Новае царства — эпоха найвышэйшага росквіту старажытнаегіпецкай дзяржаўнасці, вядомая найбольшай колькасцю помнікаў, якія склалі асноўную частку спадчыны цывілізацыі фараонаў, падданымі якіх з’яўляліся 20 % сусветнага насельніцтва. Новае царства — перыяд кіравання трох вялікіх дынастый — XVIII, XIX, XX.
Новае царства | |
---|---|
Краіна | |
Сталіца | |
Папярэдні ў спісе | Другі пераходны перыяд |
Наступны ў спісе | Трэці пераходны перыяд |
Дата пачатку | каля 1550 да н.э. |
Дата заканчэння | 1070 да н.э. |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Храналагічныя рамкі эпохі вызначаюцца 1550—1069 гг. да н.э. Новае царства прыйшло на змену II пераходнаму перыяду — часу гістарычнага заняпаду Старажытнага Егіпта і заваявання краіны семіцкімі народамі гіксосаў, — і папярэднічала III пераходнаму перыяду. Заснавальнікам Новага царства быў фараон Яхмас I.
Аднаўленне незалежнасці Егіпта
Унутраная нестабільнасць у канцы XII дынастыі, звязаная з адсутнасцю ў вялікага цара Аменемхета III добрага пераемніка, прывялі да фіналу і развалу Сярэдняга царства. Палітычны раскол даў магчымасць захапіць Егіпет грозным качэўнікам-гіксосам к 1770 году да н.э. Як і ў часы I пераходнага перыяду, асноўная маса бедстваў лягла на Ніжні Егіпет, што дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі фіванскаму княству. Цары XVII фіванскай дынастыі Таа I і Таа II разгортваюць ваеннае супрацьстаянне гіксоскім фараонам і аб’ядноўваюць вакол сябе землі Верхняга Егіпта. Пераемніку Секененры Таа II Камесу (1555—1552 гг. да н.э.) удалося зламаць сілы гіксосаў, у выніку чаго, пасля зацятай барацьбы пераемнік Камеса Яхмас I скінуў гіксоскае ярмо з поўначы, стаўшы заснавальнікам XVIII егіпецкай дынастыі. Яхмес I узяў сталіцу гіксосаў Аварыс, а пасля трохгадовай аблогі ў 1549 годзе да н.э. пазбавіў іх апорнага пункта ў Палесціне — горада Шарухены.
Стварэнне імперыі
Войны Яхмеса I яшчэ не набылі выяўлены заваявальны характар, бо былі накіраваны на ўсталяванне бяспекі на паўднёвай і паўночнай межах. Яго пераемнікі, якія мелі магутную высокаэфектыўную армію, пачалі праводзіць экспансіянісцкую знешнюю палітыку. Спадчыннікам Яхмеса I быў яго сын Аменхатэп I (Джэсеркара), рэгенткай пры якім была яго маці, Яхмес-Нефертары. Гэту царскую пару ў пазнейшыя часы пачалі абагаўляць, як заснавальнікаў вялікага Фіванскага некропаля і прабацькоў XVIII дынастыі. Пры Аменхатэпе I усталяваліся дзяржаўныя межы, якія адпавядалі часу кіравання Сенусерта III (XII дынастыя). Паколькі Аменхатэп памёр, не пакінуўшы спадчыннікаў, Яхмес-Нефертары ўзвяла на прастол мужа сваёй дачкі Мутнефрэт Тутмаса I.
Тутмас I (Аахеперкара) разгарнуў маштабныя заваявальныя дзеянні. Пасля паспяховага наступлення ў час нубійскай кампаніі, войскі Тутмаса I адправіліся на поўнач, у Пярэднюю Азію, рабуючы Палесціну і Сірыю. Егіпецкая армія ўпершыню дасягае хурыцкай дзяржавы Мітані на Еўфраце, які яны назвалі «Перавернутай вадой». Аднаўленне Тутмасам I уплыву Егіпта на Блізкім Усходзе ў цэлым своеасабліва адбілася і на пахаванні фараона: ён быў першым пахаваны ў Даліне цароў. Новае царства не было перыядам будаўніцтва царскіх пірамід, у сувязі са зменамі ў рэлігійна-памінальных уяўленнях (гл. Даліна цароў, Даліна царыц).
Фараоны XVIII дынастыі ператварылі Егіпет у найбагацейшую і вядучую імперыю таго часу. У час кіравання знакамітай царыцы Хатшэпсут (Мааткара-Хенеметамон) завяршылася адраджэнне дзяржавы. Яна пашырыла межы царства, асабіста ўзначаліўшы адзін з паходаў, займалася актыўнай будаўнічай дзейнасцю (памінальны храм у Дэйр-эль-Бахры, пабудовы ў Карнаку і інш.). Пры двары царыцы працавалі таленавітыя дзеячы. Да іх адносіцца, напрыклад, дойлід і вярхоўны саветнік Хатшэпсут Сененмут.
Пераемнік царыцы, яе пасынак, маленства якога і прывяло Хатшэпсут да прастола, Тутмас III (Менхепера), стаў найвялікшым егіпецкім ваяўніком, стварыў імперыю ад Паўночнай Сірыі да V парога Ніла, перамог у 17 ваенных паходах на поўначы і на поўдні, пацясніўшы моцныя дзяржавы Блізкага Усходу, уключаючы Мітані і Вавілонію. У 1468 г. да н.э. Тутмас III перамог у бітве пры Мегіда, дзе разбіў кааліцыю сіра-палесцінскіх князёў на чале з кіраўніком Кадэша, якія паўсталі супраць яго. Тутмаса III параўноўваюць з найвыдатнейшымі палкаводцамі старажытнасці, называючы яго «Напалеонам Старажытнага свету».
Апагей магутнасці і славы Егіпта — кіраванне «сонечнага» Аменхатэпа III (Небмаатра), пры якім незвычайных вышынь дасягаюць дыпламатычныя адносіны з суседнімі дзяржавамі і мастацтва, у прыватнасці — скульптура і архітэктура (Луксорскі храм, рэшткі гіганцкага памінальнага храма і інш.).
Крах XVIII дынастыі, рэформы Эхнатона
Паводле егіпецкай рэлігійнай дактрыны, бог-бацька фараона заўсёды прысутнічаў з ім на поле бітвы. Пасля кожнага пераможнага паходу цары даравалі храмам Амона, Ра, Птаха і іншых багоў вялізныя багацці, у якасці падзякі за паспяховую вайну. Гэта прывяло пад канец кіравання Аменхатэпа III росту ўплыву жрацоў і іх умяшання ў палітыку і рашэнні царскага двара. Аднак узмацненне магутнасці храмаў Амона непакоіла яшчэ Тутмаса IV, бацьку Аменхатэпа. У іх процівагу ён актыўна высоўваў культ сонечнага бажаства, пра што сведчаць «Стэла сну» каля Вялікага сфінкса, прысвечаная Харэмахету, трыадзінаму сонцу, як бацьку фараона, і гіганцкі абеліск Ра ў Карнаку (уладанні Амона). Паступова папулярнасць культу сонца дасягнула такога размаху, што пераемнік Аменхатэпа III Аменхатэп IV (Неферхепрура-Уаенра) высунуў на пярэдні план адзін з аспектаў сонечнага бажаства — бачнага дыска Атона. Гэты рэзкі крок суправаджаўся закрыцём мноства храмаў па ўсім Егіпце, разгонам жрацоў і пераводам іх незлічоных багаццяў у царскую казну. Неўзабаве фараон змяніў сваё імя на Эхнатон («Карысны Атону»). Рэлігійная рэвалюцыя паклала канец вялікай імперыі. Эхнатон усталяваў жорсткі тэрор, ад якога пакутавалі як прыдворныя, так і просты народ. Казна спусцела, Егіпет страціў ранейшыя міжнародны ўплыў, краіна апынулася ў стане глыбокага ўнутранага крызісу. Эхнатон страціў усіх надзейных і моцных саюзнікаў у Пярэдняй Азіі, з якімі яго бацька падтрымліваў дыпламатычныя адносіны.
Фараон-ератык памёр на 17-м годзе кіравання, пакінуўшы прастол сваёй жонцы-суправіцельніцы Неферціці (Нефернеферуатон). Яна кіравала нядоўга і памерла, пакінуўшы трон малалетняму пасынку Тутанхатону і жрацу-саветніку Эе.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.