Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Хакей з мячом, бэндзі (англ.: bandy) ці рускі хакей — зімовая спартыўная камандная гульня з клюшкамі і невялікім цвёрдым мячом на ледзяным полі футбольных памераў з удзелам двух каманд з 11 чалавек на каньках (па 10 палявых гульцоў і аднаму варатару ў кожнай). У працэсе гульні палявыя гульцы спрабуюць клюшкамі закінуць мяч у вароты іншай каманды і пры гэтым не дазволіць супернікам зрабіць тое ж самае.
Матч складаецца з двух таймаў па 45 хвілін; па рашэнні суддзі пры неспрыяльных умовах надвор'я — часцей за ўсё вельмі нізкай тэмпературы або моцным снегападзе — 3 таймы па 30 хвілін, пераможцам з'яўляецца каманда, якая за час гульні здолела часцей закінуць мяч у вароты суперніка (забіла больш галоў).
Найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй у хакеі з мячом з'яўляецца Федэрацыя міжнароднага бэндзі (англ.: FIB — Federation of International Bandy). Хакей з мячом — афіцыйна прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам зімовы від спорту, аднак у праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў ён не ўваходзіць. У якасці паказальнай дысцыпліны хакей з мячом быў прадстаўлены на VI Зімовых Алімпійскіх гульнях у Осла ў 1952 годзе.
Першыя згадкі аб гульнях на лёдзе замёрзлых вадаёмаў адносяцца да эпохі Сярэднявечча. У рускіх летапісах X—XI стагоддзяў распавядаецца пра народную забаўку, у якой некалькі чалавек на невялікай пляцоўцы палкамі ганялі які-небудзь круглы прадмет. У розных мясцовасцях гульню называлі па-рознаму: ваўчок, кацёл, клюшкаванне.
Прыхільнікам гэтай гульні з'яўляўся Пётр I. Пры ім гульцы пачалі выкарыстоўваць жалезныя канькі, завезеныя царом з Галандыі.
Гульні, якія аддалена нагадваюць сучасны хакей з мячом, адначасова з'явіліся і развіваліся таксама ў іншых краінах — Канадзе, Вялікабрытаніі, Швецыі, Галандыі і таму дакладна сказаць, якая краіна з'яўляецца радзімай хакея з мячом, немагчыма.
Хакей з мячом, у сучасным разуменні спартыўнай дысцыпліны, сфармаваўся ў Вялікабрытаніі ў першай палове XIX стагоддзя. У 1850—1870-я некаторыя англійскія футбольныя клубы («Шэфілд Юнайтэд», «Нотынгем Форэст» і іншыя) нараўне з футболам культывавалі і бэндзі. Паступова ўзнікалі і асобныя бэндзі-клубы. У 1891 годзе ў Вялікабрытаніі была створана Нацыянальная асацыяцыя бэндзі (першае падобнае аб'яднанне ў свеце), якая распрацавала афіцыйныя правілы гульні. Англічане ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў паспрыялі развіццю хакея з мячом у еўрапейскіх краінах — Швецыі, Нарвегіі, Швейцарыі і іншых. Англійскія спецыялісты арганізоўвалі футбольна-хакейныя гурткі на прамысловых прадпрыемствах у Расіі. У 1888 годзе пецярбургскі студэнт Пётр Масквін заснаваў «Санкт-Пецярбургскі гурток аматараў спорту» (клуб «Спорт»), а ў 1897 годзе ён распрацаваў першыя ў Расіі правілы для хакея з мячом. 20 сакавіка 1898 года ў Санкт-Пецярбургу быў згуляны першы матч па хакеі з мячом — «рускаму хакеі».
У 1913 годзе ў швейцарскім Давосе праведзены чэмпіянат Еўропы па хакеі з мячом, аднак Першая сусветная вайна надоўга спыніла развіццё гэтага віду спорту. У пачатку дваццатых гадоў нацыянальныя федэрацыі былі альбо распушчаны (як у 1924 годзе ў Даніі), альбо прынялі правілы «канадскага хакея» (як у 1922 годзе ў Венгрыі). Аўстрыйцы працягвалі рэгулярна гуляць у бэндзі, але толькі да канца дваццатых гадоў. Насуперак гэтай тэндэнцыі, на перыяд паміж сусветнымі войнамі прыйшоўся росквіт бэндзі ў Прыбалтыцы, калі ў Эстоніі і Латвіі да сярэдзіны трыццатых гадоў праводзіліся рэгулярныя чэмпіянаты.
Толькі ў Скандынавіі (Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя) і СССР хакей з мячом не перарываў сваю гісторыю. Да сярэдзіны XX стагоддзя гэтыя чатыры краіны заставаліся адзінымі, у якіх гэты від спорту развіваўся і заставаўся папулярным. Аднак правілы, якія існавалі з аднаго боку ў Скандынавіі, а з другога боку ў СССР, крыху адрозніваліся. Гэтыя абставіны стрымлівалі папулярызацыю бэндзі ў іншых краінах, нягледзячы на высілкі ўсіх чатырох краін: Нарвегія, напрыклад, у 1952 годзе настаяла на ўключэнні ў праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў у Осла бэндзі ў якасці паказальнага віду спорту. 12 лютага 1955 года ў Стакгольме была створана Федэрацыя міжнароднага бэндзі, правілы гульні былі ўніфікаваны, пасля чаго ў тым жа годзе адбылася першая міжнародная сустрэча па новых правілах паміж зборнымі СССР і Швецыі. З 1957 года рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты свету.
У 1963 годзе бэндзі быў адроджаны ў Галандыі, у 1988 годзе — у Венгрыі, з 1981 года праводзяцца рэгулярныя гульні ў ЗША, а з 1986 годзе — у Канадзе. Пасля распаду СССР у арбіту міжнароднага бэндзі ўцягнуліся Казахстан, Беларусь, Эстонія, Латвія і Кіргізія. З 2004 года праводзяцца чэмпіянаты свету па хакеі з мячом сярод жанчын. У 2011 годзе хакей з мячом быў прадстаўлены на Зімовых Азіяцкіх гульнях, якія праходзілі ў Казахстане.
У сакавіку 2012 года ў шведскім горадзе Упсала ўпершыню ў гісторыі хакея з мячом была адкрыта Зала славы шведскага бэндзі.
Паказчыкам папулярнасці хакея з мячом можна лічыць тое, што на чэмпіянатах свету на працягу шэрагу гадоў удзельнічае па 12 каманд з Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Азіі. Найстарэйшымі ўдзельнікамі гэтага турніру з'яўляюцца Расія (СССР), Швецыя і Фінляндыя, якія прымалі ўдзел ва ўсіх чэмпіянатах, пачынаючы з 1957 года. З другога чэмпіянату ўдзельнічае ў турнірах і зборная Нарвегіі. З 1985 года рэгулярна накіроўваюць сваю зборную на чэмпіянаты свету Злучаныя Штаты Амерыкі. З 1991 года ў чэмпіянатах выступаюць зборныя Нідэрландаў, Канады і Венгрыі, з 1995 — каманда Казахстана, з 2001 — Беларусі, з 2003 — Эстоніі, з 2006 — Манголіі, з 2007 — Латвіі, з 2012 — Кіргізіі і Японіі, з 2013 — Украіны, з 2014 — Германіі і Самалі.
Вынікі апошніх чэмпіянатаў свету дазваляюць казаць аб тым, што ў сусветным хакеі з мячом сфарміравана своеасаблівая «табель аб рангах». Наймацнейшымі зборнымі з'яўляюцца расійская і шведская. Канкурэнцыю ім можа скласці каманда Фінляндыі, якая мае ў сваім актыве адзін тытул чэмпіёна свету. Гэтыя зборныя, а таксама Казахстан і Нарвегія фармуюць «вялікую пяцёрку» мацнейшых каманд свету.
Акрамя краін, зборныя якіх удзельнічаюць у чэмпіянатах свету, у Міжнароднай федэрацыі хакея з мячом прадстаўлены таксама Індыя, Італія, Польшча, Аўстралія, Ірландыя, Сербія, Швейцарыя, Літва, Арменія, Аргенціна, Англія, Кітай і Афганістан (усяго 32 краіны).
Акрамя турніраў нацыянальных зборных, у хакеі з мячом таксама праводзяцца міжнародныя турніры сярод клубных каманд. Самым прэстыжным сярод іх з'яўляецца Кубак свету па хакеі з мячом, які штогод праводзіцца ў Швецыі. Важнае значэнне мае таксама Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Праводзіцца і цэлы шэраг камерцыйных турніраў.
Поле для хакея з мячом уяўляе сабой прамавугольную ледзяную пляцоўку з даўжынёй 90—110 і шырынёй 50—70 м. Памеры варот: вышыня — 2,1 м, шырыня — 3,5 м. Акружнасць мяча — да 24 см, вага — не больш за 165 г.
Стандартная працягласць гульні — два таймы па 45 хвілін.
Кожная каманда павінна выставіць на поле 10 палявых гульцоў і варатара. Як і ў футболе, палявыя гульцы валодаюць адным з трох амплуа — абаронца, паўабаронца ці нападнік. Варатар — адзіны гулец на полі, які не скарыстоўвае клюшку, мае права браць мяч рукой у мяжах сваёй штрафной плошчы, мае здзяйсняць падзення і скачкі на лёд.
Як і ў хакеі з шайбай, гульцы могуць замяняцца практычна ў любы момант і неабмежаваную колькасць разоў.
Пры парушэнні правілаў суддзя можа прызначыць свабодны ўдар або пенальці, вынесці вуснае папярэджанне, выдаліць гульца на 5, 10 хвілін, або да канца гульні без права замены.
Хакей з мячом на Вікісховішчы |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.