From Wikipedia, the free encyclopedia
Java (маўленне джа́ва) — аб’ектна-арыентаваная мова праграмавання, распрацаваная карпарацыяй «Sun Microsystems» на пачатку 1990-х гадоў. Праграмы, напісаныя на Java, звычайна кампілююцца ў байткод, які потым пры патрэбе пераўтвараецца ў машынны код падчас выканання. Таксама пад Java часам разумеюць праграмную платформу, для якой была напісана гэтая мова.
Java | |
---|---|
Клас мовы | мультыпарадыгменная: аб'ектна-арыентаваная, функцыянальная, імператыўная |
З’явілася ў | 1995 |
Аўтар(ы) | Sun Microsystems |
Пашырэнне файлаў | .java, .class, .jar, .jmod |
Тыпізацыя даных | строгая, статычная |
Зведала ўплыў | Lisp, Objective-C, C++, Smalltalk |
Паўплывала на | C#, PHP, Python, Scala |
Ліцэнзія | GNU General Public License[1] |
Сайт | oracle.com/java/ |
Мова шмат чаго пераняла ад сваіх папярэднікаў C і C++, але вылучаецца прасцейшай рэалізацыяй аб’ектаў і меншай колькасцю механізмаў нізкага ўзроўню. Скрыптавая мова JavaScript мае падобны сінтаксіс, але не мае дачынення да Java.
На цяперашні час «Sun Microsystems» пастаўляе GPL-рэалізацыю кампілятара і віртуальнай машыны Java.
Станам на верасень 2022 года апошняя версія мовы — Java 19, доўгатэрміновая падтрымка (LTS) працягваецца для версій Java 17, 11 і 8.
Java стала вынікам працы адмыслоўца з карпарацыі Sun Microsystems Джэймса Гослінга над праектам «Oak» (Дуб) у чэрвені 1991 года. Гослінг мэтай сваёй працы паставіў распрацоўку віртуальнай машыны і мовы праграмавання для яе, з сінтаксісам і прынцыпамі, падобнымі да C/C++. Першая версія мовы Java 1.0 з’явілася ў 1995 годзе. Галоўным прынцыпам гэтага праекту стаў лозунг «Write Once, Run Anywhere» (WORA), што ў перакладзе на беларускую мову гучыць як «Напішы адзін раз, запускай усюды», што абяцала гарантыю нармальнай работы аднаго і таго ж кода на любых падтрымліваемых платформах. Віртуальная машына забяспечвала даволі высокі ўзровень бяспекі (магчымасць абмежавання сеткавых, дыскавых аперацый і інш.), прычым яго можна было змяняць пры неабходнасці. Праз некаторы час большасць папулярных вэб-браўзераў пачала падтрымліваць бяспечнае выкананне аплетаў Java, убудаваных у вэб-старонкі. Пачынаючы з версіі «Java 2», Sun Microsystems выпускае некалькі розных пакункаў Java для розных платформаў. Напрыклад, версія J2EE прызначана для праграм з высокімі патрабаваннямі да апаратнага забеспячэння, а версія J2ME, наадварот, прызначана для мабільных платформ.
У лістападзе 2006 г. Sun выпусціла частку зыходнага кода Java пад адкрытай ліцэнзіяй GPL. 8 траўня 2007 года Sun скончыла працэс адкрыцця ўсяго галоўнага кода Java, за выключэннем невялікай часткі кода, на якую Sun не мела аўтарскіх правоў. З дапамогай праекта IcedTea, які з дазволу Sun распрацоўвала кампанія Red Hat, у чэрвені 2008 г. Java стала поўнасцю адкрытай.
Прыклад напісання праграмы Hello world:
public class HelloWorldApp {
public static void main(String[] args) {
System.out.println("Hello World!");
}
}
Паводле правіл мовы зыходны файл павінен называцца адпаведна публічнаму класу, які ён змяшчае, з дадаткам суфікса .java
, напрыклад, HelloWorldApp.java
. Кампілятар Java скампілюе зыходны файл у байт-код і створыць файл з суфіксам .class
(у паказаным выпадку HelloWorldApp.class
) — пасля гэтага яго можна выканаць.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.