Наша доля
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Наша доля» (поўная назва: «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі») — штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета ў беларускай мове. Выдавалася ў Вільні ў перыяд 1(14) верасня — 1(14) снежня 1906. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова — лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 тыс. асобнікаў.
«Наша доля» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Наша доля |
Тып | газета |
Краіна | |
Рэдактар | І. Тукеркес, А. Гедвіла |
Заснавана | 1906 |
Спыненне публікацый | 1906 |
Мова | беларуская |
Перыядычнасць | штотыднёва |
Галоўны офіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пачатковы склад рэдакцыі гэтай газеты быў невялікі — Антон Луцкевіч падае ў складзе рэдакцыі Ф. Умястоўскага як тэхнічнага рэдактара, А. Пашкевіч (Цётка) і братоў Луцкевічаў[1]. А. Бергман лічыць, што, апроч згаданых асобаў, у рэдакцыю ўваходзіў віленскі мяшчанін І. Тукеркес, а Умястоўскі быў кіраўніком літаратурнага аддзела[2] — гэты факт згадвае і сам А. Луцкевіч[3]. Ю. Туронак, некрытычна паставіўшыся да ўспамінаў Ф. Умястоўскага[4], вылучыў думку, што ініцыятыва ўтварэння газеты належыць менавіта Ф. Умястоўскаму і І. Тукеркесу, а браты Луцкевічы пазней «імкнуліся пераняць кіраўніцтва газетай»[5]. Але параўнанне ступені заангажаванасці Луцкевічаў і Тукеркеса з Умястоўскім у беларускім руху, а таксама думка іншых даследчыкаў[6] не пацвярджаюць гэтай гіпотэзы.
Праграма, паводле якой выходзіла газета, уключала ў сябе наступныя рубрыкі: «1) Дзеянні ўрада; 2) Палітычны агляд; 3) Жыццё вёскі; 4) Жыццё горада; 5) Фельетон; 6) Найноўшыя творы беларускай літаратуры; 7) Што чуваць на Белай Русі; 8) З Літвы; 9) Па Расіі; 10) Карэспандэнцыі; 11) З-за мяжы; 12) Што трэба і чаго не трэба чытаць; 13) Літаратурны дадатак; 14) Новыя кнігі; 15) З мінулага Беларусі; 16) Паштовая скрыня; 17) Сельская гаспадарка; 18) Практычная медыцына; 19) Прыкладная механіка; 20) Сумесь; 21) Абвесткі. Подпісная плата за часопіс устанавліваецца 3 рублі на год з дастаўкай і перасылкай, цана асобнага нумару 5 кап. Друкавацца выданне будзе рускімі і лацінскімі шрыфтамі ў друкарні Навіцкага»[7].
У праграмным артыкуле «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэвалюцыйным руху, сацыяльную і нацыянальную свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыстычныя і агітацыйныя артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынародную палітыку царызму. Інфармавала пра рэвалюцыйныя падзеі ў краіне, цяжкае становішча сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнугы надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я. Коласа (вершы «Наш родны край» — 1 верасня 1906, першае выступленне паэта ў друку, «Беларусам», «Асенні вечар», апавяданне «Слабода») і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Пераважала інфармацыя сацыяльнай скіраванасці, і ў гэтым яна была нібы ідэалагічным рупарам БСГ узору рэвалюцыі 1905—1907 гг.[8]
Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арьшт, а рэдактар прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Ужо на 1-ы нумар выдання загадам віленскага генерал-губернатара быў накладзены арышт[9], але ён меў «прафілактычны» характар, бо віленская судовая палата яго неўзабаве адмяніла[10]. За змест 3-га, 4-га нумароў пастановаю Віленскай судовай палаты (11 студзеня 1907) выданне было забаронена назаўсёды, афіцыйны рэдактар-выдавец Туркенес быў засуджаны на 1 год крэпасці.
Паводле вызначэння А. Луцкевіча, «Наша доля» была, «як бы апошні водгук мінулай рэвалюцыі і паводле свайго зместу і паводле фразеалогіі нагадвала фразеалогію рэвалюцыйных лісткоў 1905 г.»[11], і менавіта таму не мела легальнай будучыні.