Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Э́зэль-Ві́кскае біскупства, таксама Э́зэльская епіскапія (ням.: Bistum Ösel-Wiek); у эстонскіх крыніцах Саарэ-Ляэнемааская епіскапія (эст.: Saare-Lääne piiskopkond) — духоўна-феадальнае княства, якое існавала ў заходняй, а таксама астраўной частцы сучаснай Эстоніі ў перыяд 1228—1560 гадоў. Узнікла ў 1227—1228 гадах пасля таго як у Прыбалтыку ўварваўся Ордэн мечнікаў, з 1237 года вядомы як Лівонскі ордэн. Нагодай да паходаў германскіх крыжакоў было заваяванне і гвалтоўная хрысціянізацыі мясцовых прыбалтыйскіх плямёнаў (куршы, лівы і г.д.), асноўнай мэтай — захоп зямлі і каланізацыя яе нямецкімі пасяленцамі.
Эзэль-Вікская епіскапія была абвешчана 1 кастрычніка 1228 года, канчаткова аформілася да 1234 года. Вярхоўнымі кіраўнікамі княства сталі нямецкія біскупы і набліжанае да іх нямецкае духавенства, якое эксплуатавала мясцовых эстонскіх сялян. У гады свайго росквіту Лівонскі ордэн, Рыжскае архібіскупства, Курляндскае біскупства, Дэрпцкае біскупства і Эзэль-Вікскае біскупства ўтваралі так званую Лівонскую канфедэрацыю пяці феадальных дзяржаў Германскай сярэдневяковай Прыбалтыкі.
Тэрыторыя Эзэль-Вікскага біскупства стваралася стыхійна падчас прыбалтыйскіх крыжовых паходаў і складалася з некалькі анклаваў: часткі астравоў Саарэмаа (па-нямецку «Эзэль» — адкуль і пайшла яго назва), Хіюмаа, меншыя астравы, а таксама землі Ляэнемаа на кантыненце, унутры якога меліся цераспалосныя анклавы ўласна Лівонскага ордэна. Агульная плошча епіскапіі складала 7.600 кв.км, уключаючы некалькі бейлівікаў. Сам біскуп з'яўляўся васалам «Свяшчэннай Рымскай імперыі», а таксама, намінальна — Рымскага Папы. Біскупства спачатку з'яўлялася строга каталіцкім, аднак у 16 стагоддзі ўсё большае распаўсюджанне ў ім атрымала лютэранства.
Рэзідэнцыя біскупаў увесь час змянялася. Спачатку сталіцай быў Леаль, з 1251 года — Стары Пярну (Перона), каля 1265 года перамясцілася ў горад Гапсаль, затым на астраўную крэпасць Арэнсбург (Курэссаарэ), які падзяліў сталічную функцыю з Гапсалем.
У 13—14 стст. Лівонскі ордэн спрабаваў стварыць у Лівоніі адзіную дзяржаву для супрацьстаяння з суседзямі. У яе ён імкнуўся ўключыць і біскупства. У Лівонскай вайне 1558—1583 гадоў Лівонскі ордэн пацярпеў паражэнне ад расійскіх войскаў. Шукаючы абароны на захадзе, эзэль-вікскі біскуп у 1559 годзе пагадзіўся прадаць свае ўладанні дацкаму каралю Фрэдэрыку II, які ў 1560 годзе перадаў іх у кіраванне свайму брату герцагу Магнусу, які таксама атрымаў і былое Курляндскае біскупства ў Куроніі. У 1561 годзе зямлі біскупства былі падпарадкаваны Даніі, хоць духавенству было дазволена кіраваць востравам Саарэмаа да 1573 года.
У 1582—1583 гадах завяршыўся падзел зямель былога біскупства. Нямецкія феадалы на кантыненце і востраве Хіюмаа, якія асцерагаліся рускіх і польска-літоўскіх войскаў, прысягнуліся на вернасць шведскаму каралю. Утварылася Шведская Эстонія. Паўднёвыя астравы Муху і Саарэмаа замацавала за сабой Данія, якая валодала імі да 1645 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.