Remove ads
беларуская эпічная трылогія Я. Коласа From Wikipedia, the free encyclopedia
На ростанях — эпічная трылогія класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, адзін з першых беларускіх раманаў, які меў вялікае значэнне для развіцця жанру рамана ў беларускай літаратуры[1]. Складаецца з трох частак: «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» і «На ростанях». У іх намалявана шырокая карціна жыцця вясковай інтэлігенцыі і працоўнага сялянства пачатку XX стагоддзя[2].
На ростанях | |
---|---|
На ростанях | |
| |
Аўтар | Якуб Колас |
Жанр | Раман |
Мова арыгінала | беларуская |
Выпуск | 1955 |
Трылогія займае выключнае месца ў творчасці пісьменніка[3], ён працаваў над яе тэкстам літаральна ўсё сваё творчае жыццё. Пачатак напісання першай кнігі адносяць да 1921-22 гадоў, а асобным выданнем увесь твор выйшаў толькі ў 1955 годзе[3].
Падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і сапраўды быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў «вялікай прозе» беларуская літаратура на пачатку 20-х гадоў яшчэ не выпрацавала[4].
Яшчэ да рэвалюцыі, працуючы настаўнікам, Я. Колас пачаў аповесць «Адзін з сотні»[5], фрагменты якой у перапрацаваным выглядзе былі выкарыстаныя ў аповесці «У палескай глушы»[2]. Галоўны герой — Сошкін — меў некаторыя рысы Лабановіча. Брат пісьменніка М. М. Міцкевіч сведчыць, што «гэта ёсць пачатак аповесці „У палескай глушы“. Толькі там Лабановіч завецца Сошкін. А Лабановіч-Сошкін — гэта ў значнай меры аўтапартрэт Коласа ў пэўны перыяд яго жыцця»[6].
У вершах была запісана легенда пра Яшукову гару, пачатая пісьменнікам у Люсіне[5]. Сцэны ў астрозе, якімі заканчваецца трылогія, нагадваюць успаміны Я. Коласа пра зняволенне ў астрозе, надрукаваныя ім скора пасля пераезду ў Мінск[5].
У лістападзе 1921 года Я. Колас напісаў Я. Карскаму[5]:
Цяпер пішу бытавую аповесць з жыцця настаўніцтва і так званай сельскай інтэлігенцыі. Аповесць мае назву «У палескай глушы» |
Над гэтай часткай трылогіі ён працаваў у 1921—1922 гадах[3]. Урыўкі з яе друкаваліся ў часопісах: «Вольны сцяг», Мінск, 1921, № 6(8) і «Адраджэнне», Мінск, 1922. Асобным выданнем аповесць упершыню выйшла ў Вільні ў 1923 г., а затым другім і трэцім выданнямі — у Мінску ў 1927 і 1928 гг. У канцы 1928 г. аповесць была выдадзена на харвацкай мове, у 1929 — на рускай, у 1950 — на польскай, у 1956 — на фінскай мовах[2]. Цікава, што сам Я. Колас вызначыў свой першы буйны празаічны твор як «апавяданне», які паводле жанравай прыналежнасці ўяўляе сабой разгорнутую аповесць.
У прадмове да першага выдання аповесці Я. Колас зазначыў, што думае пашырыць і паглыбіць выяўленне жыцця вясковай інтэлігенцыі і сялянства ў сваіх далейшых творах, якія павінны стаць працягам «У палескай глушы»[2].
Другая частка «У глыбі Палесся», якая стала працягам аповесці «У палескай глушы». Часам напісання твора ва ўсіх прыжыццёвых выданнях пазначаюцца 1926—1927 гады, аднак ёсць падставы меркаваць, што пачатак працы прыпадае на 1924 год, бо ў канцы гэтага года ў часопісе «Полымя», № 4 паведамлялася, што Я. Колас ужо напісаў палавіну другой палескай аповесці, якая будзе называцца «У глыбі Палесся»[2].
Да выхаду ў свет асобным выданнем у 1927 годзе гэтая аповесць друкавалася ў часопісах: «Асвета» (1926, № 1) — урыўкі пад загалоўкам «Рэдактар», «Панямонскія ведамасці», «Па мястэчку» і «Трохі фантастыкі»; «Узвышша» (1927, № 2, 3) — раздзелы XIII—XV пад агульнай назвай «На новым месцы» і раздзелы XXI—XXIV; «Полымя» (1927, № 4) — раздзелы XVI, XVIII—XX; «Маладняк» (1927, № 5, 7—8) — раздзелы X—XII, XXVII—XXIX[2].
Да працы над трэцяй часткай, аднайменнай усёй трылогіі, аўтар прыступіў у 1948 годзе[3]. Дата завяршэння аповесці — 24 чэрвеня 1954 года[2]. Друкавалася ў часопісе «Полымя» (1949, № 2, 11; 1950, № 4, 8; 1951, № 6; 1952, № 11; 1953, № 2, 11; 1954, № 1, 3, 8). Пачатак яе — першыя тры раздзелы — змешчаныя таксама і ў часопісе «Беларусь» (1949, № 1)[2].
Пасля завяршэння трэцяй кнігі трылогіі аўтар палічыў неабходным аб’яднаць цыкл палескіх аповесцей і выдаць іх асобнай кнігай пад агульнай назвай «На ростанях». Рыхтуючы трылогію да друку асобным выданнем (1955), Я. Колас перапрацаваў асобныя месцы і нават цэлыя раздзелы[3], напісаў новыя, унёс у тэкст шматлікія змены і папраўкі. Істотна перапрацавана ў ідэйных і стылістычных адносінах трэцяя кніга трылогіі «На ростанях». У першых дзвюх аповесцях аўтарскія змены і праўкі носяць пераважна моўна-стылістычны характар. Канчаткова падрыхтаваўшы трылогію да друку Я. Колас у лісце да Яўгена Мазалькова ад 25/VII 1955 г. паведамляў: «Все повести внимательно просмотрены перед сдачей в печать»[2].
Асобным выданнем трылогія «На ростанях» выйшла ў Мінску ў 1955 годзе.
Дзеянне трылогіі адбываецца на тэрыторыі Палесся, Случчыны і Наднямоння. Я. Колас змяняе[3] некаторыя геаграфічныя назвы ў першай кнізе: Люсіна→Цельшына, Мікалаеўшчына→Мікуцічы, Пінкавічы→Выганы, Стоўбцы→Стаўбуны, але апісанні ім дае даволі дакладныя, што робіць іх вядомымі для жыхароў тых месцаў. Ва ўсім творы аўтар згадвае шмат тапонімаў і мікратапонімаў, якія служаць арыенцірамі для вызначэння мясцін, дзе адбываюцца падзеі трылогіі[3].
Першая частка ахоплівае прамежак ад 1902 па 1904 годы. Канчаецца трылогія сцэнаю, для якой аўтар дае[5] дакладную дату — 15 верасня 1911 года. Такім чынам дзеянні трылогіі адбываюцца прыкладна на працягу дзесяцігоддзя[3].
Назва трылогіі была дадзена аўтарам з пэўнай мэтай паказаць шырыню праблематык, вялікае кола пытанняў і адказаў на іх, якія Я. Колас падымае ў творы. Пісьменнік настойваў, каб назва «На ростанях» была захавана менавіта такой і ў рускім перакладзе[5].
Галоўным матывам трылогіі для Я. Коласа стала імкненне паказаць значэнне ролі інтэлігенцыі ў працэсе асэнсавання беларусамі свайго месца ў свеце, сваёй нацыянальнай самасвядомасці[5].
Асноўным пытаннем, якое ставіць перад сабою галоўны герой з’яўляецца фраза «Для чаго чалавек жыве на зямлі?». У адказе на яго светапогляд Лабановіча змяняецца ад пазіцый забеспячэння ўласнага камфорту і дабрабыту сваёй сям’і праз ланцужок «я→сям’я→бліжэйшае асяроддзе→радзіма→увесь народ» да высновы, што чалавек мае маральны абавязак не толькі сумленна працаваць на сваім месцы, але таксама павінен памятаць пра больш агульныя і далёкія мэты на карысць усяго грамадства.
Трылогія ўздымае пытанні класавых адносін у беларускіх вёсках, праблему непісьменнасці сялян тых часоў, адносіны між людзьмі і г. д. Аўтар паказвае рознакаляровую палітку грамадскага і палітычнага жыцця на фоне маляўнічых краявідаў і прыродных сцэн. Але прырода выступае ў Я. Коласа не толькі фонам, яна актыўны герой яго рамана. Аўтар праводзіць паралелі паміж станам прыроды і станам грамадства. Так, у трэцяй кнізе пасля сцэны разгулу завірухі пісьменнік пераходзіць да разваг аб жорсткай рэакцыі, якая наступіла пасля рэвалюцыі 1905 года[5].
Многія падзеі, у якіх удзельнічаў Лабановіч, адбываліся з самім Я. Коласам. У першую чаргу ўласна асноўная праца жыцця Лабановіча — настаўніцтва ў невялікіх вёсках — была ўзята з аўтабіяграфіі пісьменніка, які пачынаў свой працоўны шлях у в. Люсіна, якая стала правобразам Цельшына[5].
Аўтар, як і галоўны герой, удзельнічаў у рэвалюцыйных выступленнях, нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Ён быў звольнены з пасады, пераехаў у Вільна, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва», быў асуджаны і зняволены ў турме[3]. Нават імя па бацьку Лабановіча спачатку было Міхайлавіч, як і ў пісьменніка, толькі потым яно змянілася на Пятровіч[3].
Амаль усе асноўныя падзеі, з аглядкай на мастацкую перапрацоўку, адбываліся з блізкімі і знаёмымі Я. Коласа[3]. Многія героі маюць сваіх прататыпаў, выступаючы пад іх уласнымі імёнамі ці пад крыху або зусім змененымі[3]. Напрыклад, у вобразе Алеся Садовіча выведзены Аляксандр Антонавіч Сянкевіч, які вучыўся разам з Я. Коласам[7]. Прататыпам рэдактара-выдаўца Уласюка Мікіты Аляксандравіча стаў рэдактар «Нашай нівы» амаль ад пачатку яе выхаду да 1914 г. Аляксандр Уласаў, а ў Ясі і Стафане Ліскоўскіх можна пазнаць братоў Івана і Антона Луцкевічаў[8]. Прататыпам Івана Тадорыка стаў Янка Маўр, з якім Колас сябраваў, а потым і парадніўся праз шлюб сына Коласа Міхася з дачкой Маўра Наталляй[9]. Прататыпам Кандаковіча стаў Сяргей Скандракоў.
Многія эпізадычныя персанажы таксама мелі рэальных прататыпаў (панна Ядвіся — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, Саханюк — настаўнік Дылеўскі, Вольга Віктараўна Андросава — настаўніца Вольга Віктараўна Ганцова, Янка Тукала — настаўнік Сымон Самахвал[2].
У 1958 інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» (аўтар п’есы — Алесь Звонак, пастаўлена ў Драматычным тэатры імя Якуба Коласа), у 1960—1961 быў пастаўлены фільм «Першыя выпрабаванні» (аўтары сцэнарыя А. А. Куляшоў і М. Лужанін)[10].
Трылогія перакладалася на рускую мову, у 1963 годзе выходзіла на балгарскай, у 1928 на харвацкай («У Палескай глушы» ў перакладзе С. Кірына, Заграб), у 1960 — на чэшскай. На ўкраінскую мову трылогію пераклала Г. В. Вігурская[11], на эстонскую — Олеў Йыгі.
Трылогія натхніла на графічныя работы розных мастакоў. Графік Л. П. Асецкі стварыў серыю «Паводле матываў трылогіі Я. Коласа „На ростанях“» у 1973 годзе[12], а У. Я. Сулкоўскі намаляваў шэраг карцін, тэматычна звянаных з трылогіяй, у тым ліку «Люсінскае наваколле. (Целяшоў дуб)», «Ядвіся»[13].
Ілюстрацыі для выдання трылогіі 2006 года стварыў М. С. Басалыга[14][15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.