From Wikipedia, the free encyclopedia
Маярдо́м (лац.: major domus — старэйшы па двары, фр.: maire du palais), ці палатны мэр — старэйшы саноўнік палаца часоў Меравінгаў.
У сувязі з паслабленнем каралеўскай улады дынастыі Меравінгаў у сярэдзіне VII стагоддзя пачынае набываць асаблівую сілу пасада маярдома. Цяжка вызначыць першапачатковае значэнне гэтай пасады.
Меркаванне (Лудэн), што маярдомы загадвалі каралеўскай маёмасцю, раздачай бенефіцыяў і ленаў дружыннікам — адпрэчана, з прычыны таго, што пры Меравінгах не было раздачы зямель ва ўмоўнае ўладанне. Маярдомам завуць часам Subregulus; адсюль, паводле іншага меркавання (Цынкейзен), маярдом — начальнік каралеўскага двара, які замяняў караля падчас яго адсутнасці.
Хутчэй за ўсё маярдом быў выканаўцам абавязкаў ранейшага сенешаля, які кіраваў усімі каралеўскімі чыноўнікамі і палацавай гаспадаркай («міністр двара»). Паступова пасада сенешаля атрымала большае значэнне, і ён стаў звацца majordomus regiae. Маярдомы загадвалі цяпер ужо не толькі прыдворнай службай, але кіравалі маёнткамі караля, засяродзіўшы ў сваіх руках ваенную і адміністрацыйную ўладу, выконвалі судовыя функцыі і сталі фактычнымі главамі дзяржаў, адхіліўшы ад улады «лянівых» каралёў. Пасада маярдома, якая раней залежала ад караля, становіцца падпарадкаванай магутнай арыстакратыі, якая выбірала маярдома са свайго асяроддзя.
Перавагу маярдомы атрымалі яшчэ пры Хлотары II і асабліва пры яго сыне Дагаберце I (628—638). Асабліва выбілася фамілія палатных мэраў Аўстразіі (Арнульфінгі ці Піпініды), родапачынальнікам якой быў Арнульф, біскуп Мецкі. Разам з Піпінам Ландэнскім ён кіраваў Аўстразіяй пры Хлотары II. Сын Піпіна, Грымаальд Старэйшы (642/643—656), ужо задумаў абвясціць каралём Аўстразіі свайго сына, але заўчасная спроба не мела поспеху. Піпін Герыстальскі, разумны і храбры маярдом, разбіў у 687 годзе нейстрыйскага маярдома Берхара (бітва пры Тэртры); улада ў Нейстрыі і Бургундыі перайшла ў яго рукі, пасада маярдома стала спадчыннай, і Піпін прыняў тытул dux et princeps Francorum. Роля караля стала мізэрнай, ён быў цалкам адхілены ад спраў.
У хроніках таго часу была нават формула: «Regnante rege, gubernante majore domus». Карл Мартэл стаў адзіным маярдомам і князем франкаў і нават не лічыў патрэбным замяшчаць памерлага Меравінга новым каралём. Яго сын Піпін Кароткі саслаў у манастыр апошняга Меравінга, Хільдэрыка III (751), быў абвешчаны каралём і памазаны папам Захарыем на прастол. З яго пачынаецца дынастыя Каралінгаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.