рака ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ясельда, Ясольда — рака ў Брэсцкай вобласці, левы прыток Прыпяці. Даўжыня 250 км. Вадазбор 7790 км. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35,8 м³/с. Агульнае падзенне ракі 37,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,15 ‰.
Ясельда | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня |
|
Басейн | 7 790 км² |
Расход вады | 35,8 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 52°44′42″ пн. ш. 24°20′57″ у. д.HGЯO |
Вусце | Прыпяць |
• Каардынаты | 52°07′03″ пн. ш. 26°26′45″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Прыпяць → Дняпро → Чорнае мора |
Краіна | |
Рэгіён | Брэсцкая вобласць |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва Ясельды мае балцка-яцвяжскае паходжанне.
На другой пазіцыі ў назве аснова -(u)da, ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[1]. Да балцкага *vad- / ud- «вада». Далей да індаеўрапейскага «воднага» кораня *aṷed- : aud- : ūd-, якое ад *aṷ(e)- «апырскваць, увільгатняць, цячы»[2][3].
Гідранімічны корань Ud- таксама ў назвах сожскай ракі Удага, ракі Выдзега на Пскоўшчыне (> *Udega). З гідранімічным пашыральнікам -r- у назвах літоўскай ракі Ūdara[4], ракі і возера Удрай (у басейне Ловаці). Пазнейшы варыянт кораня Выд-, апроч назвы Выдзега, у назве сожскай ракі Выдраж / Выдрыжа / Выдра (прыток Сажа)[5].
Корань *Ud- адносіцца да старабалцкай гідранімічнай асновы Vad- : Ved- : Ud-. Ад яе таксама назвы дзвінскай ракі Водзьга, дняпроўскай ракі Водса, дзесенскай ракі Ведзьга, літоўскай ракі Vadaga / Vedega, прускага гідроніма Asege-wad «Яршовае возера».
Апроч Ясельды, другая аснова -da і ў рачных назвах Грыўда, Нёўда, Сёгда, Саколда, Голда. Гэтыя назвы паказваюць арэал менш-больш паміж Навагрудкам на ўсходзе, Беластокам на захадзе і Івацэвічамі на поўдні. У гэтым арэале таксама сканцэнтравана іншых гідронімаў яцвяжскага паходжання: Свіцязь, Зэльва, Зецела.
Ясельда — яцвяжскі аналаг назвы ракі Іслач, яны ўзаемаперакладальныя. Значэнне другой асновы «рака» перадаецца ў першым выпадку праз -(u)da, у другім — праз балцкае ak- «крыніца, калодзеж; вада, рака».
Першая аснова Is-l- у назве Іслачы ад індаеўрапейскага *eis- / *is- «хутка рухацца», тады да карацейшага *ei- / *i- «ісці»[6]. Першая аснова Jas-el- у назве Ясельды — ад фанетычнага варыянта гэтага кораня *i̯ā-s-, са значэннем «(імкліва) рухацца»[7], з пашыральнікам -el- як у гідронімах тыпу Зецела, *Скідзела. Корань *i̯ā- і ў назве саміх яцвягаў (ад рачной назвы тыпу *Jātvā)[8].
Таго ж паходжання аснова Яс- у азёрнай назве Яс(с)ы на поўначы старабалцкай тэрыторыі. Праз адно возера Яс(с)ы (у Цвярской вобласці) цячэ дзвінская Таропа, праз другое (у Пскоўскай вобласці) — рака Вялікая (уцякае ў Пскоўскае возера). «Рухальныя» назвы гэтых азёраў матываваныя іх праточнасцю.
Гідранімічная аснова Jas-el- таксама ў стараеўрапейскай назве ракі Ясель (Jasiel > Jasiołka) у басейне верхняга цячэння Віслы[9]. Адзначаецца прысутнасць балцкіх гідронімаў на працягу цячэння Віслы[10].
Назву Ясельды можна перадаць як «Імклівая (ходкая) рака».
Адзначаецца прымеркаванасць імаверна роднасных рачных назваў Ясельда, Іслач, Свіслач да дняпроўска-нёманскага водападзелу: на захадзе цяперашняй Беларусі абапал водападзелу Ясельда і нёманская Свіслач, у цэнтры краіны — Іслач і бярэзінская Свіслач.
Магчыма, такую ж будову, што і назва Ясельда, мае назва ракі Сезельда на Ніжнім Павоччы[11]. Рака вядомая таксама як Сезелка (< *Сезела, -el-). Корань Сез- вядомы з рачной назвы Сезема на Верхнім Павоччы (паміж калужскімі паселішчамі Варатынскам і Мяшчоўскам)[12], у атачэнні балцкіх гідронімаў. Ніжняе Павочча, асабліва басейн ракі Мокша, вядомы сваімі нечаканымі гідранімічнымі балтызмамі[13].
Пачынаецца на вышыні 168,6 м над узроўнем мора, за 4 км на поўнач ад вёскі Клепачы Пружанскага раёна, у вярхоўі цячэ па Прыбужскай раўніне, далей па нізіне Прыпяцкага Палесся (па Бярозаўскім, Драгічынскім і Пінскім раёнах) праз Спораўскае возера. Вусце каля вёскі Качановічы Пінскага раёна. Ясельда ўваходзіць у водную сістэму, якая Агінскім каналам злучае басейн Прыпяці з басейнам Нёмана.
Веснавое разводдзе ў канцы сакавіка, доўжыцца да 1-й палавіны мая. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 1,4 м у вярхоўі да 2,6 м у ніжнім цячэнні, найбольшая адпаведна 1,7 і 3,1 м. Замярзае рака ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход працягваецца 2—3 сутак. Расход вады каля вёскі Сінін Пінскага раёна (53 км ад вусця) найбольшы 573 м/с (1958), найменшы 1,36 м³/с (1956).
Даліна невыразная, месцамі трапецападобная; яе шырыня 2—4 км, найбольшая 6—8 км. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні шырынёй 0,8—1,2 км, у ніжнім 1,5—6 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 39,1 км, а таксама на тэрыторыі Бярозаўскага раёна ад аграгарадка Сялец да аграгарадка Стрыгінь на працягу 15 км каналізаванае.
На неканалізаваных участках рэчышча звілістае і моцназвілістае, яго шырыня 10—40 м, найбольшая 80 м (каля вёскі Купяцічы Пінскага раёна).
Справа: Башта, канал Вінец, Аснежыцкі канал, Ласінцы, Мыш, Мерачанка. Злева: Цемра, Жыгулянка, Хатава, Агінскі канал.
Гарады: Бяроза. Вёскі: Моталь. Вадасховішчы: Сялец.
У басейне ракі вадасховішча Руднікі (Пружанскі раён)[14], Джыдзінне[15] (Іванаўскі раён).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.