From Wikipedia, the free encyclopedia
Тару́ньскі мір 1411 года, або Першы Тару́ньскі мір — мірнае пагадненне, якое фармальна завяршыла «Вялікую вайну» 1409—1411 гадоў паміж саюзам Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку, і Крыжацкім ордэнам з другога, падпісанае 1 лютага 1411 года ў Торуні (ням.: Thorn), у адным з самых паўднёвых гарадоў Манаскай дзяржавы крыжацкіх рыцараў. У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Таруньскі мір 1411 года быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, які спарадзіў унутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.
Таруньскі мір 1411 года | |
---|---|
Тып дагавора | Міжнародны дагавор |
Дата падпісання | 1 лютага 1411 |
Месца падпісання | Торунь |
Бакі |
Тэўтонскі ордэн Каралеўства Польскае Вялікае Княства Літоўскае |
Месца захоўвання | Warszawa, Archiwum Glowne Akt Dawnych, Zbior dokumentow pergaminowych, sygn. 4487. |
Мова | лацінская |
У маі 1409 года ў Жамойці, якая паводле Рацёнжскага дагавора знаходзілася ў руках Ордэна[1], выбухнула паўстанне. Вялікі князь літоўскі Вітаўт падтрымаў паўстанне. Польшча, якая з 1386 года была ў асабістай уніі з Літвой, таксама абвясціла падтрымку жамойцкіх паўстанцаў. Такім чынам лакальнае паўстанне вылілася ў сапраўдную вайну. Спачатку тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Польшчу, знянацку захопліваючы палякаў у палон і заваёўваючы Добжынскую зямлю без значнага супраціўлення[2]. Аднак ні адзін ваюючы бок не быў гатовы да паўнацэннай вайны. У кастрычніку 1409 года пры пасрэдніцтве імператара рымскага і чэшскага караля Вацлава IV было заключана перамір'е. Калі ў чэрвені 1410 года тэрмін перамір'я скончыўся, саюзныя польска-літоўскія войскі ўварваліся ў Прусію і сустрэлі войска крыжакоў у Грунвальдскай бітве. Крыжакі былі разгромлены, большасць іх камандавання былі забіты. Пасля бітвы большасць крыжацкіх крэпасцей здаліся без супраціўлення. Крыжацкі Ордэн застаўся толькі з васьмю падкантрольнымі замкамі[3]. Аднак саюзныя польска-літоўскія войскі памарудзілі з аблогай Марыенбурга, даючы крыжакам дастаткова часу, каб арганізаваць абарону. Саюзным войскам, якія цярпелі нястачу амуніцыі і баявога духу, не ўдалося захапіць сталіцу Тэўтонскага ордэна, і яны вярнуліся дамоў у верасні 1410 года[4]. Крыжакі хутка адваявалі свае захопленыя палякамі крэпасці[5]. Польскі кароль Ягайла падняў новае войска і нанёс чарговае паражэнне крыжакам у бітве пад Карановам ў кастрычніку 1410 года. Генрых фон Плаўэн, новы тэўтонскі вялікі магістр хацеў працягнуць змаганне і ўжо збіраўся набіраць новых крыжакоў, але, нягледзячы на гэта, галава Тэўтонскага ордэна схіляўся да міру, і абодва бакі дамовіліся аб перамір'і з 10 снежня 1410 года па 11 студзеня 1411 года[6]. Трохдзённыя перагаворы ў Рацёнжы паміж Ягайлам і фон Плаўэнам праваліліся, і тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Добжынскую зямлю ізноў[6]. Чарговае крыжацкае нашэсце вылілася ў новы этап перамоў, якія завяршыліся Таруньскім пагадненнем.
Межы дзяржаў вярталіся на даваенны (да 1409 года) стан, за выключэннем Жамойці[7]. Ордэн пакінуў свае прэтэнзіі на Жамойць, але толькі часова — пасля смерці польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта Жамойць павінна была вярнуцца ў межы Ордэна. У гэты час абодва кіраўнікі ўжо былі мужчынамі ва ўзросце[8]. На поўдні Добжынская зямля, захопленая падчас вайны крыжакамі, адыходзіла да Польшчы. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн фактычна не пацярпеў аніякіх тэрытарыяльных страт, што, відавочна, было вялікім дыпламатычным дасягненнем пасля разгромнага паражэння ў Грунвальдскай бітве[7][9]. Усе бакі дамовіліся, што ўсе будучыя тэрытарыяльныя спрэчкі або непагадненні па вызначаных межах вырашацьмуцца шляхам міжнароднага пасрэдніцтва. Межы былі адчынены для міжнароднага гандлю, што было карысным больш для прускіх гарадоў[8]. Ягайла і Вітаўт таксама абяцалі ахрысціць усіх застаўшыхся паганцаў на Літве і Жаймоці, якія не былі дагэтуль афіцыйна ахрышчаныя[7].
Пасля Грунвальдскай бітвы Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае трымалі каля 14 000 ваеннапалонных[10]. Большасць непрывілеяваных салдат і наймітаў былі вызвалены адразу пасля бітвы з умовай рэгістрацыі ў Кракаве 11 лістапада 1410[11]. Заставаліся ў зняволенні толькі тыя, хто быў здольны заплаціць за сябе выкуп. Былі адзначаныя істотныя выкупы; напрыклад, найміт Хольбрахт фон Лойм мусіў заплаціць «шэсцьдзясят разоў суму ў 150 пражскіх грошай», або больш за 30 кілаграм срэбрам[12]. Таруньскі мір урэгуляваў выкупы супольна: польскі кароль вызваліў усіх палонных узамен на плату ў «шэсцьдзясят разоў сумай 100 000 пражскіх грошай», што раўняецца прыблізна 20 000 кілаграмам срэбра, якія выплачваліся чатырма гадавымі ўзносамі[8]. У выпадку нявыплаты аднаго з гадавых унёскаў плацельшчык мусіў выплаціць дадатковую кампенсацыю ў памеры 720 000 пражскіх грошай. У цэлым выкуп раўняўся £850 000 — дзесяцікратнаму гадавому даходу караля Англіі[13].
Дзеля таго, каб сабраць дастатковую для выкупу суму, вялікі магістр Генрых фон Плаўэн быў вымушаны павысіць падаткі. Ён сабраў савет прадстаўнікоў з кожнага прускага горада, каб прыняць увядзенне адмысловага падаткаабкладання. Данцыг (Гданьск) і Торн (Торунь) паўсталі супраць новага падатку, але былі падаўлены[7]. Крыжакі таксама канфіскавалі царкоўнае срэбра і золата і ўзялі значныя пазыкі за мяжой. Першыя дзве выплаты былі своечасова аплачаныя ў поўным памеры. Аднак для далейшых выплат было складана сабраць грошы, бо крыжакі вычарпалі сваю казну на рэстаўрацыю сваіх замкаў і пераўладкаванне свайго войска, якое ў вялікай ступені залежала ад аплачваемых наймітаў[7]. Яны таксама паслалі дарагія падарункі Папе Рымскаму і імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонту, каб упэўніцца ў працягу іх падтрымкі крыжацкай справы[14]. Падаткавыя запісы паказалі, што ўраджай у тыя гады быў нязначным і што многія абшчыны адставалі ад тэмпу выплаты падаткаў на тры гады[15].
Неўзабаве пасля мірнага пагаднення ўзніклі нязгоднасці наконт кепска вызначаных межаў Жамойці. Вітаўт сцвярджаў, што ўся тэрыторыя на поўнач ад Нёмана, уключаючы порт Мемель (Клайпеда) была часткай Жаймойці і тым самым павінна адысці Вялікаму Княству Літоўскаму[16]. У сакавіку 1412 года імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт пагадзіўся пасрэднічаць у змяншэнні памераў трэцяй гадавой выплаты, дэмаркацыі жамойцкай граніцы і іншых пытаннях. Дэлегацыі сустрэліся ў Будзе (Офен), рэзідэнцыі Жыгімонта, дзе былі арганізаваны шчодрыя баляванні, паляванні і спаборніцтвы. Святкаванне прыпала на шлюбавіны Кімбаркі мазавецкай, пляменніцы Ягайлы, і аўстрыйскага герцага Эрнеста[17]. У жніўні 1412 года Жыгімонт абвясціў, што Таруньскі мір з'яўляўся дзейным і справядлівым[18], і прызначыў Бенедыкта Макра расследаваць памежныя спрэчкі. Гадавыя рэпарацыйныя выплаты не былі зніжаны, і апошняя своечасовая выплата была зроблена ў студзені 1413 года[19]. Марка абвясціў сваё рашэнне ў маі 1413, цалкам саступаючы паўночны бераг Нёмана, разам з Мемелем, Вялікаму Княству Літоўскаму[20]. Крыжакі адмовіліся прымаць гэта рашэнне, і безвыніковая Галодная вайна распачалася ў 1414 годзе. Перамовы працягваліся на Канстанцкім саборы, і спрэчныя пытанні не былі вырашаны да Мельнскага міру 1422 года.
Агулам, Таруньскі мір пагоршыў становішча Прусіі на доўгі час. К 1419 году 20% крыжацкіх зямель сталі занядбанымі, і тэўтонскія грошы былі псаваныя (нізкай якасці), каб пакрыць расходы[21]. Павышаныя падаткі і эканамічны спад выкрыў унутраную палітычную барацьбу паміж біскупамі, свецкімі рыцарамі і мяшчанамі[22]. Гэтыя палітычныя разломы з далейшымі войнамі супраць Літвы і Польшчы толькі ўзмацніліся і ўрэшце выліліся ў стварэнне антытэўтонскай Прускай канфедэрацыі і грамадзянскую вайну, якая разваліла Прусію на дзве часткі.
Дакумент на лацінскай мове на аркушы пергаменту памерам 570x496+45 мм. Пячатка вялікага князя літоўскага Вітаўта — адбітак на чырвоным воску дыяметрам 50 мм на палосцы пергаменту. Дзесяць палосак пергаменту без пячатак[23].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.