Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тва, цва, або батва (банту: batwa, abatwa) — расава-сацыяльныя групы пігмеяў, якія жывуць сярод народаў банту ў Цэнтральнай Афрыцы. Разглядаюцца сучаснымі даследчыкамі і міжнароднымі арганізацыямі як дыскрымінуемыя.
Тва з’яўляюцца прастаўнікамі негрыльскай малой расы, якая доўгі час развівалася адасоблена ад іншых прадстаўнікоў негроіднай расы. Продкі пігмеяў і банту пачалі ўзаемадзейнічаць толькі каля 5000 гадоў таму[1], калі протабанту паступова мігрыравалі з Заходняй Афрыкі ў Цэнтральную Афрыку, прычым гэта ўзаемадзеянне доўгі час мела абмежаваны характар. Пігмеі заставаліся паляўнічымі і збіральнікамі дажджавых лясоў, маглі абменьвацца з мігрантамі рознымі карыснымі рэчамі, ідэямі, але не стваралі ўстойлівых шлюбных сувязяў.
Генетычныя даследаванні паказваюць[2], што пігмеі раней складалі самастойную адзіную групу, якая распалася меней за 3000 гадоў таму. Даследчыкі мяркуюць, што кантактам паміж пігмеямі і банту перашкаджалі ўзаемныя табу. Аднак каля 1000 гадоў таму забабоны былі саслаблены. У выніку ўзніклі групы пігмеяў, прадстаўнікі якіх маюць да 50 % ДНК, запазычаных у прадстаўнікоў банту. Канец ізаляванасці тлумачыцца патрэбай лясных жыхароў у прадуктах сельскай гаспадаркі і паўсядзённых рэчах[3].
Паколькі да моманту пашырэння кантактаў з банту пігмеі ўжо не складалі адзіную групу, то кожная група вырашала праблему суіснавання з нашчадкамі больш позніх мігрантаў самастойна. Продкі тва фактычна ператварыліся з адрозных этнічных груп у расава-сацыяльныя, паколькі мелі шчыльныя эканамічныя і культурныя зносіны, запазычылі мову і многія звычаі банту, але працягвалі жыць у адрозных паселішчах ці частках вялікіх паселішчаў, мелі самакіраванне, спецыялізаваліся на паляванні і збіральніцтве. Прадукты здабычы яны абменьвалі на іншыя тавары. Агульная назва тва значыла на мовах банту жыхароў лесу і падкрэслівала спецыялізацыю. Брытанскі даследчык Роджэр Бленч мяркуе, што тва можна параўноўваць з прадстаўнікамі іншых адасобленых ад земляробаў каст, якія існуюць паміж банту[4].
Дакладнае вызначэнне арэала рассялення тва ўскладнена тым, што іх часцяком блытаюць з іншымі пігмеямі, якія вядуць падобны лад жыцця, адсутнасцю еднасці, а таксама асіміляцыяй з боку банту. Пігмеі, якіх вызначаюць як тва, жывуць у такіх краінах, як Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Руанда, Бурундзі, Уганда, Замбія. Іх агульная колькасць (2018 г.) толькі ў Руандзе, Бурундзі і Угандзе можа складаць ад 86 000 да 112 000 чалавек[5]. Тва рэгіёна Вялікіх Афрыканскіх азёр усведамляюць еднасць свайго паходжання[6]. Аднак у астатнім мясцовыя групы тва захоўваюць ізаляваны адна ад іншай лад жыцця, размаўляюць на мовах асноўнай масы насельніцтва таго раёна, які насяляюць, або карыстаюцца блізкімі да іх дыялектамі.
Лічыцца, што ў Руандзе батва налічваюць ад 33 000 да 35 000 чалавек[7]. Першапачаткова яны насялялі лясныя землі вакол азёр Эдвард і Ківу. Стварэнне на гэтых землях нацыянальных паркаў прывяло да перамяшчэння часткі супольнасці за межы звыклай тэрыторыі, немагчымасці займацца традыцыйнымі заняткамі. Тва былі вымушаны самавольна займаць землі, на якія не маюць правоў, жыць на перыферыі абшчын хуту і тутсі, займацца ганчарствам, працаваць падзёншчыкамі, рыбакамі, жабраваць. З-за нізкага сацыяльнага статусу ў іх абмежаваны доступ да адукацыі, узровень непісьменнасці вышэйшы, чым у астатняга насельніцтва. Тва стала выціскаюцца з занятых зямель, ператвараюцца ў валацуг. Падчас генацыду ў Руандзе тва дзейнічалі як на баку хуту, так і тутсі, але ў выніку загінула каля 30 % пігмеяў, у працэнтных суадносінах больш, чым прадстаўнікоў іншых груп[8]. Урад краіны фактычна ігнаруе праблемы меншасці. 12 ліпеня 2011 г. было афіцыйна пацверджана, што прызнанне асобных правоў тва супярэчыць Канстытуцыі Руанды.
Тва складаюць каля 1 % жыхароў Бурундзі[9]. Як і суродзічы ў Руандзе, яны пазбаўлены права на зямельную маёмасць[10], не ўзгадваюцца ў Канстытуцыі як супольнасць, прадстаўленая ў прапарцыянальнай сістэме кіравання, фактычна пазбаўлены магчымасці займацца мясцовым самакіраваннем[11]. Тоеснасць сучасных тва абапіраецца на спецыялізацыі на ганчарнай справе, беднасці і назве batwa, якую яны атрымалі ад хуту і тутсі[12]. З дапамогай грамадскіх арганізацый адбываецца фарміраванне адзінай палітычнай супольнасці, вылучэнне лідараў, што адстойваюць супольныя інтарэсы тва.
Паводле перапісу насельніцтва 2002 г., ва Угандзе жыло 6 000 тва, пераважна ў паўднёва-заходніх раёнах. У 1996 г. у іх было 53 паселішчы, якія ўваходзілі ў склад 41 шматэтнічнай вёскі. Сярэдняе паселішча ўключала 10 сямейных гаспадарак[13]. Традыцыйным заняткам была лясная гаспадарка. Тва Уганды шчыльна ўцягнуты ў сацыяльныя і культурныя зносіны суседзяў-банту. У той жа час сярод банту існуюць сацыяльныя табу ў дачыненні да тва[14]: нельга дзяліцца ежай, займаць адну і тую ж лаўку і мець зносіны з тва ў грамадскіх месцах.
У 1991 г. больш за 900 батва былі выцеснены з лесу Бвінды, які ўвайшоў у склад нацыянальнага парка Мгахінга. Паколькі яны лічыліся вандроўнікамі, то не атрымалі зямельнай кампенсацыі[15]. Толькі 20 тва маюць магчымасць працаваць у парку Мгахінга для забавы турыстаў за невялікую плату, але не ў якасці лепей аплачваемых гідаў. Тва пакутуюць ад беднасці, эксплуатацыі з боку банту, каля 57 % апытаных жанчын скардзіліся на сексуальны гвалт[16].
У ДРК у 2019 г. жыло каля 42 000 тва[17], пераважна ва ўсходніх раёнах уздоўж Вялікіх Афрыканскіх азёр і лясных раёнах цэнтральнай часткі краіны. Хаця ў ДРК адбывалася выдаленне пігмеяў з запаведных лясоў, магчымасць карыстання традыцыйнымі ляснымі рэсурсамі значна лепшая, чым у суседніх краінах. Так, у правінцыі Танганьіка тва жывуць каля дарог і на ўскраінах вёсак, маюць мажлівасць адначасова наймацца на працу да сялян, займацца паляваннем і збіральніцтвам[18]. Мабуту Сесе Сека праводзіў палітыку «вызвалення» ў дачыненні да пігмеяў[19], яны надзяляліся кавалкамі зямлі і прыцягваліся да земляробства.
У наш час толькі каля 7 000 тва працягваюць весці традыцыйны лад жыцця, астатнія ў большай ступені ўцягнуты ў сельскую гаспадарку, ганчарства, рыбалоўства. Змена ладу жыцця прывяла да значнай маргіналізацыі і крызісу тоеснасці. Тва маюць нізкі сацыяльны статус у вачах навакольнага насельніцтва. Існуюць традыцыйныя ўяўленні, нібы пігмеі фізічна непаўнавартасныя, сексуальна ненаедныя, ядуць забароненыя прадукты, не абмежаваны культурнымі забабонамі, не адчуваюць сорам, гультаяватыя і г. д.[20] Практыкуецца кліентэла, у якой тва выступаюць у якасці залежнага боку. Іх стан блізкі да рабства або нават свойскіх жывёл[21]. Падчас ваенных канфліктаў канца XX — XXI ст. на ўсходзе краіны тва наўмысна знішчаліся ўзброенымі фарміраваннямі і звычайнымі абшчыннікамі, якія жадалі захапіць іх зямлю або лясныя рэсурсы.
У Замбіі тва насяляюць 4 раёны на паўночным усходзе і ў цэнтры краіны:
Яны складаюць асобныя групы, ізаляваныя адна ад іншай. Напрыклад, тва Кафуэ толькі чулі пра тва ў іншых раёнах, але не маюць з імі кантактаў, не лічаць сваімі суродзічамі тва замежных краін[22]. Прадстаўнікі ўсіх 4 груп размаўляюць на дыялектах моў суседніх народаў[23]. Гэта стварае праблему вызначэння іх колькасці, паколькі афіцыйная статыстыка прытрымліваецца моўнага прынцыпу падлікаў. Толькі ў раёне Кафуэ існуе 26 вёсак, населеных тва. Хаця тва лічаць сябе спрадвечнымі тубыльцамі, яны з’яўляюцца ў Замбіі нашчадкамі мігрантаў, паколькі ў старажытны час тэрыторыя краіны была населена кайсанскімі народамі[24].
Тва Кафуэ фізічна мала адрозніваюцца ад суседніх народаў, блізкія да іх у эканамічных адносінах[25]. Асноўныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. У канцы XIX ст. мелі свайго правадыра, аднак у выніку маніпуляцый каланіяльнай адміністрацыі Паўночнай Радэзіі былі падначалены правадыру тонга.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.