Remove ads
264-ы Папа Рымскі (1978—2005), святы From Wikipedia, the free encyclopedia
Ян Па́вел II (лац.: Ioannes Paulus PP. II, польск.: Jan Paweł II, італ.: Giovanni Paolo II; да інтранізацыі — Ка́раль Ю́заф Вайты́ла, польск.: Karol Józef Wojtyła ⓘ; 18 мая 1920, Вадовіцы, Кракаўскае ваяводства, Польшча — 2 красавіка 2005, Ватыкан) — Папа Рымскі з 16 кастрычніка 1978 па 2 красавіка 2005 года. У 2014 годзе Рымска-каталіцкай царквой абвешчаны святым.
Караль Юзэф Вайтыла нарадзіўся ў горадзе Вадовіцы, у паўднёвай Польшчы, у сям’і былога афіцэра аўстрыйскай арміі. Ён быў малодшым з двух дзяцей Караля Вайтылы-старэйшага і Эміліі Качароўскай, якая памерла, калі будучаму Папу было ўсяго дзевяць гадоў. Не дасягнуўшы 20-гадовага ўзросту, Караль Вайтыла-малодшы застаўся круглым сіратой.
Караль паспяхова вучыўся. Скончыўшы ліцэй у 1938 годзе, напярэдадні Другой сусветнай вайны, ён паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага універсітэта у Кракаве. Тады ж стаў членам «Студыі 38» — тэатральнага гуртка. У час нямецкай акупацыі, каб пазбегнуць вывазу ў Германію, пакінуў вучобу і працаваў у каменяломні каля Кракава, а потым перайшоў на хімічны завод кампаніі Solvay.[8]
У 1942 годзе Караль Вайтыла запісаўся на агульнаадукацыйныя курсы падпольнай Кракаўскай духоўнай семінарыі. Тады ж ён стаў адным з ініцыятараў «Рапсадзічнага тэатра», які дзейнічаў падпольна. У 1944 годзе архібіскуп Кракаўскі кардынал Стафан Сапега па меркаваннях бяспекі перавёў Вайтылу разам з іншымі «нелегальнымі» семінарыстамі на працу ў епархіяльнае кіраванне ў архібіскупскім палацы, дзе Караль застаўся да канца вайны.
Яшчэ ў юнацтве ён стаў паліглотам і досыць бегла размаўляў на дзесяці мовах — на роднай польскай, і акрамя таго на славацкай, рускай, італьянскай, французскай, іспанскай, партугальскай, ўкраінскай, нямецкай і англійскай. А таксама, зразумела, ведаў латынь.
У 1946 прыняў сан святара. У 1946—48 гадах вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. 3 1958 года — біскуп, з 1963 года — арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце Другога Ватыканскага сабора. 3 1967 года — кардынал.
Папа Рымскі з 1978 года. Выжыў пасля замаху на яго жыццё 13 мая 1981 года.
Пантыфікат Яна Паўла ІІ вядомы адкрытым дыялогам: ён пасрэднічаў у міжнародных канфліктах, выступаў са зваротамі аб міры, праводзіў супольныя малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі.
Папа правёў 104 замежныя падарожжы, наведаў 129 краін. Беатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 епіскапа і 232 кардыналы. Выдаў 14 Энцыклік, 15 Апостальскіх адартацый, 11 Апостальскіх канстытуцый, 45 Апостальскіх пасланняў, 30 дакументаў у форме «motu proprio», тысячы папскіх лістоў.
Па працягласці свайго пантыфікату ён саступае толькі Апосталу Пятру і Папу Пію IX (1846—1878). Яго пераемнікам стаў нямецкі кардынал Ёзэф Рацынгер, які прыняў імя Бенедыкт XVI.
Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.
Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Хрысціна Лялько[9].
Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Нараджэння Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў[10].
У 2000 годзе ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай ЗША — Залатым медалём Кангрэса.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.