Мокаш
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мокаш або Макаш — агульнаславянскае боства кіеўскага пантэона, багіня-заступніца жанчын, жаночай долі і жаночых заняткаў, асабліва прадзення. Яе ўшаноўвалі і як багіню шлюбу, родаў, урадлівасці. У беларускай міфалогіі прыйшло з найстаражытнейшага культу Маці-Зямлі [1][2][3][4].
Мокаш | |
---|---|
Міфалогія | беларуская міфалогія |
Сфера ўплыву | багіня-заступніца жанчын, жаночай долі і жаночых заняткаў |
Пол | жанчына |
Муж | Пярун |
Звязаныя паняцці | Маці-Зямля, Параскева Пятніца |
Дзень тыдня | Пятніца |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паводле некаторых меркаванняў, Мокаш атаясняецца з вільгаццю (вадой), цемрай, прадзівам, належнасцю да жаночага. На думку У. М. Тапарова, імя Мокаш лічыцца звязаным з *mok — «вільгаць, мокры, вільготны», а таксама з *mokos — «прадзенне»[1][3].
Акрамя некаторых мікратапонімаў, у пісьмовых і фальклорных крыніцах няма сведчанняў пра ўшанаванне багіні з імем Мокаш на тэрыторыі сучаснай Беларусі, таксама вядомы беларускі дыялектызм Максоніха — «злосная жанчына»[3][4]. Але пра існаванне вераванняў у багіню з такімі функцыямі сведчыць распаўсюджанне культу яе хрысціянскага аналага — Параскевы Пятніцы[1]. На думку Т. Габрусь, адной з першых мураваных цэркваў Вільні ў 1345—1346 гадах быў храм пад тытулам гэтай святой [5]. Паводле Яна Ласіцкага, у канцы XVI ст. праваслаўныя (на думку С. Санько, «беларусы»[3]) вельмі ўшаноўвалі, акрамя Бога і Божай Маці, таксама святога Міколу і Пятніцу. З пісьмовых крыніц XV—XVI стст. вядома, што быў звычай прысягаць імёнамі Бога, Божай Маці і святой Пятніцы[крыніца?]. Дзень Параскевы Пятніцы адзначалі 15 (28) кастрычніка. У яе верхняй іпастасі Мокашы ёй была блізкая палабская Жыва[крыніца?].
Некаторыя навукоўцы лічаць Мокаш жонкай Пяруна. Ёсць міф здрады Грымотніку з ягоным праціўнікам — падземным боствам. У пакаранне Мокаш пазбаўлена боскага і сямейнага статусу, саслана з неба на зямлю, у хтанічныя воды [1][3]. У тапаніміі гэта атаясняецца з урочышчамі «Мокашава балота», «Мокіш»[3][6]. Акрамя таго, у паганскім календары чацвер атаясняўся з днём Пяруна, што найлепш прасочана ў палабскай традыцыі, а пятніца — з яго жонкай Мокашу[3]. Пасля прыняцця хрысціянства ў 988 годзе кіеўскім князем Уладзімірам, ідалы былі знішчаны, паганства і яго абрады забаронены. Роля Мокашы перайшла да Святой Параскевы[крыніца?], якую называлі Параскева Пятніца. Але і пазней жанчыны тайна збіраліся і ўшаноўвалі Мокаш ахвяраваннямі ёй жыта і мёду[1]. Як багіня плоднасці вядома на вышыўках у выглядзе выявы жанчыны з вялікай галавой і паднятымі ўверх рукамі, што сімвалізуе сувязь неба і зямлі[крыніца?].
Мокаш згадваецца ў Аповесці мінулых гадоў, як адзін з ідалаў пастаўленых Уладзімірам у Кіеве. Пра яе паведамлялася таксама ў рукапісе XIV ст. «О требокладении идольском» адзначана пра ўшанаванне жанчынамі Мокаш і пра тое, што існавалі адмысловыя служкі гэтага культу, жрыцы — ідаламольцы: «… и Макошъ и да ище ся не явъ молять, да стаи призываюче идоломольц бабы, то же творят не токмо худши люди, нъ и богатых мужин жены»[1][3][4].
У гаворках Падмаскоўя слова «мокосья» абазначае жанчыну лёгкіх паводзін. У старажытнарускіх тэкстах ушанаванне багіні супастаўлялася з блудам. Са «Слова некоего Христолюбца» вынікае, што Мокаш атаяснялі з сексуальным жыццём: «И Мокошъ чтут и Кылоу; и Малакию иже есть роучьный блоудъ велми почитают, рекуще Буякини». На думку Г. Ільінскага, сувязь Мокаш з сексуальным жыццём «вынікае з яе суседства з малакіяй або рукаблюддзем». У перакладзе з грэцкай мовы слова «малакія» азначае «спешчанасць, расслабленасць, мяккасць»[1][3].
Ёсць меркаванне, што з дзён тыдня Мокашы была прысвечана пятніца[3]. Напярэдадні гэтага дня і ў гэты дзень жанчынам забараняліся пэўныя віды працы (прадзенне, ткацтвам, нават кранаць калаўрот або верацяно, мыццё бялізны), на сексуальнае жыццё[крыніца?]. За парушэнне табу багіня магла цяжка пакараць — знявечыць жанчыну, пакалоць яе верацяном і прымусіць прасці па начах[крыніца?]. У студзені ў ахвяру Пятніцы кідалі кудзелю, выпрадзеную воўну і тканіну[крыніца?]. Паводле падання, з Пятніцай звязвалася практыка родаў у лазні[крыніца?]. Пятніца разглядалася як павітуха.[крыніца?].Нярэдка на абразах Пятніцу малявалі з распушчанымі валасамі[крыніца?]. Выява Пятніцы ў шэрагу выпадкаў змяшчалася на зрубе студні[крыніца?].[1][3]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.