From Wikipedia, the free encyclopedia
Скалат[1] (укр.: Скалат) — горад у Цярнопальскім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны. Цэнтр тэрытарыяльнай грамады.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Першая згадка пра Скалат як пра сяло сустракаецца ў пісьмовых крыніцах, датаваных 1512 г., калі ён уваходзіў да Церабаўлянскага павета Рускага ваяводства. На мяжы XVI—XVII ст. ад караля Жыгімонта III Вазы мястэчка атрымала магдэбургскае права і ў 1600 г. ўжо стала лічыцца самакіраваным горадам. Уладальнікамі Скалата ў часы Рэчы Паспалітай былі шляхцічы Каліноўскія герба Калінава, пасля — Тарлы, а ў канцы XVIII ст. — Панятоўскія герба «Цёлак». У 1766 г. правы горада на магдэбурію былі пацверджаны граматай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Вялікага бедства жыхарам Скалата наносілі частыя напады татарскіх ордаў, рэгулярнага турэцкага войска. У 1675 г. войскі пашы Ібрагіма Шышмана цалкам разбурылі горад. Тады крэпасць горада спрабавалі ўзяць, але беспаспяхова, каронныя войскі пад камандаваннем караля Яна III Сабескага.
У 1734 г. па ініцыятыве Ганны Каліноўскай з Лянцкаронскіх быў заснаваны шпіталь для убогіх у горадзе. У 1772 г. па першым падзеле Рэчы Паспалітай, Скалат, як і Галічына, падпаў пад уладу манархіі Габсбургаў, і быў залічаны да Цярнопальскай акругі. Апошні ўладальнік маёнтка ў Скалаце ў аўстрыйскія часы пастаянна пражываў у Італіі, прадаў яго габрэю Свесскінду Разэнштоку. З 1867 г. Скалат стаў павятовым горадам. У 1897 г. праз Скалат прайшла чыгунка Цярнопаль — Грымайліў. Развіццё эканомікі абумовіла рост колькасці насельніцтва. Калі ў 1866 г. насельніцтва горада склала 4247 чал., то ў 1910 г. — ужо 6228 чал. У 1921—1939 гг. — у складзе міжваеннай Польшчы. На працягу 1940—1962 гг. Скалат быў адміністрацыйным цэнтрам Скалацкага раёна УССР.
Размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы горада, у пойме ракі Гнілой. Пабудаваны ён у 1630 г. галіцкім мечнікам Кшыштафам Віхроўскім герба Помян у форме няправільнага чатырохвугольніка. На той час замак ахоўваў пад’езды да горада, а цяпер знаходзіцца ў самым цэнтры населенага пункта. З поўначы і ўсходу яго атачаў роў глыбінёй да 2 метраў, запоўнены рачной вадой. З двух іншых бакоў доступ да крэпасці перакрывалі балоты. Самай доўгай быў паўночны бок фарпоста (92 метра), паўднёвы і заходні мелі па 72 метра, самая кароткая — ўсходняя сцяна — мела 63 метра даўжынёй. На рагах стаялі (і стаяць да гэтага часу) пяцікутныя ў плане вежы. Верагодна, сажалка ля замка таксама мела пэўную ролю ў абароне замка: прынамсі, сведчанне аб ёй ёсць у касцёльных кнігах яшчэ за 1728 г.
Замак пацярпеў у 1648 і 1651 гг. падчас Хмяльніччыны: атрады казакоў захапілі і разбурылі крэпасць. Падчас войнаў з туркамі (1672—1675 гг.) крэпасць была моцна разбурана і страціла свае абарончыя функцыі. Улетку 1675 г., у прыватнасці, яе штурмавала войска Яна Сабескага — будучага караля. У канцы XVII ст. новы ўладальнік замка Ян Фірлей перабудаваў яго і выкарыстаў як сваё жыллё. На замкавым двары, паблізу ўсходняй сцяны, вырастае палац, у паўночна-ўсходняй сцяне з’яўляецца каменная ўязная брама з двума меньшымі ўваходамі па баках, пышна дэкараваная разным каменнем, вазамі і мемарыяльнай дошкай з апісаннем гісторыі замка. Старыя вежы таксама абнавілі: два верхніх яруса пабудавалі з цэглы і абліцавалі часанымі блокамі вапняка. Сцены замка з усіх бакоў дасягалі 6-метровай вышыні і двухметровай таўшчыні.
У канцы XIX ст. на сродкі графа Растоўскага архітэктар Тэадор Талеўскі адрэстаўраваў вежы замка ў неагатычным стылі. Палац на момант рэстаўрацыі знаходзіўся ў стане разбурэння, яго перабудавалі, але ў значна больш сціплым выглядзе. Побач выраслі аднапавярховыя гаспадарчыя памяшканні. Падчас Першай сусветнай вайны замак быў разбураны, але хутка адбудаваны. І за некалькі дзесяцігоддзяў адбылася новая сусветная вайна, і замак падвергнуўся новаму разбурэнню. Палац цалкам знікае. У 1960-х гг. была праведзена кансервацыя замка. Рэшткі ўваходнай брамы яшчэ прасочваюцца ў паўночна-ўсходняй частцы сцен. Да гэтай брамы вёў некалі драўляны мост. Зараз замак часткова рэстаўруецца і павольна аднаўляецца.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.