вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Маце́евічы[1] (трансліт.: Maciejevičy, руск.: Матеевичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Блужскага сельсавета. Месціцца за 32 км на поўдзень ад Мар’інай Горкі, 87 км ад Мінска, 13 км ад чыгуначнай станцыі Талька, каля рэк Сіняўка і Таль.
Вёска
Мацеевічы
|
Мацеевічы вядомыя з канца XIV стагоддзя. Уваходзілі ў склад Менскага павета Вялікага княства Літоўскага. У канцы XVI стагоддзя вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства, шляхецкая ўласнасць.
14 верасня 1647 года маёнтак Мацеевічы быў аддадзены ў «вечнае карыстанне» Данілу Скіндэру, 15 кастрычніка гэтага года быў складзены інвентар маёнтка. Склаў яго шляхціц Самуіл Булгак. У інвентары пералічваюцца 28 гаспадароў: Фёдар Кнайка, Сідар Весняловіч, Зміцер Грыц, Янка Мельнік, Пракоп Копач, Давід Шчурок, Ціт Падвойскі, Сідар Каліта, [?] Кургановіч, Антон Севасцей, Сямён Церашковіч і інш. У Фёдара Кнайкі ў гаспадарцы 2 валы, кабыла з жарабём, карова з падцёлкам, авечак 3, свіней 3. У астатніх гаспадароў прыкладна тое ж[2].
У 1733 годзе браты Скіндэры падзялілі мацеевіцкія землі. Старэйшаму Міхаілу адышлі Мацеевічы, астатнія браты — Юзаф, Станіслаў, Іван і Браніслаў узялі сабе Арэшкавічы і Слабодку[2].
28 лютага 1736 года Скіндэры прадалі палову Мацеевіч Раману Манціцкаму, а той яе прадаў падстолім Янішэўскім. Янішэўскія фундавалі касцёл на Сарафінавай гары і на Мацеевіцкую уніяцкую царкву[2].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
У пачатку XIX стагоддзя сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, уласнасць Серафімаўскага францысканскага манастыра і шляхціца Лісоўскага. Па рэвізіі 1811 года Лісоўскі меў 88 мужчынскіх душ. Былі Троіцкая царква, карчма, вадзяны млын на рацэ Мацееўка.
У 1830—1850-я гады ўладальнікамі мацеевіцкіх зямель былі памешчык Тамаш Лісоўскі і дзяржава (нацыяналізаваныя землі кляштара). У 1859 годзе мацеевіцкі маёнтак набывае Юльян Булгак: «Юльян Хрызастомаў Булгак купіў у 1859 годзе ў памешчыкаў Лісоўскіх Антона і Канстанціна маёнтак Каміонка, ці Мацеевічы з сялянамі па апошнім 10-м народным перапісу 41 душа мужчынскага полу і 47 душ жаночага полу».
У 1855 годзе адкрыта школа граматы (у 1890 годзе вучылася 17 хлопчыкаў). У 1897 годзе сяло ў Амяльнянскай воласці, дзейнічалі царква і капліца. У 1902 годзе заснаваны вінакурны завод (у 1913 годзе 5 рабочых).
У лістападзе 1917 года ў Мацеевічах адбывалася сялянскае хваляванне.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Амяльнянскай воласці накіроўвалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[3]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёмасць нацыяналізаваная. У пачатку 1920-х гадоў працавала школа 1-й ступені. У пачатку 1930-х гадоў адбылася прымусовая калектывізацыя, заснаваны калгас «Мацеевічы», дзейнічала кузня.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Суцінскага сельсавета[4].
У вёсцы раней працавала Мацеевіцкая школа. У 1920-я гады яна была чатырохкласная і месцілася на ўскраіне вёскі Мацеевічы, на Слабадзе. У 1930-я гады яе перанеслі ў колішні маёнтак Булгака, тады настаўнікамі былі: Дылеўская, Міралевіч, Пармон, Лёва Мендэлевіч, Падзвінскі. У час Другой сусветнай вайны школа некаторы час працавала — дырэктарам быў Франц Скіндэр, а настаўніцай Ганна Якімчык. Пасля вайны школа стала сямігодкай і размяшчалася ў 13 пакоях дома Булгака. У той час у школе было каля 130 вучняў. Мацеевіцкую школу закрылі ў 1976 годзе. Мацеевіцкія дзеці пайшлі вучыцца ў Тальку, а потым у Суцін. Будынак школы цяпер у паўразбураным стане, а з 1997 года яго пачалі расцягваць людзі[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.