Каракумы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Каракумы, Каракумы Туркменскія — пясчаная пустыня на поўдні Сярэдняй Азіі, у Туркменістане.
Каракумы? | |
---|---|
40°30′ пн. ш. 60° у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Туркменістан |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На поўначы і паўночным усходзе абмежавана Сарыкамышскай катлавінай і далінай Амудар’і, на паўднёвым усходзе — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на поўдні — падгорнай раўнінай Капетдага, на захадзе — сухім рэчышчам Заходняга Узбоя. Плошча каля 350 тыс. км².
Каракумы ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на поўдні — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на поўдні — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах старажытных рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза-Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе Каракумаў вылучаюцца: паўночныя Заунгузскія Каракумы, або Заунгузскае плато (вышыня пясчаных град да 40—60 м); паўднёвыя Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўднёва-Усходнія Каракумы (вышыня град ад 3—5 да 30 метраў). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх Каракумаў размешчаны Унгуз. У Паўднёва-Усходніх Каракумах знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. На паўночным усходзе пустыні знаходзіцца бяссцёкавая ўпадзіна Акчакая[1].