From Wikipedia, the free encyclopedia
Самава (саманазва Tau Samawa), або сумбава (індан.: Sumbawa) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва вострава Сумбава ў Інданезіі. Агульная колькасць — 413 тысяч чал. (2011 г.)[1].
Самава насяляюць заходнюю частку вострава Сумбава і каля 38 невялікіх астравоў. На ўсходзе Сумбавы яны мяжуюць з блізкім па мове і культуры народам біма або мбоджа. Самава паходзяць ад старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў некалькі тысяч гадоў таму. У XIV ст. заходняя частка Сумбавы ўзгадваецца як залежная тэрыторыя яванскай імперыі Маджапахіт. У далейшым створаныя на захадзе Сумбавы дзяржаўныя ўтварэнні перыядычна знаходзіліся ў залежнасці ад дзяржаў Балі. У 1650—1750 гг. султаны захаду Сумбавы самі валодалі землямі на суседнім востраве Ламбок.
У XVII ст. сярод самава распаўсюджваецца іслам. Аднак яго ўплыў набыў асаблівую важнасць толькі ў XIX ст. у сувязі з рэформамі, якія праводзілі мясцовыя манархі для ўмацавання сваёй улады пасля катастрафічнага вывяржэння вулкана Тамбора. Яны спрыялі культурнаму аб’яднанню мясцовага насельніцтва.
Ужо ў перыяд сярэднявечча самава былі вядомы як пастаўшчыкі каштоўнай драўніны, мёду, коней у іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. З 1605 г. вялі актыўны гандаль з галандцамі. Дзякуючы галандскім гандлярам на востраве Сумбава пачалося вырошчванне кавы, якая ператварылася ў асноўную экспартную культуру. У XIX ст. саслабленыя дзяржаўныя ўтварэнні самава былі далучаны да галандскіх калоній. У 1949 г. Заходняя Сумбава стала часткай Інданезіі.
Асноўны традыцыйны занятак — земляробства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўляецца рыс, які пераважна ўжываецца ў ежу. Іншыя культуры (цыбулю, тытунь, каву, садавіну і г. д.) вырошчваюць пераважна на продаж. Самава трымаюць буйвалаў, коней, на затопленых палетках і ў штучных сажалках — рыбу. Важнае значэнне мае лясная гаспадарка, збор дзікіх арэхаў, воску і ладану.
Для вёсак самава характэрна так званая рассеяная забудова, калі населеныя пункты складаюцца з асобных сядзіб. Вялікія вёскі падзяляюцца не некалькі частак, кожная з якіх мае сваю адміністрацыю. Аднак жыхары вёскі аб’яднаны ў абшчыну, супольна займаюцца праблемамі землекарыстання і ірыгацыі. У горнай мясцовасці на вызваленых ад лесу тэрыторыях будуюць часовыя селішчы. Жытлы слупавога-каркаснага тыпу з высокімі дахамі, звычайна складаюцца з 4—6 пакояў.
Традыцыйнае грамадства падзяляецца на тры групы — сваякоў сям’і манарха, высакародных і асабіста вольных простых абшчыннікаў. Пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, але сваякі захоўваюць шчыльныя сувязі да шостага пакалення. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініі. Хаця рэлігія не забараняе палігінію, сем’і звычайна манагамныя. Вяселлю папярэднічае доўгі цыкл абрадаў і заручынаў. Нявеста павінна атрымаць бласлаўленне бацькоў. У мінулым уцёкі маладых, якія не атрымалі бласлаўлення, выклікалі абразу сваякоў і абавязковы пераслед уцекачоў.
Фальклор самава вядомы вялікай колькасцю казак, легенд, гістарычных паданняў, дзіцячых вершаў, танцавальнымі і музычнымі відовішчамі.
Большасць вернікаў самава з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі, аднак захаваліся некаторыя старажытныя культы. Самава вераць у існаванне мноства духаў, магію. Пэўны ўплыў маюць шаманы, якія выступаюць у якасці дарадцаў і лекараў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.