Вострая брама
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Во́страя бра́ма (па-літоўску: Aušros Vartai, па-польску: Ostra Brama, па-англійску: Gate of Dawn) — адзін з найважнейшых помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні, аб'ект рэлігійнага паломніцтва і свецкага турызму. Уяўляе сабой адзіную захаваную браму гарадской сцяны і капліцу з цудадзейнай Іконай Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — Апякункі Беларусі і Літвы.
Славутасць | |
Вострая брама | |
---|---|
літ.: Aušros Vartai | |
54°40′28″ пн. ш. 25°17′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Першае згадванне | 1503 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На сённяшні момант не існуе адзінай версіі паходжання назвы. Вядома, што гэту браму спрадвеку называлі Вострай (па-польску: Ostra Brama, па-літоўску: Aštria broma).
Ёсць версіі, што назва паходзіць ад першапачатковых гатычных шпіляў на вежы, ад назвы квартала Вільні — Востры канец, ад формаў вуліцы, якая звужаецца каля брамы, а таксама ад родавага імя Канстанціна Астрожскага.
Літоўская назва Aušros Vartai («Брама Світанку») з'явілася ў літоўскіх газетах пачатку XX стагоддзя, але падаецца бессэнсоўнай, бо брама павернутая не на ўсход. Часам брама называлася Медніцкай, бо ад яе пачынаўся шлях да Медніцкага замка, што ў 30 км ад Вільні.
Дзеля ўзмацнення абароны горада біскуп віленскі Войцех Табар разам з мясцовай радай пастанавілі абнесці мурамі межы Вільні. Муры пабудавалі вельмі хутка, і 2 кастрычніка 1503 года біскуп урачыста асвяціў увесь абвод горада.
Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503 – 1522 гг. разам з пяццю іншымі, а пазней колькасць брамаў дасягала дзевяці. Праз некалькі гадоў над аркай брамы дабудаваны фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесанс. Атык дэкараваны Пагоняй, які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермеса ў крылатым шлеме. Ніжэй у нішы знаходзілася ікона Збаўцы. У 1923 у нішы быў змешчаны барэльеф у выглядзе выявы герба Польшчы.
У 1621 — 1626 гг. ля самой Вострай брамы быў заснаваны кляштар кармелітаў босых, а ў 1635 — 1650 гг. быў пабудаваны вельмі прыгожы касцёл Святой Тэрэзы.
Прыкладна ў 1652 у Вільню была прывезена ікона Маці Божай і размешчана ўнутры брамы. Яна не мела сваёй капліцы, былі толькі аканіцы, якія засцерагалі ікону ад дажджу і снегу. Затым кармеліты перанеслі ікону Маці Божай у касцёл Святой Тэрэзы.
З боку горада над брамай у 1671 манахамі кармелітамі пабудаваная драўляная капліца, адмыслова для Іконы Маці Божай Вастрабрамскай. 18 мая 1706 года здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у маі 1715 года знішчыў амаль увесь горад і капліцу. У 1722 была пабудавана каменная капліца, якая рэканструявалася ў 1829 – 1830 гг., у 1927 – 1932 гг. і ў 1993 перад візітам у Літву Яна Паўла II. Пры перабудове ў 1829 – 1830 гг. капліца набыла рысы класіцызму. Яна злучана пабудаванай у 1830 – 1840 двухпавярховай крытай галерэяй з касцёлам Святой Тэрэзы і аздоблена назвай на латыні «Mater misericordiae sub tuum praesidium confugimus» («Маці Міласэрнасці, пад Тваю абарону аддаемся»).
У сярэднявечных гарадах існаваў звычай змяшчаць на гарадскіх брамах іконы, каб абараніць горад ад захопаў і дзеля бласлаўлення падарожнікаў. Так у Вострай браме была змешчана Ікона Маці Божай Міласэрнасці — Вастрабрамскай.
На далейшыя стагоддзі яе выява стала сімвалам горада і аб'ектам пакланення і малітвы хрысціян — католікаў і праваслаўных — Вялікага Княства Літоўскага. Як мінімум з сярэдзіны XIX стагоддзя ўсталяваўся звычай праходзіць Вострую браму з непакрытай галавой на знак шанавання Маці Божай Вастрабрамскай; звычай патрабаваў пры руху з боку горада здымаць шапку ўжо каля касцёла Святой Тэрэзы.
У 1861 – 1863 гг. перад капліцай адбываліся рэлігійна-патрыятычныя маніфестацыі.
Муры капліцы пакрытыя залатымі і срэбнымі абетнымі дарамі вернікаў – вотамі – выявамі галоўным вобразам сэрцаў, а таксама рук, ног і г.д. Першы абетны дар прынесены ў 1702. Ікона Святой Дзевы Марыі была ўрачыста каранаваная залатымі каронамі 2 ліпеня 1927 года ў прысутнасці прэзідэнта Польшчы Юзэфа Пілсудскага. 4 верасня 1993 года падчас наведвання Літвы Ян Павел II маліўся на Ружанцы ў Вастрабрамскай капліцы.
Днём асаблівага шанавання Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці стала 16 лістапада.
Па легендзе, у пачатку 1930-ых гг. каталіцкай манашцы Фаустыне Кавальскай былі з'яўленні Ісуса Хрыста, у адным з якіх ён папрасіў намаляваць Ікону Божай Міласэрнасці. У 1934 падчас знаходжання святой Фаустыны ў Вільні ікона была намалявана мясцовым мастаком Яўгенам Казіміроўскім.
Ікона Божай Міласэрнасці ўпершыню на грамадскі агляд была змешчана ў Вострай браме.
Апошнія гады культ Божай Міласэрнасці перажывае вялікі росквіт, звязаны ў тым ліку з кананізацыяй сястры Фаустыны Кавальскай. Адным з найважнейшых элементаў гэтага культу з'яўляецца ўшанаванне Іконы Божай Міласэрнасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.