![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/91/%25D0%259F%25D1%258F%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%2582%25D0%25BA%25D0%25B0_%25D0%2592%25D0%25B0%25D0%25B9%25D0%25B4%25D1%258B%25D0%25BB%25D1%258B.png/640px-%25D0%259F%25D1%258F%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%2582%25D0%25BA%25D0%25B0_%25D0%2592%25D0%25B0%25D0%25B9%25D0%25B4%25D1%258B%25D0%25BB%25D1%258B.png&w=640&q=50)
Вайдыла
радца вял. кн. літоўскіх Альгерда і Ягайлы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вайдыла (Воидим, Воиниль, Woidiło, Voydiło[1], Woydylo, Вайдила; ? — 1381) — радца вялікіх князёў літоўскіх Альгерда і Ягайлы, староста лідскі (1373—1381).
Вайдыла | |
---|---|
Нараджэнне | XIV стагоддзе |
Смерць | 1381 |
![]() |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/91/%D0%9F%D1%8F%D1%87%D0%B0%D1%82%D0%BA%D0%B0_%D0%92%D0%B0%D0%B9%D0%B4%D1%8B%D0%BB%D1%8B.png/320px-%D0%9F%D1%8F%D1%87%D0%B0%D1%82%D0%BA%D0%B0_%D0%92%D0%B0%D0%B9%D0%B4%D1%8B%D0%BB%D1%8B.png)
Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, Вайдыла быў пекарам, вызначаўся розумам і набліжаны вялікім князем Альгердам, служыў яму пасцельнічым і краўчым, стаў найбліжэйшым радцам. Па смерці Альгерда захаваў высокае становішча пры двары Ягайлы, які ў 1379 годзе выдаў замуж за Вайдылу сваю сястру Марыю, што быццам разгневала Ягайлава дзядзьку Кейстута[1][2][3][4].
На думку С. Роўвела, Я. Тэнгоўскага, Я. Нікодэма, вядомыя цяпер звесткі пра паходжанне Вайдылы з’явіліся ў летапісе як зневажанне яго палітычнымі апанентамі[5]. У Ордэнскіх Die littauischen Wegeberichte згадваецца баярын Вайдыла, уладальнік паселішча Wayteldorff (імаверна, паблізу Дзялтувы), але тоеснасць яго Вайдыле няпэўная[6].
Найранейшую згадку Вайдылы змяшчае «Новая пруская хроніка» Віганда з Марбурга, калі па Вялікадні (22 красавіка) 1376 года ордэнскі атрад пад камандаваннем Віганда фон Балдэрсгайма выправіўся ў пушчу паблізу Даўдзішак (Dewedisken). Немцы пачулі паляўнічы рог і трапілі на трох «язычнікаў», двух схапілі, а трэці ўцёк, таксама немцам дасталіся два паляўнічыя сабакі малоскай пароды (molosos). Захопленыя паведамілі, што яны «некаторага баярына (bayoris) на імя Вайдэл (Waydel), які палюе ў гэтай пустцы». Палонныя вымушаны былі правесці ордэнскі атрад уначы да месца дзе знаходзіўся Вайдыла, але ўбачыўшы сваіх паспелі крыкнуць і папярэдзіць, што з імі прыйшлі немцы. Вайдыла з людзьмі здолеў уцячы, пераправіўся праз вялікую раку, немцы захапілі толькі 40 коней. Паведамленне Віганда з Марбурга дазваляе думаць, што ўжо тым часам (1376) Вайдыла быў заможным баярынам, бо меў світу прынамсі з 40 конных слуг.[7]
Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, менавіта Вайдыла разам з Ягайлавай маці Ульянай ініцыяваў заключэнне Давыдзішкаўскага дагавора, які стаў прычынай грамадзянскай вайны ў ВКЛ у 1381—1384 гадах[4]. За арганізацыю перамоў паміж Ягайлам і Ордэнам Вайдыла атрымаў ад немцаў некаторыя землі на жамойцка-лівонскай мяжы і, магчыма, дзве гуфы зямлі ў ваколіцах Рагніты[5].
У пачатку грамадзянскай вайны Вайдыла быў схоплены Кейстутам і павешаны. Ягайла адпомсціў за яго, пакараўшы смерцю Відзімонта і Бутрыма[8], сваякоў Кейстутавай жонкі Біруты[9].