Нацыяналізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыяналізм (фр.: nationalisme) — ідэалогія і кірунак палітыкі, асноватворным прынцыпам якіх з’яўляецца тэза пра каштоўнасць нацыі як вышэйшай формы грамадскага адзінства, яе першаснасці ў дзяржаваўтваральным працэсе. Як палітычны рух нацыяналізм імкнецца да абароны інтарэсаў пэўнай нацыянальнай супольнасці ў адносінах з дзяржаўнай уладай.
У сваім грунце нацыяналізм навучае пэўнасці і адданасці сваёй нацыі, палітычнай незалежнасці і працы на карысць уласнага народа, культурнае і духоўнае ўзрастанне, з’яднанне нацыянальнай самасвядомасці для практычнай абароны ўмоў жыцця нацыі, яе тэрыторыі, эканамічных рэсурсаў і духоўных каштоўнасцей. Ён абапіраецца на нацыянальнае пачуццё, якое роднасна патрыятызму. Гэтая ідэалогія імкнецца да аб’яднання розных слаёў грамадства, нягледзячы на супрацьлеглыя класавыя інтарэсы. Яна аказалася здольнай забяспечыць мабілізацыю насельніцтва дзеля агульных палітычных мэтаў у перыяд пераходу да капіталістычнай эканомікі.
Праз тое, што многія сучасныя радыкальныя рухі падкрэсліваюць сваю нацыяналістычную афарбоўку, нацыяналізм часта асацыюецца з этнічнай, культурнай і рэлігійнай нецярпімасцю (або кожнай іншай непрыязнасцю да этнічна «іншых»). Такая нецярпімасць асуджаецца прыхільнікамі нацыяналізму.
СМІ «нацыяналізмам» часта называюць этнанацыяналізм, асабліва яго крайнія формы (шавінізм, ксенафобія і інш.), якія робяць акцэнт на перавазе адной нацыянальнасці над астатнімі. Многія праявы крайняга этнанацыяналізму, уключаючы распальванне міжнацыянальнай варожасці і этнічную дыскрымінацыю, адносяцца да міжнародных парушэнняў права.