From Wikipedia, the free encyclopedia
Архірэйскае падвор’е — праваслаўны архітэктурны комплекс у Мінску, у якім размяшчаліся рэзідэнцыя епіскапа і духоўная кансісторыя. Будавалася на працягу XVIII—XIX стст. на высокім узгорку ў паўднёвай частцы горада, якая атрымала назву Новае Места.
Комплекс складаўся з двухпавярховага мураванага будынка мінскай архіепіскапіі, царквы Покрыва Прасвятой Багародзіцы, царкоўна-археалагічнага музея і двух флігеляў. Да нашага часу захаваўся паўночна-заходні флігель, які першапачаткова прызначаўся для Мінскай духоўнай кансісторыі, а таксама будынак музея.[1] Муры царквы сталі асновай для левага крыла Дома афіцэраў.[2][3]
З усталяваннем у 1793 годзе Мінскай епархіі Рускай праваслаўнай царквы ўзнікла патрэба ў размяшчэнні духоўнай кансісторыі і рэзідэнцыі епіскапа, якіх часова пасялілі ў адабраны ў уніятаў будынак мужчынскага базылянскага кляштара.
У 1799 годзе для рэзідэнцыі набылі мураваны дом на Навамескай плошчы, побач з ім збудавалі напаўмураваную Свята-Успенскую царкву. Новы комплекс падвор’я спраектаваў у 1850-я гады архітэктар К. Хршчановіч. У 1860 годзе быў збудаваны двухпавярховы мураваны будынак мінскай архіепіскапіі (архірэйскі дом), да якога ў 1885 годзе прыбудавалі на месцы разабранай папярэдніцы мураваную Свята-Пакроўскую царкву.[1]
У 1909 годзе архітэктар В. Струеў збудаваў будынак царкоўна-археалагічнага музея паводле загаду мінскага архірэя Мітрафана і па ініцыятыве Мінскага царкоўна-археалагічнага камітэта. У пачатку 1913 года Мінская епархія ў сувязі з юбілеем царавання расійскай дынастыі Раманавых вырашыла пашырыць будынак музея (атрымаў назву Юбілейны дом). Неўзабаве будынак быў завершаны, а ў кастрычніку таго ж года асвячоны.
Крыжовую царкву зруйнавалі ў 1934 годзе пры будаўніцтве Дома афіцэраў. У канцы 1940-х гадоў быў знесены паўднёва-ўсходні флігель (выкарыстоўваўся як пеўчая, потым земскім судом).
Ад 1963 года будынак царкоўна-археалагічнага музея выкарыстоўваецца як Дом працаўнікоў мастацтва (пр. Незалежнасці, 26). У колішніх мурах духоўнай кансісторыі размяшчаецца музей гісторыі войскаў Беларускай ваеннай акругі (пр. Незалежнасці, 24).
Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (таксама вядомая як Крыжовая[2], Успенская) — твор рэстраспектыўна-рускага стылю. Была вырашана прамавугольным аб’ёмам, мела развіты галоўны фасад дамінантай якога з’яўлялася двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай у завяршэнні і ў аснаванні шатра. Пасярэдзіне бляшанага даху стаяў вялікі васьмігранны светлавы барабан з паўсферычным купалам. Галоўны фасад вылучаўся глыбокім рызалітам, які фланкіраваўся чацверыковымі вежападобнымі прыбудовамі з закамарным завяршэннем граняў і цыбулепадобнымі купаламі. Аналагічнае завяршэнне, але меншае па памерах было над апсідай. Храм вылучаўся насычанай архітэктурай, пазычанай з маскоўскага царкоўнага дойлідства — закамары і какошнікі, вокны-біфорыумы, аркатурныя фрызы. Атынкаваныя фасады падзяляліся 40 вялікімі і 4 малымі аконнымі праёмамі. Мела тры ўваходы.
Галоўны будынак мінскай архіепіскапіі быў вырашаны ў неарусім стылі — двухпавярховы прамавугольны ў плане аб’ём сіметрычнай кампазіцыі. Фасад, што выходзіў на плошчу падзяляўся філянговым поясам на два паверхі, першы з якіх быў апрацаваны рустам і падзелены лучковымі аконнымі праёмамі. Архітэктурным акцэнтам з’яўляліся два рызаліты, завершаныя лучковым згібам верхняга карніза і вылучаныя наверсе вокнамі-біфорыумамі з круглай разеткай у агульным арачным афармленні. Вось сіметрыі фасада адзначана кілепадобным франтончыкам з круглай разеткай над завяршальным карнізам. У выцягнутым прамавугольным аб’ёме, што выходзіў на Захар’еўскую вуліцу, размяшчалася выставачная зала. У кароткім крыле, размешчаным перпендыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканні. У месцы злучэння гэтых двух аб’ёмаў размяшчаліся сходы, што вялі на другі паверх. Тут жа знаходзіўся ўваход у будынак і невялікі вестыбюль.[4]
Абапал архірэйскага дома размяшчаліся Г-падобныя ў плане флігелі — помнікі архітэктуры класіцызму. Паўночна-заходні флігель уяўляе сабой трохпавярховы будынак (трэці паверх надбудаваны ў савецкі час). Рытмічна размешчаныя аконныя праёмы вылучаюцца на руставаным тле сцен. Унутры памяшканні перакрытыя цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі, планаванне калідорнае.
Царкоўна-археалагічны музей — помнік архітэктуры неарускага стылю. Будынак вырашаны двухпавярховым прамавугольным у плане аб’ёмам на высокім цокальным паўпаверсе, накрытым вальмавым дахам. Асіметрыю ў кампазіцыю галоўнага фасада ўносіць уваходны рызаліт, завершаны кілепадобным франтонам, кутняя дэкаратыўная шатровая вежка і кутняя цыліндрычная вежа пад цыбулепадобным купалам. Галоўны фасад падзелены высокімі лучковымі аконнымі праёмамі ў багатых дэкаратыўных ліштвах з паўкалонкамі, двух- і трохлопасцевымі аркамі, філёнгамі.[1]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.