From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка (12(24) верасня 1893, м. Будслаў, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 13 лютага 1974, Будслаў; Псеўданімы: Паўлінка; крыптанімы: М.) — беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка.
Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка | |
---|---|
Род дзейнасці | пісьменніца, тэатральная актрыса, педагог |
Дата нараджэння | 12 (24) верасня 1893 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 лютага 1974 (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Муж | Тамаш Тамашавіч Грыб |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Узнагароды і прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бацька, Вінцэнт Зыгмунтавіч, у маладосці быў настройшчыкам арганаў і раяляў, пазней рабочым на заводзе, прадаўцом у кааперытыве. Маці, Францішка, была хатняй гаспадыняй. Акрамя Паўліны, у сям’і гадавалася трое сыноў: Казімір, Зыгмусь, Станіслаў. У 1898 годзе сям’я Мядзёлкаў пераехала ў Глыбокае. Там дзяўчынка самастойна вучылася чытаць, яе першым лемантаром была «Gazeta Świąteczna» , якую выпісваў бацька, потым сапраўдны польскі лемантар К. Промыка «Elementarz na którym nauczysz czytać». У 1903 годзе скончыла адзінае ў Глыбокім царкоўна-прыходскае вучылішча, дзе навучанне вялося ўжо на рускай мове. Адчуваючы прагу да ведаў, яна пачала займацца самаадукацыяй. Знайшліся неабыякавыя глыбоцкія жыхары, якія дазвалялі ёй карыстацца сваімі кнігамі на польскай і рускай мовах, запрапанавалі бясплатныя ўрокі па польскай мове, гісторыі, геаграфіі, музыцы і спевам. Дзяўчына навучылася іграць на фартэпіяна, зацікавілася творамі класічнай музыкі і народнай песняй. У 1905 годзе да Паўліны незнарок папалі некалькі нумароў газеты «Наша доля», кніга Мацея Бурачка «Дудка беларуская», якія зрабілі на яе моцнае ўражанне і абудзілі ўсведамленне сваёй беларускасці. У гэтым яе падтрымаў бацька, які, па сведчаннях Паўліны, у часе перапісу насельніцтва запісаўся беларусам.
З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім беларускім і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Я. Купалы. Падчас 1-ай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастрычніку 1917 па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасля таго, як у сакавіку 1918 школа была закрыта, перабралася ў Мінск.
Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20 ліпеня 1919 арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася.
З пачатку 1920 у Мінску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Уронкі на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце «Сялянская доля». З восені 1921 па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне.
У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925. 22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—1930 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.
Арыштавана ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі», выслана ў Казань. З восені 1932 выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай.
У Будславе былі напісаны мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданнем выйшлі ў 1974, праз некалькі месяцаў пасля яе смерці). Новае выданне мемуараў, заснаванае найперш на рукапісах, што захоўваюцца ў асабістым фондзе П. Мядзёлкі (БДАМЛМ, Ф. 403), пераважае папярэдняе амаль у тры разы[1]. Яно ўвабрала ў сябе першую кнігу «Сцежак жыцця» (са шматлікімі адноўленымі фрагментамі), другую кнігу ўспамінаў і «Беглыя нататкі для памяці. Факты, якія не могуць і не павінны быць апублікаваны», а таксама лісты і іншыя дакументы да гісторыі выдання ўспамінаў П. Мядзёлкі.
Памёрла 13 лютага 1974 года ў Будславе. Дзень свайго сыходу яна вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання — выпрабавання адзінотай[2].
Пахаваная на старых каталіцкіх могілках у Будславе побач з бацькам і маці[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.