From Wikipedia, the free encyclopedia
Музей гістарычнага факультэта БДУ — структурнае падраздзяленне БДУ, адзін з пяці музеяў універсітэта[1]. Музей з’яўляецца вучэбна-дапаможным падраздзяленнем гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Музей гістарычнага факультэта БДУ | |
---|---|
Профіль | Гістарычны |
Заснаваны | Сакавік 1924 |
Месцазнаходжанне | Беларусь, г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6 |
Адкрыты | Пн-пт з 11:00 да 17:00; сб з 10:00 да 12:00 |
Адразу пасля адкрыцця БДУ паўстала ідэя стварэння гістарычнага музея. У сакавіку 1924 года па ініцыятыве прафесараў М. В. Доўнар-Запольскага і С. З. Кацэнбогена быў адкрыты музей першабытнай культуры і рэлігіі. Яго наведванне было платным (са зніжкай членам прафсаюза). Прафесар Кацэнбоген стаў першым дырэктарам музея.
Ужо ў снежні 1924 года музей перавялі ў склад Камуністычнай акадэміі, але праз год вярнулі ўніверсітэту. Са снежня 1926 года ён пераназваны ў музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Наступнае дзесяцігоддзе яго існавання практычна не адлюстравана ў публікацыях і архіўных дакументах.
Новы этап у развіцці музея злучаны з імем дацэнта кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў В. І. Шаўчэнка, які ўлетку 1939 года ў якасці выканаўцы абавязкаў загадчыка гісторыка-археалагічным музеем быў накіраваны ў музеі поўдня СССР з мэтай папаўнення фондавых калекцый. Адначасова ён кіраваў археалагічнай практыкай студэнтаў гістарычнага факультэта ў Херсанесе (Крым). У лютым 1940 года адбылося адкрыццё гісторыка-археалагічнага музея, які атрымаў з Дзяржаўнага Эрмітажа копіі прадметаў антычнага мастацтва, а таксама калекцыю старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх і візантыйскіх манет.
Падчас вайны калекцыі музея былі разрабаваны ці загінулі ў пажары. Захавалася толькі нязначная частка даваеннага збору. У 1948 годзе падчас капітальнага рамонту ў будынку біялагічнага факультэта (цяпер геаграфічны факультэт) былі выяўлены экспанаты па гісторыі старажытнага свету. Ізноў у Эрмітажы былі замоўлены копіі статуй, ваз і барэльефаў. У будынку біяфака ў тым жа годзе была адкрыта экспазіцыя антычнай культуры і археалогіі.
З пачатку 1950-х гадоў пачынаецца мэтанакіраваны збор матэрыялаў па гісторыі БДУ. У 1951 годзе ў музеі адкрываецца выстава, прысвечаная 30-годдзю ўніверсітэта. У наступныя некалькі гадоў пра дзейнасць музея амаль нічога невядома. Ужо ў канцы 1950-х гадоў аднаўляецца папаўненне калекцый музея беларускімі матэрыяламі. Праводзяцца этнаграфічныя і археалагічныя экспедыцыі. У 1959 годзе да 25-годдзю гістарычнага факультэта пры кафедры гісторыі БССР адкрываецца абноўлены гісторыка-археалагічны музей. У 1964 годзе ствараецца нумізматычны кабінет.
У 1970-я гады акцэнт у дзейнасці музея зноў перамяшчаецца на збор матэрыялаў па гісторыі БДУ: у 1971 годзе адкрываецца пакой падарункаў, а ў 1977 годзе па ініцыятыве рэктара В. М. Сікорскага адкрываецца аддзел гісторыі ўніверсітэта. Тым не менш, археалагічная, этнаграфічная і нумізматычная калекцыі музея працягваюць рэгулярна папаўняцца. Гэтаму спрыяе, у першую чаргу, актыўная дзейнасць супрацоўнікаў створанай у 1973 годзе кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін.
У сувязі з пераездам гістарычнага факультэта ў будынак на вул. Чырвонаармейскай, музей у 1993 годзе быў раздзелены на 2 часткі. З 1995 года асобна існуюць музей гісторыі БДУ і вучэбны музей гістарычнага факультэта (афіцыйна — навучальная лабараторыя музейнай справы). Апошні складаецца з аддзелаў археалогіі, этнаграфіі, антычнай культуры і Старажытнага Усходу, а таксама нумізматычны кабінет. У снежні 2007 года адбылося адкрыццё новай археалагічнай экспазіцыі[1].
Супрацоўнікі гістарычнага факультэта разам з супрацоўнікамі музея гісторыі БДУ выступілі распрацоўшчыкамі сайта БДУ аб уласнай гісторыі[2].
На аснове музейных калекцый арганізавана вучэбная і навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў, якія пішуць курсавыя і дыпломныя работы. Тут жа студэнты праходзяць музейную практыку. Таксама ў музеі праводзяцца вучэбна-практычныя заняткі па прадметах «Археалогія Беларусі», «Нумізматыка Беларусі», «Этналогія», «Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі», «Культура старажытнага свету».
Акрамя гэтага, беларускія і замежныя навукоўцы маюць магчымасць выкарыстоўваць матэрыялы музея для сваіх даследаванняў. У першую чаргу, гэта тычыцца найбагацейшай археалагічнай калекцыі.
Акрамя пастаянных экспазіцый, музей праводзіць часовыя выставы, якія адпавядаюць тэматыцы мерапрыемстваў, якія праводзяцца на факультэце. У апошні час былі арганізаваны выставы прысвечаныя вайне 1812 года ў Беларусі, юбілею кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, 125-годдзю першага рэктара БДУ У. І. Пічэты, 70-годдзю гістарычнага факультэта БДУ, 100-годдзю са дня нараджэння Ф. М. Нячая. У 2010 годзе пасля рэканструкцыі быў адкрыты нумізматычны кабінет.
Музей праводзіць экскурсіі па папярэдняй дамоўленасці для арганізаваных груп.
Экспазіцыя складаецца з трох частак: этнаграфічнай, археалагічнай і нумізматычнай. Найбольшую цікавасць у наведвальнікаў заўсёды выклікае нумізматычная калекцыя, якую на працягу многіх гадоў збіраў беларускі гісторык Валянцін Рабцэвіч. Унікальным экспанатам бронзавая падвеска XI—XII стагоддзяў з першымі ўсходнеславянскімі святымі Барысам і Глебам[3].
У калекцыі музея маюцца першыя металічныя вырабы на тэрыторыі Беларусі, якія адносяцца да эпохі бронзавага веку. Мноства упрыгожванняў (напрыклад, каралі). Важнай часткай экспазіцыі з’яўляюцца прадметы XII—XIII стагоддзяў, якія былі знойдзеныя падчас даследавання Вішчынскага замка[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.