Санскрыт
старажытнаіндыйская мова / From Wikipedia, the free encyclopedia
Санскры́т (дэванагары: संस्कृता वाक्, «ачышчаная, аздобленая мова») — старажытная літаратурная мова Індыі са складанай сінтэтычнай граматыкай. Узрост ранніх помнікаў даходзіць да трох с паловай тысяч гадоў. Санскрыт трэба разглядаць не як мову якога-небудзь народа, а як мову пэўнай культуры, распаўсюджанай выключна ў асяроддзі сацыяльнай эліты. Гэта культура прадстаўлена, галоўным чынам, індуісцкімі рэлігійнымі тэкстамі; і таксама як лацінская і грэчаская мовы на Захадзе — санскрыт на Усходзе стаў мовай міжкультурных зносін, вучоных і рэлігійных дзеячаў. У цяперашні час, гэтая мова лічыцца адной з 22 афіцыйных моў Індыі. Граматыка — надзвычай складаная і багатая; лічыцца, што санскрыт з’яўляецца адной з самых флектыўных моў свету. Лексіка багатая і стылістычна разнастайная.
Санскрыт | |
---|---|
Саманазва | संस्कृता वाक्, संस्कृता भाषा |
Краіны | Індыя |
Рэгіёны | Галоўным чынам Паўднёвая Азія |
Афіцыйны статус | Індыя (адна з 22-х афіцыйных моў Індыі[1]) |
Агульная колькасць носьбітаў | 14000 (2001 г.) |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | дэванагары і інш. |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | сан 581 |
ISO 639-1 | sa |
ISO 639-2 | san |
ISO 639-3 | san |
Ethnologue | san |
IETF | sa |
Glottolog | sans1269 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Санскрыт паўплываў на развіццё моў Індыі (галоўным чынам у лексіцы) і на некаторыя іншыя мовы, якія апынуліся ў сферы санскрыцкай ці будыйскай культуры. У Індыі санскрыт выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і рэлігійнага культа; у вузкім коле — як размоўная мова. Санскрыт запісваўся рознымі відамі пісьменнасці, што ўзыходзяць да брахмі: кхароштхі, кушанскае пісьмо, гупта, нагары, дэванагары і іншыя (у цяперашні час для санскрыта выкарыстоўваецца толькі дэванагары). На санскрыце напісаны творы мастацкай, рэлігійнай, філасофскай, юрыдычнай і навуковай літаратуры, якія аказалі ўплыў на культуры Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі і Заходняй Еўропы.
Вывучэнне санскрыту ў Еўропе пачалося з канца XVIII ст.: у 1786 годзе яго адкрыў для Еўропы брытанскі філолаг Уільям Джонс (да гэтага санскрыт быў апісаны французскім езуітам Кёрду ў 1767 годзе і нямецкім місіянерам Ханкследэнам, але іх працы былі апублікаваны ўжо пасля прац Джонса). Знаёмства з санскрытам сыграла ў пачатку XIX ст. вырашальную ролю ў стварэнні параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.
Колькасць носьбітаў: для 50 тысяч — родная мова, для 195 тысяч — другая мова.