![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/03/%25D0%259D%25D0%25B0%25D0%25B2%25D0%25B0%25D0%25B3%25D1%2580%25D1%2583%25D0%25B4%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25B0%25D0%25B5_%25D1%259E%25D0%25B7%25D0%25B2%25D1%258B%25D1%2588%25D1%2588%25D0%25B0_%25282001%2529.svg/langbe-640px-%25D0%259D%25D0%25B0%25D0%25B2%25D0%25B0%25D0%25B3%25D1%2580%25D1%2583%25D0%25B4%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25B0%25D0%25B5_%25D1%259E%25D0%25B7%25D0%25B2%25D1%258B%25D1%2588%25D1%2588%25D0%25B0_%25282001%2529.svg.png&w=640&q=50)
Навагрудскае ўзвышша
From Wikipedia, the free encyclopedia
Навагрудскае ўзвышша знаходзіцца ў Навагрудскім, па захадзе Карэліцкага, усходзе Дзятлаўскага, поўдні Слонімскага (адгор’і) раёнаў Гродзенскай вобласці, поўначы і паўночным захадзе Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі, з’яўляецца часткай Беларускай грады. Мяжуе са Слонімскім узвышшам, Стаўбцоўскай і Баранавіцкай нізінамі, Капыльскай градой і Нёманскай нізінай[1].
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/03/%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%B3%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0_%282001%29.svg/320px-%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%B3%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0_%282001%29.svg.png)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/73/%D0%A4%D0%B0%D1%80%D0%BD%D1%8B_%D0%BA%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%B7_%D0%B3%D0%B0%D1%80%D1%8B.jpg/640px-%D0%A4%D0%B0%D1%80%D0%BD%D1%8B_%D0%BA%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%B7_%D0%B3%D0%B0%D1%80%D1%8B.jpg)
Плошча 4,4[1] тыс. км², працягнулася з поўначы на поўдзень на 72 км, з захаду на ўсход па 45—50 км. Вышыня да 323 м — Замкавая гара (Пуцэвічы), за 3 км на захад ад Навагрудка.
Перадумовы ўзнікнення Навагрудскага ўзвышша абазначыліся ўжо ў рэльефе крышталічнага фундамента, дзе выяўлена серыя невялікіх выступаў. Навагрудскае ўзвышша прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты на цэнтральным і паўночна-ўсходнім участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўднёвым — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны.
Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—300 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найбольш развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. У фарміраванні ўзвышша ўдзельнічалі ледавікі чатырох зледзяненняў, у тым ліку апошняга для гэтай тэрыторыі — сожскага. Яно складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення на паверхні намнажаліся лёсападобныя суглінкі, якія лёгка размываюцца снегавымі водамі і ліўневымі дажджамі. Тут утварыліся шматлікія яры.
На Навагрудскім узвышшы вылучаюць 3 тыпы рэльефу[2]. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні знаходзяцца ў цэнтры ўзвышша, на поўдзень ад г. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Абсалютная вышыня тут 300—323 м, глыбіня расчлянення 30—60 м/км², даўжыня град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам старажытных лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф характэрны на большай частцы ўзвышша. Вышыня 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м, густата расчлянення да 2—3 км/². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/²) расчляненнем схілаў. Заходнія схілы ўзвышша нешырокай паласой аблямоўвае водна-ледавіковая раўніна. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі.
Карысныя выкапні: мел, керамічная гліна, пясчана-жвіровы матэрыял, жалезныя руды (Навасёлкаўскае радовішча).
Сярэднія тэмпературы студзеня −6,6 °C, ліпеня 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (горад Навагрудак). Рачная сетка належыць да басейна Нёмана. Найбольшая рака, якая цячэ па ўзвышшы — Моўчадзь. На схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач, Нёўда, Валоўка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28 % тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах ракі Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Разарана 41 % тэрыторыі.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/20/Svityaz_Lake_in_Belarus.jpg/640px-Svityaz_Lake_in_Belarus.jpg)
На поўдзень ад Навагрудка апетае А. Міцкевічам славутае возера Свіцязь, якое ўваходзіць у Свіцязянскі ландшафтны заказнік.