Remove ads
цырыманіяльнае графства ў Англіі, Вялікабрытанія From Wikipedia, the free encyclopedia
Ко́рнуал (англ.: Cornwall [ˈkɔːnwɔːl], корнск.: Kernow [ˈkɛrnɔʊ]) — графства і ўнітарная адзінка (як частка) на паўднёвым захадзе Англіі. Уваходзіць у склад рэгіёна Паўднёва-Заходняя Англія. Сталіца і найбуйнейшы горад — Трура. Агульная плошча — 3563 км². Насельніцтва — 535 тыс. чалавек (2011 г.). Тытул герцага Корнуальскага носіць спадчыннік брытанскага прастола, але сучаснае фармальнае герцагства Корнуал з’яўляецца асобнай арганізацыяй, не прывязанай да тэрыторыі, і не прымае ўдзелу ў кіраванні Корнуалам.
Корнуал | |||
---|---|---|---|
Cornwall, Kernow | |||
|
|||
Краіна | Вялікабрытанія | ||
Статус |
Цырыманіяльнае графства унітарная адзінка (як частка) |
||
Уваходзіць у | рэгіён Паўднёва-Заходняя Англія | ||
Уключае | 1 унітарную адзінку і sui generis Сілі | ||
Адміністрацыйны цэнтр | Трура | ||
Насельніцтва (2004) |
517 тыс.*/515 тыс. (40-я*/24-е месца) | ||
Шчыльнасць | 145 чал./км² | ||
Плошча | 3 563 км² | ||
Код ISO 3166-2 | GB-CON | ||
Афіцыйны сайт | |||
Заўвагі: *Паказаны два значэнні: агульнае і для адміністрацыйнай вобласці |
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва Корнуал паходзіць або ад кельцкага слова cern, або ад лацінскага cornu, што ў абодвух выпадках значыць «рог» або «паўвостраў».
Корнуал быў заселены людзьмі сучаснага тыпу ў верхнім палеаліце. У жалезным веку сюды перасяліліся брыты, якія пазней сфарміравалі мясцовы народ — корнуальцаў. У I ст. да н. э. быў падначалены рымлянамі, але да VI ст. н. э. улада зноў апынулася ў кельцкіх правадыроў.
У 577 г. брыты прайгралі бітву пры Дэраме саксам, што прывяло да ізаляцыі Корнуала ад населенага астатнімі кельтамі Уэльса. Аднак да канца IX ст. мясцовыя жыхары працягвалі адстойваць сваю самастойнасць. Апошні карнуольскі кароль Донарт загінуў у 875 г. Відавочна, пасля гэтага яго каралеўства было далучана да дзяржавы Уэсекс. Але і пасля гэтага масавага перасялення англасаксаў не адбылося. Канчаткова Корнуал увайшоў у склад Англіі толькі пасля нармандскага заваявання 1066 г. Мясцовыя землі былі перададзены ў валоданне нармандскім феадалам, было ўведзена агульнадзяржаўнае права. У 1337 г. было заснавана герцагства Корнуал.
У XVI ст. жыхары Корнуала выступілі супраць Рэфармацыі, аднак апазіцыя прыхільнікаў каталіцкай веры была задушана. Незадаволеныя збеглі ў Францыю і Іспанію. У XVIII ст. значная частка вернікаў стала метадыстамі.
Корнуальцы здаўна займаліся здабычай волава, суднабудаваннем і мараходнай справай. Яны актыўна ўдзельнічалі ў каланізацыі Паўночнай Амерыкі, Вест-Індыі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Корнуал знаходзіцца на паўднёвым захадзе вострава Вялікабрытанія, абмываецца пралівам Ла-Манш (на паўднёвым усходзе) і Атлантычным акіянам (на паўночным захадзе). Складзены гранітнымі і сланцавымі пародамі. Берагавая лінія ўстойлівая. Значная частка ўзбярэжжа скалістая. Стромкія скалы асабліва характэрны для поўначы. Месцамі яны перарываюцца пляжамі з дробным залацістым пяском. Паўднёвы бераг значна больш спадзісты, шмат каменных і пясчаных пляжаў. Даўжыня берагавой лініі складае 697 км; узбярэжжа галоўным чынам скалістае, зрэзана мноствам бухт і заліваў. У 45 км на паўднёвы захад ад паўвострава Корнуал знаходзіцца архіпелаг Сілі, акрамя таго, маюцца невялікія астраўкі, раскіданыя ўздоўж паўднёвага ўзбярэжжа паўвострава.
Паверхня паўвострава ўзгорыстая. Шмат паверхневых выхадаў горных парод, якія падвержаны мінералізацыі. Корнуал здаўна з’яўляецца месцам здабычы волава, срэбра, свінцу, цынку і г. д. На поўдні паўвострава існуюць лясістыя даліны, абароненыя ўзгоркамі ад прахалодных вятроў. Сельскагаспадарчыя землі складаюць 73,64 % ад тэрыторыі графства, каля 7,5 % займаюць лясы. Земляробства вядзецца на адносна невялікіх тэрыторыях, бо мясцовыя пусткі больш прыдатныя для жывёлагадоўлі.
Клімат марскі ўмераны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад 1051 да 1290 мм у год. Сярэднегадавая тэмпература на паўднёвым узбярэжжы і астравах Сілі 11,6 °C, на цэнтральных узгор’ях 9,8 °C. Зімы звычайна мяккія. Снег выпадае вельмі рэдка. На паўднёвым захадзе выдатна растуць пальмы.
Флора адрозніваецца значнай разнастайнасцю. На ўзвышшах з-за сталых вятроў, а таксама на балотах пераважае разнатраўе. На палях растуць нарцысы, верасы, гістарычным сімвалам Корнуала з’яўляецца жаўтазель. З дрэваў найчасцей сустракаюцца невысокія карнуольскія вязы, а таксама яблыні. Некаторыя мясцовыя сарты дзікарослых яблыкаў выкарыстоўваліся селекцыянерамі для атрымання пладавітых духмяных садовых сартоў.
Фаўна найлепш захавалася ў даліне ракі Тамар, якую насяляюць такія жывёлы, як лань, алень высакародны, выдра, паўлін, а таксама завезеныя з Аўстраліі кенгуру-валабі. У астатніх раёнах шмат птушак.
На тэрыторыі Корнуала створана некалькі запаведнікаў і батанічных садоў.
Корнуал з’яўляецца адзіным графствам Англіі, якое мае сухапутную мяжу толькі з адным графствам (Дэвон). Тут знаходзіцца самы паўднёвы пункт вострава Вялікабрытанія — мыс Лізард і самы заходні пункт — Лендс-Энд. Найвышэйшы пункт графства — гара Браўн-Вілі (420 м).
Паводле даных перапісу 2001 года насельніцтва Корнуала складае 513 527 чалавек, шчыльнасць насельніцтва — 144 чал/км². Для графства характэрны параўнальна высокі прырост насельніцтва: 11,2 % — у 1980-я гады і 5,3 % — у 1990-я гады (пяты самы высокі прырост сярод усіх графстваў Англіі)[1]. Прырост адбываецца галоўным чынам за кошт міграцыі ў Корнуал з іншых раёнаў Вялікабрытаніі. Паводле даных перапісу 1991 года насельніцтва графства складала 469 800 чалавек.
У графстве вялікая доля пенсіянераў, 22,9 % насельніцтва — людзі пенсійнага ўзросту (у параўнанні з сярэднім паказчыкам для Вялікабрытаніі 20,3 %)[2]. Прычынай гэтага служыць галоўным чынам міграцыя пенсіянераў з паўднёвай Англіі ў Корнуал і эміграцыя мясцовай моладзі.
Асноўнай мовай насельніцтва Корнуала з’яўляецца англійская. Толькі вельмі малаважная меншасць здольна казаць на карэннай мове гэтай мясцовасці — корнскай, якая адносіцца да кельцкай групы. Даследаванні 2000 года паказалі што толькі каля 300 чалавек размаўляюць на корнскай свабодна[3]. У 2002 годзе мова атрымала ў Вялікабрытаніі афіцыйны статус мовы меншасцей. Прымаюцца спробы па адраджэнні корнскай мовы.
Цырыманіяльнае графства Корнуал адзінага органа муніцыпальнай улады не мае. Улада падзелена паміж незалежнымі адзін ад аднаго саветамі ўнітарнай адзінкі Корнуал і архіпелага Сілі.
Унітарная адзінка Корнуал кіруецца саветам, які складаецца з 123 дэпутатаў, абраных у 123 аднамандатных акругах. У выніку апошніх выбараў 47 месцаў у савеце належыць кансерватарам.
Пяць месцаў у савеце займаюць дэпутаты ад партыі «Сыны Корнуала», што дзеючае на тэрыторыі графства і трымацца ідэі корнуальскага аўтанамізму[4].
Корнуал з’яўляецца радзімай самага галоўнага персанажа брытанскай міфалогіі — караля Артура. Корнуал і тым больш старажытнае каралеўства Дэвон нароўні з Уэльсам з’яўляюцца радзімай кельцкай культуры, казак і паданняў, якія не былі забыты нават падчас саксонскага і нарманскага валадарства. З Корнуал звязаны замак Тынтагель, кароль Аберон, эльфы, феі, Пак, жыхары ўзгоркаў.
Корнуал паслужыў месцам натхнення для шматлікіх дзеячаў мастацтва — ад Дафны Дзюмар’е да Альфрэда Хічкока («Птушкі»). У горадзе Сент-Айвз, у якім з 1920-х гадоў знаходзіцца калонія мастакоў, размешчана галерэя сучаснага мастацтва Тэйт Сент Айвз.
На беразе моры ў вёсцы Парткурна знаходзіцца тэатр на адкрытым паветры Minack Theatre.
У графстве Корнуал нарадзілася Марыя Брэнуэл (Брантэ) — маці вядомых англійскіх раманістак Шарлоты, Эмілі і Эн Брантэ.
У Корнуале таксама разгортваецца дзеянне аднаго з апавяданняў А. Конан Дойля пра Шэрлака Холмса «Д’яблава нага».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.