Канут Русецкі (польск.: Kanuty Rusiecki, руск.: Канут Иванович Русецкий; 20 студзеня 1801, Сцебякі каля Панявежа — 21 жніўня 1860, Вільня) — беларуска-польска-літоўскі мастак.
Канут Русецкі | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 10 лютага 1800 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 жніўня 1860[1][2] (60 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Баляслаў Русецкі |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт і пейзаж |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | пераходны ад класіцызму да рамантызму |
Уплыў на | Альфрэд Ромер, Вікенцій Леапольд Сляндзінскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Жыццяпіс
Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям’і віленскага суддзі Яна Русецкага і Тэрэзы з Рамановічаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у бернардынскай школе ў Трашкунах (1809—1815). У 1816 годзе пачаў вучобу ў Віленскім універсітэце — спачатку на факультэце права, таксама вучыўся архітэктуры на фізіка-матэматычным факультэце. У 1818 паступіў у школу мастацтваў пад кіраўніцтвам Яна Рустэма і з гэтага часу прысвяціў сябе мастацтву. Займаўся таксама скульптурай у Казіміра Ельскага. Дэбютаваў на першай выстаўцы вытанчаных мастацтваў у Вільні (1820). Падчас вучобы ва ўніверсітэце быў звязаны з філаматамі. Пазней вучыўся ў Парыжскай школе выяўленчых мастацтваў (фр.: E'cole des Beaux-Arts, 1821—1822) у вядомага мастака-неакласіцыста Гіёма Гіён-Лецьера. У Парыжы наведвае разнастайныя музеі, галерэі, майстэрні.
Выяўляе крытыцызм у дачыненні да акадэмічных сюжэтаў з грэчаскай і рымскай міфалогіі пад уплывам папулярнага ў той час рамантызму. У сваім дзённіку 17 чэрвеня 1822 года адзначае:
«Лічу, што найбольш адпаведным прызначэнню мастака, асабліва ў нашым краі, дзе шмат подзвігаў нашых гераічных продкаў ляжаць у занядбанні, вартым прысягнуць, вярнуўшыся на радзіму, не імкнуцца да гісторыі грэкаў ці рымлян, бо гэтыя матэрыялы вычарпаныя і ў іх цяжка быць арыгінальным, але заўсёды працаваць з нашай гісторыяй і краем»[3].
Навучанне ў Парыжы зрабіла Русецкага прыхільнікам французскай школы жывапісу, самога сябе ён акрэсліваў як «вучня французскай школы». Але неўзабаве ён перабіраецца ў Рым, дзе пачынае навучацца ў Французскай акадэміі пад кіраўніцтвам Антуана-Жана Гро. З 1823 года навучаецца ў Вінчэнца Камучыні ў Акадэміі Святога Лукі, бярэ ўрокі скульптуры ў рымскай студыі Бертэля Торвальдсэна. У 1824 годзе навучаецца мастацтву італьянскай мазаікі ў Барталамеа Тамбрэлі. Падчас вучобы ў Рыме быў нефармальным лідарам мясцовых польскіх артыстаў:
«Дзеці падзеленай Айчыны, збіраемся разам з розных дзяржаў на зямлі пакрытай лаўрамі, назіраючы за подзвігамі Герояў свету, распальваем у сабе гарачае жаданне славы, а калі ж загібела і прыйшла да заняпаду наша Айчына, гэты святы саюз дакладна будзе сэрцам і агнём Народа»[3].
Італьянскі перыяд быў надзвычай плённы. Выконвае копіі фрэсак Рафаэля ў Ватыкане. У 1825 годзе робіць сем копій карцін Рафаэля ў Неапале. У 1829 годзе на выстаўцы ў Вільні экспанаваліся дзве копіі Русецкага з карцін Тыцыяна. Піша серыю відаў Рыма і яго помнікаў. У 1825 і 1827 гадах выпраўляецца ў Неапаль, піша Везувій. У 1826 годзе нарэшце атрымаў стыпендыю ад Віленскага ўніверсітэта на навучанне за мяжою, што значна палепшыла яго фінансавае становішча.
Вярнуўшыся ў Вільню ў 1831 годзе, даваў прыватныя ўрокі малявання. У 1834 годзе стаў настаўнікам у віленскім дваранскім пансіёне пры гімназіі, пазней у Дваранскім інстытуце. У яго класе атрымалі першыя ўрокі выяўленчага мастацтва Альберт Жамет, Альфрэд Ромер, Тадэвуш Гарэцкі, Ян Зянкевіч, Вікенцій Леапольд Сляндзінскі.
З 1839 годзе ўключаны ў склад камітэта па аднаўленні Віленскага кафедральнага сабора, займаўся кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для касцёлаў абразы. Напрыклад, для касцёла Святой Тэрэзы стварыў некалькі алтарных абразоў, а таксама аднавіў некаторыя, знішчаныя ў час вайны 1812 года. Акрамя абразоў для віленскіх касцёлаў маляваў і для касцёлаў іншых малых мястэчак.
У 1841 годзе Канут Русецкі наведаў Белавежскую пушчу, дзе стварыў з натуры серыю эцюдаў для карціны «Паляванне на зубраў» (1844—1851). Напісаў шэраг пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнаграфічная дакладнасць спалучаецца з выразнай манерай пісьма.
У 1843 годзе наведаў Пецярбург, а ў 1852 годзе на выстаўцы Імператарскай акадэміі мастацтва дэманстравалася яго карціна «Святая Марыя Магдалена», за што мастак атрымаў грашовую прэмію.
У 1856—1858 гадах разам з Вінцэнтам Дмахоўскім і Казімірам Ельскім спрабаваў стварыць у Вільні публічную мастацкую галерэю і мастацкую школу, але гэтыя спробы не атрымалі падтрымкі мясцовых уладаў.
Быў жанаты з Антанінай Чарвінскай, меў пяцярых дзяцей — Ганну, Баляслава, Тадэвуша, Міхала і Праспера. Пахаваны на Бернардынскіх могілках у Зарэччы ў Вільні.[4]
Творчасць
Пісаў карціны на рэлігійныя тэмы, пейзажы і акварэльныя партрэты. Таксама капіраваў італьянскія палотны, паўтараў мастакоў італьянскага Рэнесансу. Падчас вучобы за мяжой пісаў творы з міфалагічнымі і рэлігійнымі матывамі, партрэты, рымскія пейзажы. У сваіх карцінах выкарыстоўваў выразны малюнак і гладкую паверхню.[4]
Аўтар твораў «Італьянец, які ўсміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэта, партрэта сына Баляслава (1843), «Жняя» і «Партрэт бацькі» (1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Поплавах» (1855), «Селянін з венікамі» (1851) і інш. 330 твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі. У кафедральным саборы св. Станіслава і св. Уладзіслава ў Вільнюсе знаходзяцца тры вялікіх карціны Русецкага — «Звеставанне Найсвяцейшай Багародзіцы», «Уцёкі ў Егіпет», «Таемная вячэра» (1855). Падчас консервацыйных работ у 1927 высвятлілася, што цяперашнія скрыжаваныя далоні выявы Божай Маці Вострабрамскай з’яўляюцца вынікам панаўлення абраза, выкананага К. Русецкім.[4]
Пасля смерці мастака яго сын Баляслаў захаваў майстэрню, а ў 1913 годзе перадаў творы бацькі ў віленскі музей. Невядомы лёс большай часткі вялікіх карцін з прыватных калекцый, а таксама раскіданых па літоўскіх касцёлах твораў. Па меркаванні Владаса Дрэмы, аўтара біяграфіі мастака, знікла значная частка твораў Русецкага ці, прынамсі, лёс шматлікіх твораў невядомы.[4]
Літоўка з вербамі
Памеры 34х45 см. Дзяўчына, паводле некаторых меркаванняў — беларуска ў нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала, карціна набытая І. Луцкевічам для Беларускага музея (у інвентары жывапісу музея № 89). Зараз твор знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея (экспануецца ў доме-музеі Ваньковічаў). К. Русецкі неаднойчы рабіў яе копіі, адна з іх знаходзілася ў Таварыстве сяброў навук (зараз — у калекцыі Віленскай карціннай галерэі), яшчэ адна належала Ю. Курнатоўскаму.
- «Жняя» (1844)
- «Літоўка з вербамі» (1847)
- «Апенінскія горы з козамі»
- «Паляванне на зубра»
- «Манастыр ля мора ўначы»
Зноскі
- Kanuty Rusiecki // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- Kanuty Rusiecki // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- Наваградскі край вачыма Канута Русецкага : каталог выставы рэпрадукцый малюнкаў з альбома 1844—1846 гг. (Мірскі замак, 26 ліпеня — 30 верасня 2013 г.) / Музей «Замкавы комплекс „Мір“», Бібліятэка Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх; [складальнік К. Карлюк]. — Мінск : Медисонт, 2013. — 40 с.
- Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy…
Літаратура
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.