From Wikipedia, the free encyclopedia
Пераслед незалежных медыя Беларусі ў ліпені 2021 года дасягнуў апагею пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных масавых пратэстаў.
У маі 2021 года быў абмежаваны доступ да найбуйнейшага беларускага партала TUT.BY, яго кіраўніцтва арыштавана.
5 ліпеня пастановай Савета Міністраў Беларусі быў закрыты карэспандэнцкі пункт Еўрапейскага радыё для Беларусі. Галоўны рэдактар сайта Павел Свярдлоў пракаментаваў сітуацыю[1]:
Закрыццё карпункта ў Беларусі — гэта складовая частка адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Еўрасаюза. Мы афіцыйна працавалі ў Мінску 11 гадоў. Тое, што офіс зачыняецца менавіта цяпер, пасля ўвядзення „чацвёртага пакета“ і сектаральных санкцый, наўрад ці супадзенне. Мы будзем дзейнічаць паводле працэдуры і працягваць працаваць — у нас застаецца ліцэнзія на вяшчанне ў Польшчы, ёсць офіс у Варшаве, які беларускія ўлады закрыць не могуць. |
8 ліпеня 2021 года быў абшуканы офіс і дамы галоўных супрацоўнікаў найбуйнейшага беларускамоўнага партала «Наша Ніва»[2]. Былі арыштаваны галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько нібыта за арганізацыю пратэстаў[2][3], прычым, па інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара збівалі па затрыманні[4]. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы»[2]. З таго ж дня даменнае імя перастала працаваць, сайт «Нашай Нівы» адкрыць нельга[2][4]. Міністэрства інфармацыі Беларусі пакарала рэдакцыю за «забароненую інфармацыю», якая была на сайце[2].
8 ліпеня ператрусы таксама адбыліся ў рэдакцыях «Брестскай газеты», партала і рэдактараў «Media-Polesye», баранавіцкай газеты «Intex-press», аршанскага партала Orsha.eu, у яго рэдактара Ігара Казмерчака і фатографа Дзяніса Дубкова[5][6]. Падставы для ператрусу «Брестскай газеты» былі невядомыя, але праз два дні рэдакцыя паведаміла, што ў супрацоўнікаў забралі ўсю тэхніку[7]. У супрацоўнікаў «Intex-press» таксама забралі тэхніку, двох журналістаў вызвалі на допыт[7].
Лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская заклікала падпісвацца на каналы медыя, дзяліцца з рэдакцыямі інфармацыяй, дапамагаць іншым людзям усталяваць Telegram і ўключыць VPN, каб чытаць беларускія СМІ[8].
9 ліпеня ператрусы адбыліся ў журналісткі Onliner.by Настассі Занько, адміністратара партала «Виртуальный Брест» Андрэя Кухарчыка, брэсцкіх журналістаў Максіма Хлябца і Алега Супрунюка, глыбоцкай журналісткі Таццяны Смоткінай, журналістаў Наталлі Суславай, Юрыя Глушакова і Кацярыны Тэліман, віцебскага журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча, рэдактара «Першага рэгіёна» Паўла Дайліда, галоўнага рэдактара гомельскіх «Моцных Навін» Ганны Якштас і яе мужа, журналіста Дзяніса Якштаса, а таксама ў рэдактара Ірыны Вольскай, рэдакцыях газеты «Ганцавіцкі час», лунінецкага выдання «Информ-прогулка»[9]. Быў затрыманы адміністратар Facebook-суполкі «Лісты салідарнасці» Сяргей Барысаў, якога абвінавацілі ў «Акце тэрарызму» (арт. 289 КК РБ)[9]. Ператрусы суправаджаліся канфіскацыяй тэхнікі і сродкаў сувязі, што ставіць на мэце паралізаваць працу незалежных СМІ. Былі заблакаваны новы сайт ад каманды TUT.BY — Zerkalo.io, сайт-люстэрка «Еўрарадыё» — Euroradio.pl[5].
У той жа дзень суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Telegram-канал Hrodna.Life экстрэмісцкім праз тое, што нібыта ў публікацыях канала знайшлі паведамленні, «накіраваныя на распальванне сацыяльнай альбо іншай варожасці»[9].
У эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў пра «шырокамаштабную аперацыю для зачысткі ад радыкальна настроеных» над якой працуе ўвесь сілавы блок краіныl[5].
12 ліпеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, у тым ліку Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінскага камітэта, Беларускага ПЕН-цэнтра, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[10][11].
У той жа дзень адзін з найбуйнейшых парталаў Onliner.by паведаміў пра адключэнне каментароў на сайце ад 12 ліпеня, бо рэдакцыя асцерагаецца за сваю бяспеку і больш не можа гарантаваць бяспекі тым, хто выказваецца пад навінамі[12].
Зачыстка працягнулася 13 ліпеня. Ператрусы адбыліся ў журналістаў і супрацоўнікаў незалежных медыя, у тым ліку ў выдаўца брэсцкага часопіса «Бинокль» Дар’і Гарашчанкі і рэдактаркі Ксеніі Пятровіч[13].
13 ліпеня ў час сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вельмі актыўна пачалі працу ў дачыненні да «розных НКА, НУА» і да «так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі […] тэрор»[14].
19 ліпеня ператрусы прайшлі ў рэдакцыі і журналістаў «Рэгіянальнай газеты», галоўнага рэдактара дапыталі[15]. У журналістаў забралі тэхніку[16]. 22 ліпеня рэдакцыя паведаміла, што прыпыняе выпуск газеты на паперы[17].
19—20 кастрычніка 2021 года ў сядзібе «Новага Часу» і па месцы жыхарства журналістаў прайшлі ператрусы, супрацоўнікі былі дапытаны[18][19]. Да таго ж канфіскавалі камп’ютары і іншую офісную тэхніку[19].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.