From Wikipedia, the free encyclopedia
Міратворчая рота Беларусі — падраздзяленне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прызначанае для міратворчых місій.
Міратворчая рота Беларусі | |
---|---|
| |
Гады існавання | з 2005 |
Краіна | Беларусь |
Уваходзіць у |
|
Тып | міратворчыя сілы |
Колькасць |
100 чалавек (пастаянныя сілы) 200 чалавек (рэзервовы кампанент) |
Дыслакацыя | Віцебск |
Удзел у | |
Камандзіры | |
Дзеючы камандзір | Сяргей Ягораў (камандзір на люты 2023[1]) |
Вядомыя камандзіры | Дзмітрый Рабіхін (першы камандзір), Ігар Гіль (камандзір на момант казахстанскай аперацыі[2]) |
У 2004 годзе на саміце Савета еўраатлантычнага партнёрства ў Стамбуле беларуская дэлегацыя заявіла аб намеры падрыхтаваць уласны міратворчы воінскі кантынгент. На думку ўрада, удзел краіны ў міратворчай дзейнасці з’яўляецца адной са значных сфер знешнепалітычнай дзейнасці дзяржавы, якая спрыяе павышэнню аўтарытэту рэспублікі на міжнароднай арэне. Для гэтага была створана нарматыўная прававая база, якая вызначае парадак удзелу беларускіх прадстаўнікоў у міратворчай дзейнасці[3]. Практычным крокам на шляху да гэтага стала комплекснае аператыўна-тактычнае вучэнне «Шчыт Айчыны-2004», у рамках якога ўпершыню было праведзена даследчае вучэнне з падраздзяленнем 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады па выкананні задач міратворчай аперацыі. Беларускія вайскоўцы даволі паспяхова адпрацавалі пытанні, звязаныя з адлюстраваннем нападу на гуманітарны канвой і аховай лагера бежанцаў[4].
Ужо ў 2005-м была канчаткова сфарміравана міратворчая рота. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, новае падраздзяленне камплектавалася выключна вайскоўцамі, якія праходзяць службу па кантракце. У яго абсталяванне і падрыхтоўку былі ўкладзены значныя сілы і сродкі. Вайскоўцы роты пачалі праходзіць спецыяльную падрыхтоўку на розных моўных і міратворчых курсах за мяжой. Першапачаткова яна ўвайшла ў 120-ю механізаваную брыгаду, але пазней перададзена 103-й паветрана-дэсантнай[5].[6][7].
2 жніўня 2010 года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №400 «Аб накіраванні вайскоўцаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы»[8]. У Ліван беларусы прыбылі 17 лістапада[9]. На 2020 год сем беларусаў дзейнічалі ў Ліване і двое пры місіі АБСЕ ва Украіне[7]. У
6 студзеня 2022 рота накіравана для ўдзелу ў міратворчай аперацыі АДКБ на тэрыторыі Казахстана[10]. Байцы падраздзялення ўзялі пад ахову аэрадром «Жэтыген» і арсенал артылерыйскіх боепрыпасаў у горадзе Капшагай. Работу каардынавалі намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Сяргей Андрэеў і камандзір батальёна-тактычнай групы Сяргей Красоўскі, якія разам з ротай знаходзіліся ў Казахстане[11]. Ужо 14 студзеня беларускія міратворцы, у сувязі з хуткім завяршэннем місіі, вярнуліся дадому[12]. Сустракаць іх на аэрапорт у Мачулішчах прыехаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка[13].
Арганізацыйна-штатная структура міратворчай роты складаецца з упраўлення (4 вайскоўцаў) і двух узводаў — навучальнага (4 вайскоўцаў) і міратворчага (32 вайскоўцаў). У складзе кожнага ўзвода маюцца штатныя інструктара. Дадзеныя сілы з’яўляюцца пастаянным складам. Прадугледжана яшчэ 200 чалавек пераменнага складу. Гэта вайскоўцы, якія праходзяць службу па кантракце ў розных злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл. Яны з’яўляюцца кандыдатамі для камплектавання міратворчых падраздзяленняў у выпадку прыняцця на вышэйшым палітычным узроўні адпаведнага рашэння. Усе яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку і ў пісьмовай форме выказалі сваю згоду на ўдзел у дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у зборах і вучэннях, падчас якіх удасканальваюць індывідуальную падрыхтоўку і адпрацоўваюць практычныя дзеянні ў складзе падраздзяленняў[6]. Вядома аб наяўнасці ў роце бронетранспарцёраў БТР-80 і квадрацыклаў, байцы ўзброены аўтаматамі АКС-74, кулямётамі ПКМ, снайперскімі вінтоўкамі СВД, падствольных гранатамётамі ГП-25 і пісталетамі ПМ. Зброя абсталёўваецца аптычнымі, каліматарнымі і начнымі прыцэламі, на некаторых вінтоўках — тэлескапічныя прыклады[14].
Адбор і падрыхтоўка байцоў падраздзялення праходзіць у тры этапы[6].
Спачатку кандыдаты ў міратворчую роту павінны мець адпаведныя прафесійныя, маральна-дзелавыя якасці і стан здароўя. На першапачатковым этапе камандзіры часцей і падраздзяленняў самі ажыццяўляюць адбор вайскоўцаў. Сярод іх могуць быць як афіцэры, прапаршчыкі, так і салдаты, сяржанты. Затым кандыдаты прыбываюць на факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ваеннай акадэміі, дзе здаюць экзамен па англійскай мове. Пасля паспяховага тэставання яны 3 месяцы навучаюцца на курсе па вывучэнні асноў міратворчай дзейнасці і павышэнню ведаў замежнай мовы.
Вывучаюць таксама міжнароднае гуманітарнае права, асновы міратворчай дзейнасці, маральна-псіхалагічную і тактычную падрыхтоўку, удасканальваюць веды англійскай. У ходзе навучання на курсе працягваецца вывучэнне кандыдатаў, а па выніках вучобы і выпускных экзаменаў лепшыя з іх залічваюцца ў пераменны склад.
Наступны этап доўжыцца ад некалькіх тыдняў да месяца. Вайскоўцы ўдзельнічаюць у зборах і вучэннях у складзе зводнага ўзвода і роты непасрэдна ў міратворчай роце, выкарыстоўваючы наяўныя ў падраздзялення вучэбную матэрыяльную базу, экіпіроўку, рыштунак і ўзбраенне. Апошні этап падрыхтоўкі праходзіць непасрэдна перад камандзіроўкай міратворчага падраздзялення ў раён выканання задач: удасканальваюцца навыкі асабістага складу пры выкананні задач і праводзяцца ўсе этапы баявога зладжвання падраздзялення.
З моманту падпісання кіраўнікамі дзяржаў-членаў АДКБ пагаднення аб міратворчай дзейнасці адпрацоўка задач міратворчых падраздзяленняў праводзілася ў рамках вучэнняў «Непарушнае братэрства» ў 2012 годзе ў Казахстане, у 2013 годзе ў Расіі, у 2014 годзе ў Кіргізіі[15], у 2015 годзе ў Арменіі[16], у 2016 годзе ў Беларусі[17], запар у 2017[18] і 2018[19] гадах у Расіі, у 2019 годзе ў Таджыкістане[20] і ў 2020 зноў у Беларусі[21]. Тут падраздзяленні адпрацоўваюць суправаджэнне калон з гуманітарнымі грузамі, занятак міратворчымі кантынгентамі сваіх зон адказнасці, ахову, аказанне першай медыцынскай дапамогі ў рамках сама- і ўзаемадапамогі, патруліроўнне мясцовасці, арганізацыі работ кантрольна-прапускных пунктаў, адпрацоўку дзеянняў пры выкананні задач па супрацьдзеянні масавым беспарадкам і адлюстраванне нападаў баевікоў.
У кастрычніку 2019 было падпісана тэхнічнае пагадненне паміж Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны Італьянскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў рамках сумеснага ўдзелу ў місіі Часовых сіл Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Ліване. Пагадненне заключана з Італіяй па той прычыне, што за Сектар «Захад» са штабам місіі UNIFIL у горадзе Эн-Накура, дзе размяшчаецца беларускі кантынгент, адказваюць УС Італіі. Міністэрства абароны Італіі таксама прафінансавала навучанне чатырох беларускіх вайскоўцаў італьянскай мове пры пасольстве Італіі ў Мінску. Таксама італьянскі бок даў беларускім сілам на бязвыплатнай аснове харчаванне, стратэгічную перакідку паветраным і марскім транспартам, месца для захоўвання абсталявання і боепрыпасаў, аказанне першай медыцынскай дапамогі і медыцынскую эвакуацыю ў ваенныя медыцынскія ўстановы ўзроўню «1+» і «2»[14].
У пачатку сакавіка 2020 года на палігоне 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады прайшла сумесная трэніроўка з удзелам вайскоўцаў міратворчай роты і батальёна марской пяхоты Узброеных сіл Вялікабрытаніі. Трэніроўка прадугледжана ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва па пытаннях падрыхтоўкі беларускіх міратворцаў. У той жа час, як растлумачыў аташэ па пытаннях абароны пры Пасольстве Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь падпалкоўнік Цімафі Уайт-Байкот, яна не з’яўлялася часткай якіх-небудзь шматбаковых вучэнняў і накіравана выключна на навучанне асабістага складу і абмен вопытам. У трэніроўцы былі задзейнічаны 28 вайскоўцаў 42-га батальёна марской пяхоты узброеных сіл Вялікабрытаніі. На палігоне Лосвіда прайшлі заняткі па медыцынскай, тактычнай, інжынернай, агнявой падрыхтоўцы[22].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.