Каламіцкі заліў
заліў Чорнага мора / From Wikipedia, the free encyclopedia
Каламіцкі заліў (укр.: Каламітська затока) — заліў у паўночнай частцы Чорнага мора ля берагоў Крыма[1].
Каламіцкі заліў | |
---|---|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Удаецца на 13 км у Крымскі паўвостраў паміж мысамі Еўпатарыйскім (на поўначы) і Лукул (на поўдні). Шырыня каля ўваходу 41 км. Глыбіня ад 5—10 м да 20—30 м. У заліў упадаюць рэкі Альма і Булганак-Заходні. Паўднёвыя берагі заліва абразійныя, гліністыя, паўночныя — акумулятыўныя, пясчаныя. Дно ў прыбярэжнай частцы ўкрыта кварцава-ракушачнікавым пяском з абломкамі ракавін, якія ўтвараюць два паралельныя з берагам падводныя валы (Еўпатарыйскія банкі). На глыбіні звыш 20 м пашыраны мулы.
Тэмпература вады ўлетку 22…24 °C, узімку 0,6…0,7 °C. Салёнасць вады 18 ‰. З прамысловых рыб водзяцца хамса, стаўрыды.
Узбярэжжа Каламіцкага заліва — раён рэкрэацыі. У яго паўночнай частцы горад і курорт Еўпаторыя.