From Wikipedia, the free encyclopedia
Roco Modelleisenbahn GmbH (раней Roco Modellspielwaren GmbH) — аўстрыйскі вытворца мадэляў чыгуначнага транспарта ў тыпапамерах H0(1:87), N(1:160), і ў меней значных аб'ёмах TT(1:120) і H0e(1:87)(вузкая каляіна). На 2007/08 г трэцяя па велічыні гадавога звароту еўрапейская кампанія-вытворца чыгуначных мадэляў.
Roco Modelleisenbahn GmbH | |
---|---|
Тып | Gesellschaft mit beschränkter Haftung[d] |
Заснаванне | 1960 |
Краіна | |
Адрас | |
Галіна | вытворчасць цацак[d] |
Прадукцыя | аўтамадэль[d], цацка і чыгуначны мадэлізм |
Абарот | €35 млн (2007)[1] |
Колькасць супрацоўнікаў | 650 (2007) |
Матчына кампанія | Modelleisenbahn Holding[d] |
Даччыныя кампаніі | Fleischmann[d] |
Сайт | roco.com |
Кампанія Roco была заснавана ў Зальцбургу доктарам тэхнічных навук Карлхайнцам Рослерам (13 лютага 1928, Вена[2] — †17 красавіка 1977[2], ням.: Dr.-Ing. Karlheinz Rössler) і яго жонкай Эльфрыдай(ням.: Elfriede) у 1960. Рослер усвядоміў, што тэхналогія ліцця пластыка пад ціскам (якая была тады адносна новым вынаходніцтвам) дазваляла выпускаць мадэлі значна больш дэталяваныя, чым тыя, што вырабляліся ў той час з металу. Спачатку кампанія занялася вытворчасцю дзіцячых цацак: вёдраў для пяску, цацачных аўтамабіляў, цацак-бонусаў, якія ўкладаюцца ў пакункі кавы. Трохі пазней сталі таксама выпускаць мадэлі транспартных сродкаў розных узброеных сіл пад назвай «Roco minitanks». Мадэлі былі аднымі з лепшых па якасці і дэталіроўцы на той час, і серыя мела велізарны поспех, асабліва на амерыканскім рынку.
У 1963 годзе Рослер заняўся вытворчасцю мадэляў лакаматываў і вагонаў па замовах амерыканскіх мадэльных фірмаў у тыпапамерах H0(1:87) і 0(1:45). Першыя мадэлі тыпапамеру N(1:160) былі выпушчаныя ў 1965/1966 гг. У 1967 годзе пачаўся продаж чыгуначных мадэляў тыпапамеру H0 і на еўрапейскім рынку. Першымі сталі мадэлі васьмі розных таварных вагонаў еўрапейскага ўзору. Дзякуючы высокай дэталізацыі і нізкаму кошту мадэлі Roco хутка сталі папулярныя ў ФРГ.
Увосень 1973 была выпушчаная першая мадэль еўрапейскага лакаматыва — V 215 нямецкіх чыгунак DB у маштабе H0. У 1975 нямецкія Umbau-Wagen (3-х і 4-х восныя вагоны для прыгарадных цягнікоў, пабудаваныя на базе спісаных даваенных). У гэтым жа годзе была набыта маёмасць і абсталяванне збяднелай фірмы Röwa, што паспрыяла далейшаму ўмацаванню фірмы на рынку. Мадэлі з асартыменту Röwa зараз прадаваліся ўсяго за 60 % іх ранейшага кошту. У 1976 была прадстаўленая запатэнтаваная счэпка для H0 і N.
Пасля смерці ў 1977 Хайнца Рослера справа перайшла яго ўдаве і яе брату, Вальтару Чынкелю (ням.: Walter Tschinkel), які прымаў актыўны ўдзел у справах фірмы з 1961 года. Мадэльны шэраг папоўніўся ўласнымі распрацоўкамі — вагонамі Eurofima і Corail(SNCF), лакаматывамі DB серый 110,111,140. Паступова мадэлі DB і ÖBB сталі прыярытэтным кірункам Roco. Новаўвядзеннем стаў выпуск пасажырскіх вагонаў для тыпапамеру H0 у маштабе 1:100 па даўжыні, якія лепш праходзілі крывыя малога радыусу. У 1978 было адчынена прадстаўніцтва кампаніі ў Фрайласінгу, Баварыя. У 1980 была запушчаная серыя мадэляў грамадзянскага аўтатранспарту «ROCO-Miniaturmodelle». Праз год быў выпушчаны першы электронны блок кіравання ASC 1000. Натхнёныя поспехам, у 1983 у Roco выпусцілі першы цалкам электронны пост цэнтралізацыі MCS-120. У гэтым жа годзе з'явіліся першыя вагоны ў «правільным» маштабе 1:87, імі сталі Eurofima. З 1988 практычна ўсе тыпы вагонаў з даўжынёй у 1:100 былі ў правільным маштабе. Сёння скарочаныя версіі пазіцыянуюцца ў якасці мадэляў пачатковага ўзроўня. У 1989 была прадстаўленая рэйкавая сістэма ўласнай распрацоўкі «Roco-line». У 1990 пачаўся выпуск мадэляў HOe, а таксама, у дадатак да заводаў у Зальцбургу і Глогніцэ, быў пабудаваны завод у Энцэсфельдзе. У 1991 адкрылася прадстаўніцтва Roco у Швейцарыі. У 1993 пачалося распаўсюджванне лічбавага кіравання пад лозунгам «Digital is cool». Сярод дасягненняў фірмы ў гэтай галіне асабліва варта адзначыць серыю лічбавых кантролераў LOKMOUSE.
У 2002 Эльфрыда Рослер прадала кампанію Петэру Магдэфраў. Новы ўласнік разгарнуў кампанію па засяроджванні канструктарскіх, вытворчых магутнасцей і кіраўніцтва ў адным месцы, для чаго быў набыты будынак былога лакафарбавага завода ў г.Халейн. Нажаль, такая палітыка, разам з памылкамі менеджменту, прывяла да вялікай запазычанасці, якая ўлетку 2005 перарасла ў банкруцтва. У ліпені 2005 актывы і гандлёвая марка кампаніі Roco перайшлі кампаніі Modelleisenbahn GmbH пад кіраўніцтвам банка Raiffeisen (RZB-Austria). Адбылося значнае скарачэнне персанала, а таксама кампаніі прыйшлося ўносіць змены ў вытворчы працэс, бо мноства патэнтаў было зарэгістравана на імя былога ўладальніка Петэра Магдэфраў. У верасні 2007 будаўнічы магнат з Фрайзінга, Германія, Франц-Іозеф Хасльбергер, выкупіў 74 % Modelleisenbahn GmbH у RZB. 1 кастрычніка 2007 года фірме Herpa была прададзеная серыя Minitanks.
У лютым 2008 Roco Modelleisenbahn GmbH разам з кампаніяй Fleischmann увайшлі ў нямецка-аўстрыйскі холдынг Modelleisenbahn Holding.
На бягучы момант кампанія Roco Modelleisenbahnen GmbH базуецца ў г. Берггайм, Аўстрыя, дзе знаходзіцца яе штаб-кватэра. Вытворчасць засяроджана на заводах у г. Глогніц, у г. Банска-Бістрыца, Славакія (завод адчынены ў 1993) і г. Арад, Румынія (перанесена з Аўстрыі ў 2007). Вытворчыя магутнасці ў Энцэсфельдзе ліквідаваныя ў 1998(?), у Зальцбургу і Франкенбургу пры спробе перабазавання ў Халейн.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.