%D0%BE%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D1%8F%2C_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%282021%29_02.jpg/640px-Horadnia_%28Hrodna%29%2C_Stary_zamak._%D0%93%D0%BE%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D1%8F%2C_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%282021%29_02.jpg)
Стары замак з’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх і такім чынам адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага. У часы сярэднявечча гродзенскі стары замак стаяў у авангардзе барацьбы ўсходнееўрапейскіх народаў з Тэўтонскім ордэнам, набыўшы з часам славу легендарнага. «Замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы, атрымаў сярод еўрапейскага рыцарства славу непрыступнай цвярдыні, паход на якую лічыўся справай гонару кожнага тэўтона[3]:59. Усяго з канца XIII і да пачатку XV стагоддзяў Гродна і яго замкі вытрымалі каля дваццаці нападаў крыжакоў[4]:151.
Замак размешчаны на высокім і стромкім узгорку на правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Пачаў будавацца ў часы Старажытнарускай дзяржавы. Замак неаднаразова руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У яго планіроўцы і архітэктуры выяўляюцца напластаванні многіх стагоддзяў. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плану замка, блізкага да трохвугольніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 м пры сярэдняй таўшчыні каля 3 м. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. Ад горада замак аддзяляўся ярам і глыбокім ровам[5]. З гістарычных дакументаў вядомы не менш як шэсць яго розных варыянтаў.
У пачатку XII стагоддзя стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гарадзенскага княства. Тут былі ўзведзены княжацкі церам, Ніжняя царква, Верхняя царква, іншыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1]. У гэты час у замку была пабудавана мураваная сцяна з плінфы, аналагаў якой не было сярод іншых усходнееўрапейскіх збудаванняў[6]:22.
Да нашых дзён захаваліся палац, фрагменты абарончых сцен, руіны Ніжняй і Верхняй цэркваў, княжацкіх пакояў, мост і замчышча. Самымі вядомымі ўладальнікамі замка былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, а таксама славуты абаронца замка Давыд Гарадзенскі.
Цяпер у замку размяшчаецца Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Традыцыйна ўвесь комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак[1].