From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэй Цікота (5 снежня 1891, хутар Плавушка, Свянцянскі павет — 11 лютага 1952, пас. Навачунка, ваколіцы Брацка, Расія) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар усходняга абраду. Адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.
Андрэй Цікота | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Царква | Расійская грэкакаталіцкая царква | ||||||
Папярэднік | экзарх Фабіян Абрантовіч | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар | ||||||
Нараджэнне |
5 снежня 1891 |
||||||
Смерць |
13 лютага 1952 (60 гадоў) |
||||||
Прыняцце свяшчэннага сану | 1914 | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і на хутары Плавушка[1] непадалёку ад фальварка Тупальшчына Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні ў сялянскай сям’і Фелікса і Разаліі Цікотаў. 15 снежня 1891 года быў ахрышчаны паводле лацінскага абраду ў рымска-каталіцкім храме мястэчка Жодзішкі.
Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымаў у Ашмянах.
У маі 1909 вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. З верасня 1909 — клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Падчас вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію, тут удзельнічаў у працы беларускага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1914. Удзельнік I з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24-25.5.1917). Член саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Маладзечне (1917-18). У 1918 абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1919 увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка. У гады польска-савецкай вайны 1920 пэўны час знаходзіўся пад арыштам. На пачатку 1920-х гадоў уступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Я. Тарасевічам.
У 1933 быў абраны генеральным суперыёрам (генералам) Ордэну айцоў марыянаў, увесь час працягваў апекаваць рэлігійныя і адукацыйныя ўстановы Друі. У 1939 быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў усходняга абраду ў Маньчжурыі замест Фабіяна Абрантовіча, які быў арыштаваны восенню 1939-га савецкімі ўладамі падчас вяртання з сваёй радзімы пры спробе нелегальна перайсці мяжу.
22 снежня 1948 быў арыштаваны кітайскай камуністычнай міліцыяй і 25 снежня разам з чатырма іншымі святарамі быў перададзены савецкім органам. З 27 снежня знаходзіўся ў папярэднім зняволенні ў Чыце, паводле сведчанняў, паводзіў сябе на следстве мужна, падвяргаўся катаванням. Прыклад а. Андрэя Цікоты заахвоціў аднаго з святароў адмовіцца ад адрачэння ад Бога і Царквы, да якога яго вымусіў следчы. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Пазней савецкія ўлады, ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасці, прапанавалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы.[2] Не зважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах і ў выніку допытаў здароўе архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэту правакацыйную прапанову.
28 верасня 1949 архімандрыт Андрэй Цікота быў завочна абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнае групоўкі ў ліцэі Святога Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі па арт. 58-6 ч. 1, 58-4, 58-11.[3] Яму і ўсім харбінскім місіянерам прысудзілі 25 гадоў зняволення ў лагеры. Праз Іркуцк яго накіравалі ў «Ангарлаг», спачатку ў Тайшэт на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Адтуль 19 студзеня 1950 яго забралі і перавезлі ў Чукшу. З красавіка 1951 ён адбываў пакаранне ў лагпункце Нова-Чунка Шыткінскага раёна Іркуцкай вобласці. З чэрвеня 1951 яго зноў вярнулі адбываць пакаранне ў Тайшэт. Увесь гэты час у ён быў цяжка хворы, а перад смерцю, паводле ўспамінаў іншых зняволеных, пазбаўлены медыцынскае дапамогі.
Памёр у зняволенні 11 лютага 1952 у шпіталі № 38 (Чукша, 2-і аддзел) асобага лагеру № 7 «Азерлага» (для палітвязняў). Пахаваны на шпітальных лагерных могілках у ваколіцах Брацка Іркуцкай вобласці.[4] Магіла была пазначана простым калком і сёння яе знайсці практычна немагчыма. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сардэчнай дзейнасці пры агульнай інтаксікацыі арганізма, выкліканай туберкулёзным менінгітам.
Крымінальная справа на архімандрыта Андрэя Цікоту знаходзіцца ва Упраўленні ФСБ Расіі па Омскай вобласці.[5]
З ініцыятывы Каталіцкай Царквы ў Расіі 31 мая 2003 года ў Рыме афіцыйна быў распачаты працэс беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты. Віцэ-пастулятарам працэсу Слугі Божага Андрэя Цікоты з’яўляецца беларускі святар-марыянін а. Вячаслаў Пялінак, у задачу якога ўваходзіць збор разнастайных дакументаў і пошук сведкаў.[6]
На радзіме святара на могілках у Жодзішках, побач з магілай старэйшага брата Фелікса Цікоты — дзеяча беларускага руху, на Дзяды 2003 года гарадзенскімі грэка-каталікамі быў усталяваны сімвалічны памятны крыж архімандрыту Андрэю Цікоту. Яго вырабіў каваль-мастак Юрый Мацко, а скульптар Уладзімір Панцялееў выканаў на камені барэльефную шыльду.[7] Асвячэнне помніка здзейсніў Апостальскі візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін.
22 мая 2012 года на былых лагерных могілках каля пасёлка Навачунка, на 116-м кіламетры ад Тайшэта, дзе пахаваны Цікота, быў пастаўлены памятны крыж і адслужаная памінальная імша. [8]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.