Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Слова пра паход Ігараў (Слово о плъку Игоревѣ), Слова пра паход Ігараў, Ігара, сына Святаславава, унука Алегава (Слово о пълкѹ игоревѣ. игорѧ сына свѧтъславлѧ. внѹка ольгова) — найвыдатнейшы помнік старажытнарускай літаратуры канца XII ст.
Слова пра паход Ігараў | |
---|---|
Слово о пълкѹ игоревѣ. игорѧ сына свѧтъславлѧ. внѹка ольгова | |
Жанр | narrative poetry[d] і эпас |
Аўтар | невядома |
Мова арыгінала | старажытнаруская мова |
Дата напісання | XII стагоддзе |
Персанажы | Ігар Святаславіч, Баян[d] і Ефрасіння Яраслаўна[d] |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сюжэт Слова пабудаваны вакол няўдалага паходу 1185 года некаторых князёў паўднёвай Русі на чале з Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў.
Слова ўваходзіла ў зборнік некалькіх літаратурных тэкстаў выяўлены ў Яраслаўскім Спаса-Праабражэнскім манастыры А. І. Мусіным-Пушкіным. Арыгінал Слова загінуў у 1812 годз падчас маскоўскага пажару, што дало падставу сумнявацца ў сапраўднасці рукапісу.
Усе сённяшнія рэканструкцыі тэксту Слова грунтуюцца на выданні 1800 года, падрыхтаваным Мусіным-Пушкіным, копіі знятай для Кацярыны II у 1795 годзе, выпісках зробленых А. Ф. Маліноўскім і М. М. Карамзіным. Значэнне таксама мае пераклад Слова, зроблены для Кацярыны II не з копіі, а з арыгінала рукапісу.
Гіпотэзы рознай ступені слушнасці пра аўтарства прапаноўваюць практычна на працягу ўсіх двух стагоддзяў ад часу публікацыі твора. Практычна ўсё вядомыя з летапісаў дзеячы канца XII ст. залічаліся ў магчымыя аўтары. Са сваімі версіямі выступалі не толькі філолагі і гісторыкі, але і шматлікія аматары, пісьменнікі, публіцысты. Слова, як усё вялікае, прыцягвае ўвагу разнастайных маргіналаў, былі спробы чытаць яго нават па-хазарску.
Слова занадта кароткі, незвычайны і складаны тэкст, каб па ім упэўнена разважаць пра аўтара або параўноўваць з іншымі тэкстамі той эпохі. Адны даследчыкі лічылі, што тон зваротаў аўтара да князёў паказвае, што сам ён быў князем, у прыватнасці, называліся імёны самога Ігара, Яраслаўны, Уладзіміра Ігаравіча і шэрагу іншых князёў, уключаючы вельмі малавядомых. Іншыя, наадварот, сцвярджалі, што князь не мог зваць князя «гаспадзінам». Па-рознаму ацэньваліся і палітычныя сімпатыі аўтара — адны лічаць, што ён апявае Ігара і таму належыць да лагеру Ольгавічаў, іншыя — што ён асуджае яго авантуру і сімпатызуе Манамахавічам. Высоўвалася нават малаімаверная версія, што частка тэксту напісаная адным аўтарам, другая — іншым. Высоўваліся версіі, што аўтар быў пскавічом — на падставе пскоўскіх элементаў у мове Слова, або палачанінам — шмат месца ў творы прысвечана полацкай гісторыі і Усяславу Брачыславічу. Асобную галіну складаюць спробы пошуку проста названага або зашыфраванага імя аўтара ў тэксце, вылучэнне акравершаў, але з прычыны страты рукапісу падобныя рэканструкцыі вельмі сумнеўныя.
Б. А. Рыбакоў, атрыбутаваў як аўтара большай часткі Кіеўскага летапісу XII ст. згаданага там кіеўскага баярына Пятра Барыславіча, і, улічваючы даўно вядомыя лінгвістам нетрывіяльныя падабенствы паміж Кіеўскім летапісам і Словам, дапусціў, што Слова напісаў таксама Пётр Барыславіч. Гэтую гіпотэзу ён падмацаваў аналізам палітычнай канцэпцыі абодвух тэкстаў. Аднак атрыбуцыя летапісання апісанага перыяду баярыну Пятру сама па сабе гіпатэтычная, а падабенствы паміж творамі свецка-княжацкай культуры аднаго часу не абавязкова гавораць пра аднаго аўтара.
Пры сучасным стане пытання і цяперашнім корпусе вядомых крыніц, навукоўцы лічаць, што імя аўтара Слова не будзе вядома ніколі.
Неўзабаве па публікацыі помніка шматлікія крытыкі выказвалі сумненне ў яго сапраўднасці, сцвярджаючы, што гэта не аўтэнтычны твор, а падробка XVIII ст. Пасля публікацыі ў сярэдзіне XIX ст. «Задоншчыны», якая захавалася ў шасці копіях XV ст., несумненна звязанай са Словам, сапраўднасць Слова працяглы час нікім не аспрэчвалася.
Аднак у канцы XIX ст. французскім славістам Луі Лежэ, а ў 1920—1950-я гады Андрэ Мазонам прапанаваны новыя скептычныя гіпотэзы адносна паходжання Слова. На думку Мазона і шэрагу іншых французскіх даследчыкаў, Слова створана ў канцы XVIII стагоддзя на ўзор «Задоншчыны», прычым як сюжэт быў выкарыстаны пераказ падзей XII ст., зроблены В. М. Тацішчавым па незахаваных летапісах. Аўтарства тэксту Мазон прыпісваў А. І. Мусіну-Пушкіну, Бантышу-Каменскаму або архімандрыту Іаілю Быкоўскаму. Іаіля Быкоўскага таксама лічыў аўтарам Слова савецкі гісторык А. А. Зімін у 1960-я гады, прычым ва ўмовах савецкага часу, калі адкрытая дыскусія вакол праблемы была немагчыма, пярэчанні афіцыйнай навукі Зіміну часта зводзіліся да ідэалагічных нападкаў — цалкам асноўная праца Зіміна выдадзена толькі ў 2006 годзе. Найноўшую версію высунуў амерыканскі славіст Эдвард Кінан у 2003 годзе, на яго думку, Слова складзена чэшскім філолагам і асветнікам Ёзэфам Даброўскім.
Скептыкам неаднаразова пярэчылі як гісторыкі, так і літаратуразнаўцы, аднак найбольш пераканаўчыя аргументы ў карысць сапраўднасці Слова прапануюць лінгвісты. Раман Якабсон у 1948 годзе падрабязна аспрэчыў усе асноўныя аргументы прац Мазона, даказаўшы поўную адпаведнасць моўных рыс Слова сапраўднаму помніку XII ст., загінулы рукапіс якога быў копіяй XV—XVI стст.
У 2004 годзе Андрэй Залізняк, усебакова даследаваў праблему і паказаў, што фальсіфікатар XVIII ст. ніяк не мог валодаць лінгвістычнымі ведамі, неабходнымі для стварэння тэксту Слова. Кандыдатура Даброўскага таксама на гэту ролю не падыходзіць, бо звесткі пра старажытную славянскую граматыку, выкладзеныя ў яго працах, адрозніваюцца ад фактаў граматыкі Слова. У прыватнасці, Залізняк паказаў, што характар ужывання так званых клітык у тэксце Слова адпавядае параметрам апавядальных тэкстаў XII ст., а ведаў пра гэтыя параметрах у меркаваных фальсіфікатараў XVIII ст. не магло быць. Аналагічныя назіранні зроблены і над іншымі кампанентамі граматыкі. Акрамя таго, шэраг параметраў дэманструе несумненную залежнасць тэксту «Задоншчыны» ад тэксту Слова, а не наадварот.
Нягледзячы на ўсе гэтыя сведчанні безгрунтоўнасці версіі пра Слова як падробку XVIII ст., гэта версія стала выключна карысным стымулам у справе даследаванняў помніка.
Першы пераклад Слова, урывак пад назвай «Песня пра князя Ізяслава Полацкага», зрабіў Максім Багдановіч у 1910 годзе. Першы поўны празаічны пераклад зрабіў Янка Купала ў 1911 годзе, ён жа ў 1921 годзе зрабіў і паэтычны пераклад. У 1922 годзе выйшаў празаічны пераклад Максіма Гарэцкага («Хрестоматия белорусской литературы», Вільня). Паэтычныя пераклады таксама рабілі Анатоль Вялюгін («Плач Яраслаўны», 1969), Рыгор Барадулін (1985), Віктар Дарашкевіч (1985, апублікаваны 1989) і Іван Чыгрынаў (1991[1]).[2][3]
Бадай, меркаванне Уладзіслава Сыракомлі, выказанае ў «Гісторыі польскай літаратуры ад пачатку яе да цяперашняга часу» (Масква, 1860), што Слова напісана «беларускай мовай», трэба лічыць пачаткам вывучэння твору беларускімі даследчыкамі. У 1911 годзе, у «Краткой истории белорусской письменности до XV ст.», свае разважанні пра Слова змясціў Максім Багдановіч, між іншым ён лічыў, што старажытны твор складзены з калісьці асобных песень.
Значны ўклад у вывучэнне Слова зроблены беларускімі археолагамі Эдуардам Загарульскім[4][5] і Георгіям Штыхавым[6][7]. Вячаслаў Чамярыцкі выказваўся пра «цёмныя месцы» Слова, Леанід Побаль пра лакалізацыю Дудутак згаданых у Слове[8]. Міхаіл Булахаў апублікаваў агляд славянскіх перакладаў і даследаванняў, разглядаў фальклорныя матывы і мову помніка. Буйнейшы ўклад беларускіх навукоўцаў — энцыклапедыя «„Слово о полку Игореве“ в литературе, искусстве, науке»[9], укладзеная Міхаілам Булахавым, і бібліяграфія работ пра Слова на беларускай мове, укладзеная Людмілай Зарэмба[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.