Кембрыджскі дакумент
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кембрыджскі дакумент, Кембрыджскі Ананім (па месцы захоўвання ў бібліятэцы Кембрыджскага ўніверсітэта), або пісьмо Шэхтэра (па імені першаадкрывальніка) — рукапіс на старажытнаяўрэйскай мове. Змяшчае фрагмент пісьма неназванага яўрэя, падданага хазарскага цара Іосіфа да неназванага гаспадара з міжземнаморскай краіны. Адзін з двух (нароўні з пісьмом цара Іосіфа) пісьмовых помнікаў хазарскага паходжання.
Аўтар на момант напісання знаходзіўся ў Канстанцінопалі. Адрасатам пісьма з высокай ступенню верагоднасці з’яўляецца кордаўскі саноўнік Хасдай ібн Шапрут, які збіраў звесткі пра Хазарыю. Прыкладны час напісання — 949 год[1].
У пісьме маюцца ўнікальныя звесткі па гісторыі і рэлігіі хазараў, перасяленне яўрэяў у Хазарыю, дзейнасць трох апошніх хазарскіх цароў: Веніяміна, Аарона і Іосіфа. Асаблівую цікавасць уяўляе апавяданне пра сучасную аўтару руска-хазарска-візантыйскую вайну ў Прычарнамор’і, дзе рускім правадыром названы H-l-g-w, што перадае дакладную скандынаўскую форму імя Алег.
Рукапіс (шыфр T-S Misc.35.38) па палеаграфічных прыкметах датуецца канцом XI стагоддзя. Напісаны на паперы. Складаецца з двух лістоў, якія маюць тэкст на абодвух баках. Верхняя частка пашкоджана. Пачатак і канец дакумента адсутнічаюць.