![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/7c/Archaeological_excavation_in_Svetlahorsk.jpg/640px-Archaeological_excavation_in_Svetlahorsk.jpg&w=640&q=50)
Селішча (археалогія)
неўмацаванае паселішча, помнік археалогіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Се́лішча — археалагічны тэрмін, які пазначае рэшткі неўмацаванага паселішча (у адрозненне ад гарадзішча — рэшткаў умацаванага паселішча). Могуць адносіцца да першабытнаабшчыннага часу, Сярэдніх вякоў (V—XV ст.), а пры неабходнасці археалагічнага вывучэння больш позніх паселішчаў — і да Новага часу (кан. XV — пач. XX ст.). Таксама тэрмін, які сустракаецца ў сярэдневяковых летапісах у сэнсе сяло, вёска[1].
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/7c/Archaeological_excavation_in_Svetlahorsk.jpg/320px-Archaeological_excavation_in_Svetlahorsk.jpg)
У Беларусі селішчы належаць у асноўным да апошняга перыяду першабытнага часу — жалезнага веку (VII ст. да н. э. — VIII ст. н. э.); сярэднявечнай, ці Старажытнай Русі (IX—XIII ст.)[1], і больш позняга часу.
Неўмацаваныя паселішчы знаходзіліся на берагах рэк і азёр, на пакатых узвышшах у поймах рэк і мысападобных выступах. Селішчы плошчай да 1 га прымыкалі да гарадзішчаў і ўтваралі адзіны гаспадарчы комплекс. Селішчы плошчай больш за 1 га існавалі самастойна. Забудова праводзілася радамі, але сустракалася і забудова без бачнага парадку. Некаторыя селішчы мелі агароджу.
Селішчы як тып помніка археалогіі па сваім выглядзе звычайна не адрозніваюцца ад навакольнай мясцовасці — напрыклад, поля ці луга, могуць быць зарослыя лесам, альбо знаходзіцца ў сучасных населеных пунктах. Выяўляюцца па наяўнасці культурнага слоя зямлі. Могуць мець мясцовыя назвы (як урочышчы). З’яўляюцца аб’ектамі археалагічных даследаванняў, могуць выкарыстоўвацца ў мэтах турызму і экскурсій. Падлягаюць ахове ў якасці помнікаў гісторыі і культуры (падрабязней аб захаванні помнікаў археалогіі гл. у артыкуле «Гарадзішча»).