From Wikipedia, the free encyclopedia
Моэган, або мохеган (саманазва: Mohegan, літаральна «ваўкі») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 2100 чал.[1]
У XVII ст. моэган насялялі частку сучаснага штата Канектыкут, куды, згодна з паданнямі, прыйшлі з ракі Гудзон. Уваходзілі ў склад канфедэрацыі пеквот. Аднак пасля заснавання Плімуцкай калоніі правадыр моэган Ункас (канец XVI ст. — 1683 гг.) заключыў саюз з англійскімі каланістамі і падтрымаў іх у барацьбе з астатнімі пеквот. Моэган актыўна пераймалі лад жыцця белага насельніцтва, аднак захоўвалі племянную адасобленасць. У нашы дні на тэрыторыі Канектыкута існуе аўтаномная рэзервацыя моэган.
Да прыходу еўрапейцаў моэган займаліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, у меншай ступені — земляробствам. Мелі сталыя ўмацаваныя вёскі. Асноўны від жытла — вігвам. На чале моэган стаяў правадыр сахем, улада якога ў XVII — XVIII стст. фактычна была спадчыннай. У 1769 г. памёр апошні сахем Бен Ункас. Ён перадаў частку сваіх кіруючых паўнамоцтваў місіянеру Джону Мейсану, а той у 1774 г. — адміністрацыі Канектыкута. Гэта, разам з падзеямі вайны за незалежнасць ЗША, прывяло да раз’яднання моэган і міграцыі часткі племені на захад, хуткага заняпаду традыцыйнай культуры.
Адраджэнне культуры моэган пачалося толькі ў канцы XX ст. Моэган актыўна ўдзельнічаюць у індзейскім культурным руху, узнаўленні старажытных цырымоній. Захаваліся многія гістарычныя паданні, казкі і прымаўкі.
Большасць сучасных моэган працуюць у адміністрацыі рэзервацыі, якая валодае сеткай гульнёвых дамоў і дарагіх гасцініц.
Родная мова моэган належыць да алганкінскай групы. Яна фактычна была страчана ў 1908 г., калі памерла яе апошні носьбіт Фідэлія Філдынг. Большасць сучасных моэган размаўляюць на англійскай мове. Аднак у другой палове XX ст. пры падтрымцы амерыканскіх лінгвістаў пачалося адраджэнне гутарковай мовы. Яна вывучаецца ў якасці добраахвотнай дысцыпліны ў навучальных установах рэзервацыі моэган у Канектыкуце.
Старажытная рэлігія моэган была заснавана на анімістычных вераваннях. Першыя спробы хрысціянізацыі адбываліся з XVII ст. Аднак толькі з 1711 г. праводзілася сталая місіянерская праца. У нашы дні большасць вернікаў — пратэстанты. У 1990 г. была заснавана асобная Царква моэган.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.