беларускі паэт, перакладчык, крытык From Wikipedia, the free encyclopedia
Уладзімір Адамавіч Жылка (27 мая 1900, в. Макашы, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласць, РСФСР; Псеўданімы: Л. Макашэвіч; Крыптанімы: Вл. Ж., Вал. Жыл., У. Ж., Ул. Ж.) — беларускі паэт, перакладчык, крытык.
Уладзімір Адамавіч Жылка | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 27 мая 1900 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 сакавіка 1933 (32 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнавец, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, паэт |
Жанр | паэзія |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1914 годзе скончыў гарадское вучылішча ў Міры. У тым жа годзе разам з сям’ёй пераехаў у Мінск, дзе бацька атрымаў працу. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве ў Тульскай губерні. Скончыў 3 класы Багародзіцкага агранамічнага вучылішча (1915—1917), у сакавіку 1917 года вярнуўся разам з бацькам у прыфрантавы Мінск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе.
У кастрычніку 1919 — сакавіку 1920 гадоў працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе, зблізіўся з беларускім вызваленчым і культурна-асветным рухам, наведваў клуб «Беларуская хатка», пазнаёміўся са старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш., а таксама з Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам. У 1919 годзе ўступіў у партыю беларускіх эсэраў. Надзяляў панскай зямлёй сялян, працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам, якім загадваў М. Чарот (1918—1919), прымаў удзел у антыпольскім падполлі. Друкаваўся ў мінскіх выданнях.
Восенню 1920 года захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага павета. Пасля Рыжскага дагавора 1921 года апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зблізіўся з паўстанцкай групай І. Мікуліча, якая дзейнічала на Нясвіжчыне, пазнаёміўся з былымі членам паўстанцкага ўрада на Случчыне У. Пракулевічам, пісаў для падпольшчыкаў лістоўкі, адозвы, закліковыя вершы («Каваль», «Дзед», «Гімн беларускіх паўстанцаў»), устанавіў сувязь з беларускімі газетамі «Беларускія ведамасці», «Наша думка», якія выдаваў М. Гарэцкі, сябраваў з лідарамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыіцыі (БРА) Л. Родзевічам, I. Канчэўскім, А. Канчэўскім, прымаў удзел у падрыхтоўцы легальных выданняў БРА (арыштоўваўся як рэдактар аднаго з іх). Пасля няўдачы паўстання, рыхтаванага на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне ўрадам БНР з тэрыторыі Літвы ў пачатку 1920-х гадоў, рэвалюцыйная сітуацыя ў Заходняй Беларусі паслабела. У. Жылка сустрэў адыход ад узброенага змагання з прыкрасцю, нават адчаем.
Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Апекаваў разам з Л. Родзевічам створаную ў Віленскай беларускай гімназіі тэатральную майстроўню. Каб пазбегнуць прызыву ў войска генерала Л. Жалігоўскага, летам 1922 года выехаў у Літву (Коўна), потым пераехаў у Латвію, стаў наведваць выпускны клас Беларускай гімназіі ў Дзвінску (навучанне не скончыў). Выконваў ролю сувязнога паміж віленскім і ковенскім цэнтрамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і беларускімі зямляцтвамі ў Прыбалтыцы. У канцы 1922 года нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Л. Родзевічу ў апрацоўцы матэрыялаў для газет «Наша будучыня» і «Новае жыццё».
У лютым 1923 года выехаў на вучобу ў Чэхаславакію. Паводле рэкамендацыі Л. Родзевіча стаў стыпендыятам Чэхаславацкага ўрада, у 1923 годзе паступіў на філалагічнае аддзяленне філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва (АБПС), сябраваў з яе старшынёй І. Дварчаніным, дапамагаў у выданні органа гэтай арганізацыі — часопіса «Перавясла». У сярэдзіне 1920-х гадоў зблізіўся з марксісцкай арганізацыяй «Саюз студэнтаў-грамадзян БССР», рэдагаваў часопіс «Прамень» (пазней «Новы прамень»). Да 1926 года жыў у Празе, аднак прайсці поўны курс вышэйшай адукацыі ў Карлавым ўніверсітэце не атрымалася.
У 1926 годзе ў якасці рэдактара пражскага часопіса «Прамень» прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. У Чэхаславакію паэт не вярнуўся, застаўся ў БССР, прыняў савецкае грамадзянства (Л. Родзевіч раіў яму вяртацца ў БССР і «смакаваць марксізм», А. Луцкевіч лічыў, што ў Мінску больш прастору для асветніка, чым у Вільні). У Савецкай Беларусі У. Жылка спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце «Беларуская вёска». 3 1927 года загадчык аддзела літаратуры газеты «Звязда». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У 1928 годзе быў выключаны з «Маладняка» за тое, што «не набліжаецца да пралетарскай літаратуры». Знайшоў паразуменне і падтрымку ў кіраўніцтва літаратурнага згуртавання «Узвышша», друкаваўся ў іх часопісе, здружыўся з Я. Пушчам, У. Дубоўкам, А. Бабарэкам.
У 1928 годзе з прычыны контрбеларусізацыйнай хвалі быў вымушаны пакінуць «Звязду». Выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме, працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно.
19 ліпеня 1930 года арыштаваны пад Мінскам ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пры вобыску на кватэры ў яго забралі 27 кніг, шмат пісьмаў і рукапісаў. Не прызнаў сябе вінаватым. Пастановай калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года прыгавораны да 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобл., дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19 верасня 1960 года Судовай калегіяй Вярхоўнага Суда БССР.
У 1918 годзе напісаў свой першы беларускі верш «Покліч» (надрукаваны ў газеце «Беларусь», 25.1.1920). Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». У вершах пачатку 1920-х гадоў «Беларусь», «Замчышча», «Мы любім даўнія паданні», «Палімпсест» паэт вылучае дзве супрацьлеглыя сілы, якія спакон вякоў твораць гісторыю: наканаванасць, лёс, «напасці» і свядомая барацьба грамады, што можа павярнуць ход падзей да свабоды, нацыянальнай годнасці і сацыяльнай справядлівасці. Лічыць, што і «мамэнты заняпаду… распазнаць нас вучаць здраду» і цаніць вернасць.
У артыкуле «У справе ацэнкі беларускага адраджэння» (1923) У. Жылка называе асновай беларускай вызваленчай ідэі спалучэнне нацыянальнага з сацыяльным. Ён адхіляе адначасна псеўдапатрыятычны тэзіс аб выключнасці нацыі і марксісцкі пастулат аб буржуазнасці нацыянальнай справы. У рэцэнзіі на збор твораў Л. Родзевіча «Беларусь» ухваляе паэзію аўтара, які не апісваў абшар ці «гаспадарскі лад», а паказваў духоўныя каштоўнасці Беларусі.
Рукапісны гісторыка-філасофскі эцюд У. Жылкі «Беларусь-Крыўя» пачынаецца з пастулата, што тэма бацькаўшчыны «можа быць вырашана толькі ў плоскасці сэрца і волі». Беларусь для яго нешта матэрыяльнае, а «Крыўя — гэта творчасць і форма, сутнасць якое — нацыя. Змест — кожнае дасягненне: новы верш, новы навуковы твор… ёсць Крыўя». Суадносіны паміж дзяржавай зямной і дзяржавай Духа — складаная непазбежнасць, паэт дапускае, што адроджаная Беларусь павінна стаць сінтэзам дзяржавы мяча і плуга з дзяржавай Духа.
Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборніка вершаў «На ростані» (Вільня, 1924). У цыкле «Вершы аб Вільні» (1926) называе гэты гістарычны цэнтр дзяржаўнасці і вызваленчага руху «беларускай Меккай», а беларускіх патрыётаў прыраўноўвае з ісламскімі вернікамі. У альтэрнатыўным віленскаму цыклу вершы «Альбігоец» перадае трагедыю зняверанай душы, жах ваяўнічага адступніцтва верніка, яго здзек з ідэалаў і святасцяў, якім нядаўна верыў, а тыя не здзейсніліся. Верш гучыць злавесна і прароча, ён стаў у беларускай літаратуры першым сігналам прадчування глабальнай катастрофы, набліжэння ідэалогіі катастрафізму, што неўзабаве прыгняце песімізм маладых мадэрністаў, зламаных крызісам і захопам палітычнай арэны фашысцкімі вандаламі.
У. Жылка выйшаў на прасторы еўрапейскай палітыкі і літаратуры. Яго ўлюбёнымі паэтамі былі старыя рамантыкі Персі Шэлі, М. Лермантаў, А. Міцкевіч, Г. Ібсен, Ф. Цютчаў, неарамантыкі Ш. Бадлер, А. Блок. Неўзабаве У. Жылка пачынае прызнаваць інтуіцыю, але над усім ставіць шчырасць, балючую і страшную, нават апакаліптычную праўду. Ён працягвае верыць у збавіцельную адраджальную моц красы і любові. 3 гэтай супярэчлівасці паўстаў у 2-й палове 1920-х гадоў выдатны цыкл інтымна-філасофскіх «Вершаў спадзявання», дзе пераадольвае песімізм неарамантычных і дэкадэнцкіх плыняў еўрапейскай паэзіі, вылучае і шануе з постмадэрнісцкіх кірункаў авангардныя, што імкнуліся падняць масы і ўтрымаць веру ў сябе і весці на барацьбу за хараство супраць цемры, хаосу. Пра аптымізм яго светаспасцігання сведчаць вершы «Не складаць мне болей песняў», «Хвораму» і інш.
Падчас сваёй дзейнасці ў БССР працягваў плённа працаваць. Публікаваў артыкулы пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзію на паэму У. Дубоўкі «Наля», велічальны верш «Антону Навіне» і інш. Супрацоўнічаў з музыказнаўцам Ю. Дрэйзіным, дапамагаў у перакладзе лібрэта і пастаноўцы сіламі студэнтаў оперы «Фауст».
Апошні яго зборнік «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927) стаў прычынай сутыкнення паміж групоўкай «Маладняка» і беларускімі літаратарамі, зарыентаванымі на сусветную класіку і эстэтычную суверэннасць («Узвышша»). У пачатку 1928 года з’явілася рэцэнзія («Полымя», 1928, № 2, с. 216), у якой маладнякоўскі паэт і крытык Тодар Глыбоцкі рэзка негатыўна ацэньваў паэтычныя дасягненні У. Жылкі, не прызнаваў за яго творамі эстэтычнай і ідэйнай вартасці, абвясціў, што гэты «зборнік вершаў чужы нам па форме і ідэйнаму зместу». Ва ўмовах тагачаснай літаратурнай групаўшчыны пэўны ярлык на паэта быў навешаны, што з часам адыграла сваю ролю ў арыште і ссылцы.
У ссылцы перакладаў еўрапейскіх паэтаў, пісаў уласныя творы (усё напісанае забрана органамі НКУС Уржума і Вяткі). Захавалася дзякуючы Я. Кіпелю паэма «Тэстамент» — філасофска-публіцыстычны твор, грамадзянская споведзь і апраўданне сябе і сяброў, беларускіх патрыётаў, якія без віны сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Пражытае ён лічыў пяснярскай доляй, з беларуска-мужыцкім гартам і адраджэнскай барацьбой. Маральны імператыў паэтавага развітання з жыццём — велікадушнасць, якая ідзе ад мудрасці народнай і ад еўрапейскай філасофіі. У. Жылка адштурхоўваўся ад еўрапейскага рамантызму, выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі Чэхаславакіі і Польшчы, прадаўжаў распрацоўваць патрыятычна-вызваленчую легенду беларусаў, арыентуючыся на Я. Купалу і М. Багдановіча, станоўча ацэньваючы вопыт маладых паэтаў У. Дубоўкі, Я. Пушчы.
Усё жыццё Уладзімір Жылка лічыў Максіма Багдановіча сваім духоўным настаўнікам. Язэп Святазар у сваім артыкуле «Новы Багдановіч», параўноўваючы творчасць паэтаў, напісаў:
«Прыглядаючыся да творчасці Жылкі, лічыш, што ягоным заданнем у беларускай літаратуры ёсць замена без часу загінуўшага М.Багдановіча, на што ён мае ўсялякія дадзеныя, будучы духоўна найбольш прыбліжаным да памерлага Маэстра»[1]. |
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
Архіў У. Жылкі знаходзіцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і налічвае 136 адзінак захавання.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.