Беларуска-літоўскія летапісы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуска-літоўскія летапісы, да сярэдзіны XIX ст. літоўскія летапісы, пазней часта заходнерускія летапісы — паводле Мікалая Улашчыка, група летапісаў, якія выкладаюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і напісаны на яго тэрыторыі. Беларуска-літоўскія летапісы, як з’ява агульнадзяржаўнага летапісання, складаліся з сярэдзіны XIII ст. да сярэдзіны XVII ст. З сярэдзіны XVII ст., праз 100 гадоў пасля спынення агульнадзяржаўнага летапісання, у розных гарадах Беларусі пачалі складацца хронікі, прысвечаныя пераважна падзеям у гэтых гарадах — гарадскія хронікі. Цэнтрам беларуска-літоўскага летапісання прызнаецца Смаленск тых часоў, калі горад знаходзіўся ў складзе ВКЛ. Існаванне летапісання ў Наваградку эпохі XIII ст. не выключаецца[1].
Вялікая частка беларуска-літоўскіх летапісаў была страчана праз войны і культурныя чысткі, ацалелыя часта не захаваліся цалкам. У двух тамах Поўнага збору рускіх летапісаў, тамы 32-ы (М., 1975) і 35-ы (М., 1980), было апублікавана 17 летапісаў, вядомых (ацалелых) у новы час. Апроч гэтага, у Мацея Стрыйкоўскага былі звесткі пра яшчэ 15 летапісаў, ніводны з іх не захаваўся. Відаць, у Сярэднявеччы наогул была значна большая колькасць беларуска-літоўскіх летапісаў, і карыстанне імі было даступным нават для людзей сярэдняга дастатку[2].