Запыт «Канстанцін I» перанакіроўваецца сюды; гл. таксама іншыя значэнні.
Канстанцін I Вялікі, Фла́вій Вале́рый Аўрэ́лій Канстанці́н (лац.: Flavius Valerius Aurelius Constantinus; 274, Нес (цяпер Ніш у Сербіі) — 22 мая 337, каля Нікамедыі ў Малой Азіі) — імператар рымскі, заснавальнік Канстанцінопаля, прылічаны праваслаўнай царквой да святых — святы роўнаапостальны.
Хуткія факты рымскі імператар, Вялікі пантыфік ...
Закрыць
Сын імператара Канстанцыя Хлора ад першага шлюбу з Еленай, дачкой карчмара. Пасля смерці бацькі, у Брытаніі (306), Канстанцін быў абвешчаны войскам імператарам. Паспяхова ваяваў з варварскімі плямёнамі ў Германіі і Галіі. У 312 пасля разгрому войскаў імператара-узурпатара Максенцыя, Канстанцін уступіў у Рым і стаў валадаром заходняй часткі Рымскай імперыі. У памяць гэтай перамогі ў Рыме была ўзведзеная трыумфальная арка, якая захавалася дагэтуль. У 324 Канстанцін разбіў у некалькіх бітвах легіёны Ліцынія, валадара Усходу імперыі, і стаў адзінаўладным імператарам усёй Рымскай дзяржавы. Хрысціянства Канстанцін зрабіў пануючай у імперыі рэлігіяй. Пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны і праведзены хрысціянскай Царквой 1-ы Сусветны сабор. У 330 Канстанцін перанёс сталіцу дзяржавы ў Новы Рым, пабудаваны на беразе Басфора і ў потым названы Канстанцінопалем. Рэарганізаваў дзяржаўны лад, правёў фінансавую і падатковую рэформы. Падушыў мяцеж Калокера на Кіпры і паўстанне яўрэяў. Змагаўся з ерасямі данатыстаў і арыянаў. Быў жанаты на Фаўсце, дачцэ імператара Максіміана Геркулія, і меў ад яе трох сыноў і трох дачок. Старэйшага, пазашлюбнага сына нарадзіла яму простая нязнатная жанчына Мінервіна. Перад смерцю Канстанцін ахрысціўся. Быў пахаваны ў магільні канстанцінопальскага храма Святых Апосталаў; магіла Канстанціна Вялікага і сам храм не захаваліся да нашых дзён. У Візантыйскай імперыі Канстанцін лічыўся ўзорным імператарам; у якасці рытарычнай хвалы візантыйцы звалі сваіх васілеўсаў — «новы Канстанцін».