Гаі́ці (гаіц. крэольск.: Ayiti, фр.: Haïti), Рэспу́бліка Гаі́ці (гаіц. крэольск.: Repiblik Ayiti, фр.: République d’Haïti) — дзяржава ў Карыбскім моры, займае заходнюю частку вострава Гаіці і шэраг прылеглых невялікіх астравоў. Тэрыторыя — 27,8 тыс. кв. км. Насельніцтва — больш за 10 млн чалавек. Другая ў Карыбскім рэгіёне па колькасці насельніцтва пасля Кубы. Сталіца — Порт-о-Прэнс (каля 2,4 млн жыхароў). Насельніцтва пераважна негроіднае. Дзяржаўныя мовы — французская і крэольская, на якой гаворыць 85 % насельніцтва. Грашовая адзінка — гурд. Нацыянальнае свята — 1 студзеня — Дзень незалежнасці (1804). Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 10 дэпартаментаў. Найбяднейшая краіна Заходняга паўшар'я.
| |||||
Дэвіз: «L'Union Fait La Force» | |||||
Гімн: «La Dessalinienne» | |||||
Дата незалежнасці | 1 студзеня 1804 (абвешчана) 1825 (прызнана) (ад Францыі) | ||||
Афіцыйныя мовы | гаіцянская крэольская і французская | ||||
Сталіца | Порт-о-Прэнс | ||||
Найбуйнейшы горад | Порт-о-Прэнс | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр | Жавенель Маіз Жан-Шарль Энекс | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 142-я ў свеце 27 750 км² 0,7 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2016) • Шчыльнасць | 10,8 млн чал. (85-я) 382 чал./км² (32-я) | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$19,9 млрд долараў (126-ы) $1800 | ||||
ІРЧП (2007) | ▼ 0.532 (149-ы) | ||||
Этнахаронім | гаіцянін, гаіцянка | ||||
Валюта | гурд | ||||
Інтэрнэт-дамен | .ht | ||||
Код ISO (Alpha-2) | HT | ||||
Код ISO (Alpha-3) | HTI | ||||
Код МАК | HAI | ||||
Тэлефонны код | +509 | ||||
Часавыя паясы | −5 |
Этымалогія
Назва вострава з мовы індзейцаў таіна перакладаецца як «Горная краіна».
Геаграфічнае становішча
Займае заходнюю частку (35 % плошчы) аднайменнага вострава і прыбярэжныя астравы, найбуйнейшыя з якіх - Тарцю, раней Тартуга (на поўнач ад вострава Гаіці), Ганаў (у заліве Ганаў), Ваш (на поўдні). Трэцяя па плошчы дзяржава Антыльскіх астравоў. На поўначы абмываецца Атлантычным акіянам, а на поўдні - Карыбскім морам. На захадзе ў востраў удаецца заліў Ганаў. Ўсходнюю частка вострава займае Дамініканская Рэспубліка, адзіная краіна, з якой у Гаіці ёсць сухапутная мяжа (360 км). Ад Кубы адасоблена Наветреным пралівам.
Прырода
Востраў размешчаны ў зоне сутыкнення Паўночна-Амерыканскай і Карыбскай літасферных пліт, што абумовіла горны рэльеф і высокую сейсмічнасць тэрыторыі (самы моцны землятрус адбыўся ў 2010). Рэльеф Гаіці ўяўляе сабой чаргаванне сярэдневысокіх моцна расчлененых гор і нізін. Усе горныя хрыбты маюць больш высокі працяг у дамініканскай частцы вострава Гаіці. Хрыбты поўначы (Паўночных хрыбет) і поўдня (хрыбет Ла-Сёль) фармуюць паўастравы. Да гор Ла-Сёль належыць вышэйшы пункт Гаіці Ла-Сёль (2680 м). Да заліва Ганаў прымыкае пласкагор'е Плато-Сантраль. З карой выветрывання звязаны паклады баксітаў.
Клімат — трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература складае каля +25 ° С. Для Гаіці характэрны летні максімум ападкаў з пікамі ў красавіку-чэрвені і верасні-кастрычніку; на падветраных схілах выпадае 500-800 мм ападкаў у год, у той час як на наветреных схілах — да 2500 мм. У Гаіці часта завітваюць разбуральныя трапічныя ўраганы («Іван» і «Жанна» ў 2004 годзе).
З Дамініканскіх гор у заліў Ганаў сцякае рака Артыбаніт, на ёй пабудавана вадасховішча Пялігр.
Расліннасць падветраных схілаў — кактусы, багаткі, пальма сабаль; унутраныя даліны пакрываюць саваны з хвоямі. У гарах поўдня — вільготныя трапічныя лясы (махагоні, дальбергія). З млекакормячых — агуці і завезеныя для барацьбы з пацукамі мангусты. Сустракаюцца тры віды кракадзілаў.
Гісторыя
Дакалумбавы перыяд
Востраў Гаіці (Эспаньёла) быў населены прыблізна з 5000 года да н.э. групай індзейцаў, якія, як мяркуецца, прыбылі з Цэнтральнай ці Паўднёвай Амерыкі[1]. Сярод гэтых ранніх пасяленцаў былі народы Сібанеі, а за імі — Таіна, якія размаўлялі на аравакскіх мовах, элементы якіх захаваліся ў Гаіцянскай крэольскай мове.
Каланіяльны перыяд
Іспанская каланізацыя (1492–1625)
Востраў, заселены плямёнамі аравакаў (зборная назва - таіна), быў адкрыты 6 снежня 1492 года Хрыстафорам Калумбам і названы ім Эспаньола («Маленькая Іспанія»); падчас другога плавання Калумба тут была заснавана першая іспанская калонія ў Новым Свеце (Ла-Навідад). «Я загадаў пабудаваць вежу, крэпасць і вялікі склеп, - пісаў Калумб ў журнале. - Я ўпэўнены, што мае людзі здольныя скарыць увесь востраў ... бо насельніцтва голае, без зброі і вельмі баязлівае ». Аднак «голыя» індзейцы аказалі супраціў іспанскім канкістадорам і ў той жа год спалілі Ла-Навідад. У XVI—XVII стагоддзях індзейскае насельніцтва востава вымерла.
Французская каланізацыя (1625–1804)
У 1697 годзе быў падпісаны Рейсвейкскі мір, паводле якога заходняя частка вострава адышла да Францыі пад назвай Санта-Дамінга, а ўсходняя частка засталася ў Іспаніі. Французы разбілі плантацыі цукровага трыснягу, для якіх завозілі рабоў з афрыканскіх калоній. У 1795 годзе Францыя атрымала кантроль над усім востравам.
Гаіцянская рэвалюцыя (1791–1804)
Гаіці заваёўвае незалежнасць ад Францыі ў 1804 годзе ў ходзе паспяховай гаіцянскай рэвалюцыі (1791-1804) і становіцца другой пасля ЗША незалежнай дзяржавай у Амерыцы і першай у свеце рэспублікай на чале з чарнаскурымі.
Перыяд незалежнасці
У 1804-1806 была імперыяй на чале з Жан-Жакам Десалінам (Жак Першы), а ў 1806-1820 рэспубліка суіснавала з каралеўствам (кароль Анры Крыстаф). У 1808 годзе Іспанія зноў вярнула сабе ўсходнюю частку вострава. У 1822 годзе Гаіці вяртае пад свой кантроль тольки вызваліўшуюся ад Іспаніі Дамінікану і валодае ёй да канчатковага "разводу" ў 1844, калі ў выніку антыгаіцянскага паўстання ва ўсходняй частцы вострава была абвешчана Дамініканская Рэспубліка. 1849 - 1859 - Другая Імперыя (імператар Фаустын Першы). 1915-1934 - акупацыя Гаіці войскамі ЗША. У 1957 годзе пасаду прэзідэнта Гаіці заняў былы міністр аховы здароўя, змагар з тыфам Франсуа Дзювалье, які пасля стаў дыктатарам. Апорай яго ўлады былі Тантон-Макуты - карныя паліцэйскія атрады. У міжнароднай супольнасці Дзювалье атрымаў вядомасць пад мянушкай Папа Док.
У 1971 годзе ўладу ўспадкаваў ягоны сын, двадцацігадовы Жан-Клод Дзювалье (Бэйбі Док). Ён не быў настолькі жорсткім і бескампрамісным, як бацька, і ў 1986 годзе рэжым клана Дзювалье быў зрынуты.
Першыя ў гісторыі Гаіці свабодныя прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў 1990 г. прынеслі перамогу святару Ж.-Б. Арыстыду. Аднак у 1991 г. у Гаіці ізноў адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога ён быў выгнаны з краіны. Пасля ўводу ў Гаіці на аснове рэзалюцыі Савета Бяспекі (СБ) ААН шматнацыянальных сіл для падтрымання парадку і стабільнасці атрымалася дабіцца добраахвотнага сыходу путчыстаў. На выбарах 1995 г. перамогу атрымаў створаны Ж.-Б. Арыстыдам (апорай якому служыла «Армія канібалаў») палітычны рух «Лавалас». Прэзідэнтам стаў яго кандыдат Рэне Прэваль. Аднак рух раскалоўся на прыхільнікаў Арыстыда — Прэваля («Сям’я Лавалас») і апазіцыю, якая паўстала ў выніку аб’яднання неаднастайных па сваім складзе палітычных груп і няўрадавых арганізацый. Выбары 2000 выйграў Ж.-Б. Арыстыд, які, знаходзячыся ў улады ў 2001—2003, не змог забяспечыць нацыянальнае прымірэнне, утаймаваць злачыннасць, рашыць складаныя ўнутрыпалітычныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы. 2004 г. — мяцеж Арміі канібалаў, з удзелам былых вудуісцкіх узброеных фарміраванняў — былых Тантон-Макутаў, падтрыманы Францыяй ды ЗША, Арыстыд быў эвакуяваны ў ЦАР.
У 2004 г. СБ ААН прыняў рэзалюцыю № 1529, на падставе якой у Гаіці былі ўведзеныя Часовыя шматнацыянальныя сілы, а з 1 чэрвеня 2004 наўзамен іх разгорнутая Місія ААН па стабілізацыі ў Гаіці (МААНСГ). У выніку, першым чынам, яе мэтанакіраванай працай атрымалася некалькі падвысіць узровень бяспекі ў краіне і правесці 7 лютага 2006 г. прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Р. Прэваль. У 2011 перамогу на выбарах атрымлівае музыка Мішэль Мартэі.
Грамадска-палітычны крызіс (з 2018 года)
7 ліпеня 2018 года ў адказ на павышэнне коштаў на паліва насельніцтва краіны выйшла на пратэсты. З часам гэтыя пратэсты перараслі ў патрабаванні адстаўкі прэзідэнта Ж. Маіза[2]. На працягу 2019, 2020 і 2021 гадоў сотні тысяч бралі ўдзел у акцыях пратэсту[3][4][5][6][7].
7 лютага 2021 года прыхільнікі апазіцыі тагачаснага прэзідэнта Ж. Маіза, як мяркуецца, зрабілі спробу дзяржаўнага перавароту, што прывяло да арыштаў, а таксама да сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй. 7 ліпеня 2021 года прэзідэнт Ж. Маіз быў забіты «групай неўстаноўленых асоб (каля 28), некаторыя з якіх размаўлялі па-іспанску»[8][9]. 20 ліпеня дзеючы выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Клод Жазеф перадаў уладу ўраду нацыянальнага адзінства, сфармаванаму Арыэлем Анры, пры гэтым дасягнутая дамоўленасць захавала прэзідэнцкую пасаду вакантнай да правядзення выбараў, з ускладаннем кіраўніцтва паўнатой выканаўчай улады на прэм’ер-міністра[10].
У верасні 2022 года ў адказ на рост коштаў на энерганосьбіты, ўспыхнулі новыя пратэсты, а федэрацыя, якая скадалася больш чым з 10 бандыцкіх груп, устанавіла блакаду найбуйнейшага склада паліва на Гаіці. У спалучэнні з успышкай халеры і паўсюдным вострым голадам, сітуацыя прымусіла Савет Бяспекі ААН аднагалосна прагаласаваў за ўвядзенне санкцый супраць краіны[11][12][13]. 6 лістапада 2022 года, пасля двух тыдняў перамоваў з урадам Гаіці, а таксама наступу, пачатага Нацыянальнай паліцыяй, кааліцыя банд G9 адмовілася ад кантролю над паліўным тэрміналам.
У кастрычніку 2023 года па просьбе А. Анры Савет бяспекі ААН адобрыў адпраўку шматнацыянальнай місіі па забеспячэнні бяспекі, якую узначаліць Кенія. Чакаецца, што міжнародны кантынгент з 2,5 тысячы паліцэйскіх будзе разгорнуты ў першым квартале 2024 года. Аднак у студзені 2024 года суд у Кеніі забараніў адпраўляць афіцэраў на Гаіці.
5 лютага 2024 года жыхары зноў выйшлі на пратэсты, патрабуючы адстаўкі А. Анры, тэрмін паўнамоцтваў якога скончыўся 7 лютага 2024 года, але ён не мае намераў пакінуць пасаду. На фоне пратэстаў закрыліся банкі, школы і ўрадавыя ўстановы ў паўночных і паўднёвых рэгіёнах краіны.
Дзяржаўны лад
Паводле канстытуцыі 1987 выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэзідэнтам, абіраным шляхам прамых і таемных выбараў на 5-гадовы тэрмін без права перавыбрання на другі тэрмін запар, але можна пераабраць прэзідэнта з інтэрвалам у 5 гадоў.
Заканадаўчая ўлада — парламент (Нацыянальная асамблея), які складаецца з Сената і Палаты дэпутатаў (30 сенатараў, 99 дэпутатаў, абіраюцца па сістэме, што працуе ў Злучаных Штатах). У цяперашні час у Гаіці маецца каля 30 палітычных партый і аб’яднанняў.
Насельніцтва
Другая па колькасці насельніцтва Карыбскае дзяржава. Пры прагназаванні паказчыкаў для насельніцтва Гаіці (працягласць жыцця, дзіцячая смяротнасць і т.п.) эксперты ўлічваюць наступствы СНІДу (заражанасць ВІЧ - больш за 2 % насельніцтва). Натуральны прырост 1,35 % (2017), міграцыйны - -0,2 %. Каля 1 млн гаіцян пражываюць у ЗША, 0,8 млн - у Дамініканскай Рэспубліцы. Палова насельніцтва маладзей за 20 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця ў 2017 склала 64 гады. Дзіцячая смяротнасць - каля 46,8 на 1000 чал (2017), вышэй толькі ў Афрыцы.
У 1789 на востраве пражывалі 36 тыс. белых і каля паўмільёна чарнаскурых, а таксама 28 тыс. вольных мулатаў. Прапорцыі расавых груп праз дзвесце гадоў не змяніліся. Дзяржаўныя мовы - французская і гаіцянская крэольская. Па дадзеных на 2017 год каля 54,7 % гаіцян вызнаюць каталіцтва, у той час як пратэстанты складаюць каля 28,5 % насельніцтва (баптысты 15,4 %, пяцідзясятнікі 7,9 %). Вуду, рэлігія з афрыканскімі каранямі, паўстала ў каланіяльныя часы, калі рабы былі вымушаныя маскіраваць сваіх лоа або духаў пад рымска-каталіцкіх святых, па-ранейшаму практыкуецца некаторымі гаіцянамі. Дакладную колькасць адэптаў вуду назваць складана праз сінкрэтызм культу з каталіцтвам. Насельніцтва Гаіці размешчана даволі раўнамерна, вялікая шчыльнасць ў раёнах буйных гарадоў. Урбанізацыя - 61% (2017). У агламерацыі Порт-о-Прэнс пражывае 2,44 млн чалавек. (2015), у Кап-Айцьене - 534 тысячы. Узровень пісьменнасці - 60,7 % (2015).
Эканоміка
Гаіці - адна з самых бедных, нестабільных краін свету, самая бедная краіна Амерыкі і Заходняга паўшар'я. Эканоміка Гаіці да гэтага часу не акрыяла ад наступстваў землятрусу 2010 і эпідэміі халеры, што рушыла за ім. У год пасля землятрусу галадалі 58 % гаіцян. Асноўная крыніца валютных даходаў краіны - грашовыя пераводы ад эмігрантаў (25 % ВУП, удвая больш за даходы ад экспарту). Вялікае значэнне для эканомікі мае міжнародная дапамога.
Прамысловасць развіта слаба, хоць у Гаіці маюцца паклады медных і малібдэнавых руд, золата, серабра, баксітаў. У малой колькасці здабываюцца баксіты і золата. У 1960-я Пялігрская ГЭС выпрацоўвала амаль усю неабходную электраэнергію, сёння яе доля не перавышае і траціны (у асноўным з-за змяншэння расходу вады ў рацэ і заглейвання вадасховішча). Галоўныя галіны прамысловасці - цукровая, мукамольная, тэкстыльная (дае 80% экспартных паступленняў).
У сельскай гаспадарцы занята 38 % насельніцтва (2010). У даліне ракі Артыбаніт знаходзіцца асноўны раён вырошчвання збожжавых культур (рыс, кукуруза, сорга). Вырошчваюцца таксама кава, манга, цукровы трыснёг. Гаіці - сусветны лідар па вырошчванні веціверу - травы, з каранёў якой атрымліваюць эфірны веціверавы алей, які выкарыстоўваецца ў касметалогіі. Высечка лясоў прывяла да катастрафічнай эрозіі некалі ўрадлівых глеб. Драўніна выкарыстоўваецца як паліва і як сыравіна для лёгкай прамысловасці.
На ЗША прыходзіцца 50% знешняга гандлю. Іншыя важныя партнёры - краіны Еўрасаюза, Канада, Дамініканская Рэспубліка. Імпарт пераважна складаецца з прадуктаў харчавання і паліва.
Некаторыя цікавінкі
- Паўстанне рабоў на Гаіці было адзіным у гісторыі паспяховым паўстаннем рабоў. У 1803 годзе ў бітве пры Верцірас была разбіта двухтысячная французская армія.
- Цытадэль Лафер'ер (фр. Citadelle Laferrièreа) - найбуйнейшы фартыфікацыйны будынак Заходняга паўшар'я, узведзены ў 1804-17 гг. на вяршыні 1000-метровай гары ля паўночнага ўзбярэжжа Гаіці па загадзе караля Анры Крыстафа.
- У Порт-о-Прэнс ў 1878-1888 і 1897-1932 гг дзейнічалі трамвайныя сістэмы. Для адкрытай ў 1897 году трамвайнай лінія з каляінай 762 мм паравыя трамвайныя вагоны былі закуплены ў Мюнхене. У 1932 году трамвайныя лініі ў сталіцы дзяржавы былі прыняты, а рухомы састаў трапіў на чыгуначныя лініі ў сельскай мясцовасці, дзе выкарыстоўваўся, верагодна, да 1990-х гадоў.
- У другой палове 20 - пачалтку 21 стагоддзя прэзідэнтамі Гаіці пабывалі доктар, святар, музыка. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра Мішэля Мартэі, вядомага таксама пад сцэнічным псеўданімам «Sweet Micky»
- Гаіці - сусветны лідар па вытворчасці бейсбольных мячоў
- У сталічным музеі экспануецца якар калумбавай каравэлы «Санта-Марыя»
Гл. таксама
Зноскі
- James A. Ferguson, Murdo J. MacLeod, Christian Antoine Girault, Robert Lawless. Haiti (англ.). Encyclopædia Britannica. Праверана 18 сакавіка 2020.
- Haiti: Thousands protest against corruption (англ.). Deutsche Welle (8 лютага 2019).
- "Haiti: Thousands protest against corruption". Deutsche Welle. 8 February 2019. Праверана 2019-02-13.
- "Haiti's Protests: Images Reflect Latest Power Struggle". Council of Foreign Relations. March 3, 2021.
- Delaney, Rose (15 February 2021). "Dispute over Haiti presidential term triggers unrest". BBC News. Праверана 31 July 2021.
- "Haiti protests continue despite police crackdown". Africanews. 9 February 2021. Праверана 2021-02-10.
- Gonzalez, Oriana. Police arrest "presumed assassins" of Haitian president . Axios (7 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 July 2021. Праверана 20 October 2022.
- Merancourt, Wildmore; Faiola, Anthony; Boburg, Shawn (9 July 2021). "Assassination of Haitian president becomes complex international web". The Washington Post. Архівавана з арыгінала 9 July 2021. Праверана 20 October 2022.
- В Гаити отказались от идеи временного президента (руск.). Лента. Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2021.
- U.N. unanimously passes Haiti sanctions, targets gang leader (англ.). Reuters (21 кастрычніка 2022). Праверана 21 October 2022.
- Kelemen, Michele. The U.N. imposes sanctions against Haiti's gang members (англ.). NPR (21 кастрычніка 2022). Праверана 21 October 2022.
- Falk, Pamela. World powers at U.N. unanimously adopt arms embargo, travel ban and sanctions aimed at Haiti criminal gangs (англ.). CBS News (21 кастрычніка 2022). Праверана 21 October 2022.
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.